З новым поглядам і новымі праектамі

Медыцына Нумары

Традыцыйна ў пачатку каляндарнага года медыкі збіраюцца на выніковы медыка-санітарны савет. У гэтым годзе сход прайшоў, вобразна кажучы, з новым поглядам. Справаздачны даклад рабіла новы кіраўнік сферы аховы здароўя раёна галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка.

Мультымедыйная справаздача была адметная тым, што дакладчыца часта адыходзіла ад даклада, дзялілася сваімі ўражаннямі, выказвала ўласныя погляды на тыя ці іншыя праблемы, трымала ўвагу кожнага з прысутных, таму што многія патрабаванні кіраўніка адрасоўваліся персаніфікавана.

Асаблівыя акцэнты былі зроблены на  праблемах, якія выплылі па выніках работы ў мінулым годзе. Напрыклад, наш раён заняў лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці па росце туберкулёзу. У сваім каментарыі раённы фтызіятр Марына Санкевіч дала разгорнуты аналіз сітуацыі. Хоць гэтая праблема заўсёды лічылася сацыяльнай, а большая колькасць выпадкаў здаралася з асобамі, якіх адносяць да асацыяльнай катэгорыі, медыкі сур’ёзна заклапочаны тым, як паправіць сітуацыю. У прафілактычную і дыягнастычную работу будуць уключаны ўсе лячэбна-прафілактычная ўстановы раёна. Галоўны ўрач выказала гатоўнасць узяць гэтую работу пад свой асабісты кантроль.

У структуры агульнай смяротнасці па раёне па-ранейшаму на першым месцы смяротнасць ад хвароб сістэмы кровазвароту. На другое месца паднялася статыстыка смяротнасці ад новаўтварэнняў. Гэтаму пытанню таксама была ўдзелена асаблівая ўвага. Размова была скіравана на задачу своечасовага выяўлення анкапаталогіі, што дае магчымасць мець вынікі ў лячэнні гэтых цяжкіх хвароб веку. Сімпатыю ў прысутных выклікала малады ўрач-анколаг Ірына Багдзевіч, якая трымала справаздачу на медсавеце. Малады спецыяліст на працу ў цэнтральнай раённай бальніцы прыступіла ў жніўні летась, пасля заканчэння медыцынскай ВНУ. Адчуваецца яе нераўнадушнасць, жаданне сур’ёзна ўнікнуць у справу, удасканальвацца па гэтай спецыялізацыі. Прыкметная і настаўніцкая падтрымка маладых кадраў кіраўніцтвам райбальніцы. Да слова будзе сказаць, што ў 2014 годзе прыбылі 13 маладых урачоў пасля заканчэння ВНУ і чатыры ўрачы-спецыялісты з іншых рэгіёнаў рэспублікі. З дзесяці ўрачоў, якія пакінулі работу ў цэнтральнай раённай бальніцы ў мінулым годзе, два пайшлі на заслужаны адпачынак, адзін паступіў у аспірантуру, сем змянілі месца жыхарства. У вялікай зале пасяджэнняў падчас медсавета калектыў медыкаў можна бачыць ва ўсёй красе, а таму яскрава відаць: у апошнія гады ён амаладзіўся, што прыемна назіраць.

Зрабіўшы акцэнты на праблемных момантах, дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што калектыў медыкаў у мінулым годзе працаваў стабільна, спаўна спраўляючыся з тымі няпростымі задачамі, якія перад ім пастаўлены. Больш за 40 тысяч жыхароў раёна, у ліку якіх 7600 дзяцей і падлеткаў ва ўзросце да 18 гадоў, у цэнтральнай раённай бальніцы, дзвюх участковых бальніцах, дзесяці ўрачэбных амбулаторыях, чатырнаццаці фельчарска-акушэрскіх пунктах абслугоўваюць 108 урачоў, 372 спецыялісты сярэдняга медыцынскага персаналу і амаль столькі ж – малодшага і іншага персаналу. 76 урачоў маюць кваліфікацыйныя катэгорыі: 10 – вышэйшую, 36 – першую, 30 – другую. Перад медыцынскімі работнікамі галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы паставіла задачы па павышэнні якасці медыцынскага абслугоўвання ў духу патрабаванняў часу.

З трыбуны Святланай Глебка былі агучаны планы на бліжэйшы час. Яны датычаць шырокага развіцця інфармацыйных тэхналогій, што дазволіць мець электронныя карткі хворых і трымаць у памяці камп’ютара іншую медыцынскую інфармацыю. Перад медыцынскімі работнікамі пастаўлена задача авалодвання спецыяльнымі інфармацыйнымі праграмамі. Для далейшага ўкаранення новых методык дыягностыкі і лячэння плануецца выкарыстанне пры астэасінтэзе пераломаў сучасных металаканструкцый, укараненне эндавазальнай лазернай каагуляцыі вен, выкананне грыжасячэння з  выкарыстаннем сеткаватых эксплантантаў, правядзенне скрынінгу на абследаванне насельніцтва на анкамаркёры страўніка, падстраўнікавай залозы і жоўцевага пузыра, гармонарэпрадуктыўнай сістэмы для дыягностыкі бясплоддзя. Будзе праводзіцца работа па пратэзаванні тазасцегнавага і каленных суставаў, далейшае ўкараненне малаінвазіўных аператыўных умяшальніцтваў пры хірургічнай і гінекалагічнай патологіях, ультрагукавое даследаванне сасудаў, у тым ліку і галаўнога мозга. Нямала новаўвядзенняў чакаецца ў стаматалагічным аддзяленні – укараненне дэнтальнай імплантацыі, металакерамічнае пратэзаванне зубоў.

У бліжэйшы час у цэнтральнай раённай бальніцы плануецца адкрыць касметалагічны кабінет. У планах – праходжанне спецыялізацыі хірургам для правядзення пластычных аперацый. Усе гэтыя паслугі запатрабаваны як на бюджэтнай, так і на платнай умове. І гэта дасць магчымасць калектыву медыкаў выконваць даведзеныя планы па пазабюджэтнай дзейнасці, у тым ліку і па экспарце платных паслуг (гэты паказчык у мінулым годзе выкананы толькі на 82 працэнты).

Святлана Глебка звярнулася да залы з разлікам на падтрымку – выкананне такога напружанага перспектыўнага плана чакае ініцыятыўнасці і аддачы сіл кожнага на сваім рабочым месцы.

З грунтоўным справаздачным дакладам па выніках работы за мінулы год выступіў на медсавеце галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Ігар Кунцэвіч. Гэта стане тэмай асобнага артыкула.

А работа медыка-санітарнага савета завяршылася прыемным момантам узнагароджвання працаўнікоў сферы аховы здароўя раёна. У цэнтральнай раённай бальніцы ўмеюць прыгожа праводзіць гэтую цырымонію, што падняло настрой усім прысутным. Могуць тут парадавацца за калег.

Пажадаем медыкам раёна плёну ў выкананні намечанага, што будзе мець дачыненне і да кожнага з нас, таму што інавацыі накіраваны для павышэння якасці медыцынскага абслугоўвання жыхароў нашага раёна.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *