Літаратура

Культура Нумары

ЦІ ЁСЦЬ БУДУЧЫНЯ Ў КНІГІ?

У наш час, час інфармацыйных тэхналогій,  людзі, на жаль, усё часцей і часцей забываюць пра мінулае. Захавальнікам жа мінулага з’яўляецца і кніга. Захавальнікам таямніц і загадак тых часоў, якія прайшлі, пакінуўшы за сабой мудрасць, адрасаваную нашчадкам. Чытаць кнігі цяпер становіцца «не модна», часцей моладзь убачыш за экранам. І людзей, якія атрымліваюць асалоду ад чытання кніг, якія лічаць кнігу сваім сябрам, становіцца ўсё менш. І ў гэтым артыкуле мне хацелася б нагадаць чытачам пра каштоўнасць кнігі, даказаць, што кніга – найвялікшая з твораў чалавека, і адказаць на надзённае пытанне: ці ёсць будучыня ў кнігі?

Некалі кнігі лічыліся раскошай. Толькі вельмі багаты чалавек мог дазволіць сабе набыць кнігу. У наш жа час усё значна прасцей – дзверы бібліятэк адкрыты, запрашаючы ўвайсці і азнаёміцца з кніжнымі паліцамі. Дык чаму ж маладыя людзі грэбуюць кнігамi?

Паразмаўляўшы з равеснікамі, я пачула такія адказы на гэтае пытанне. Хтосьці казаў, што сумна, хтосьці – што няма часу, а некаторыя лічаць, што кніга – непатрэбная і бескарысная рэч. Былі і тыя, хто цікавіцца кнігамі. Такія людзі казалі, што для іх чытанне – цікавае хобі, а кніга – крыніца ведаў.

 Таксама я гутарыла з падлеткамі, якія чытаюць, але не папяровыя выданні, а электронныя, і перакананы, што гэта вельмі зручна: кніга сёння – нятанны набытак, ды і, часам, купіць патрэбную – вялікая праблема. А вось у інтэрнэце усё проста: «запампаваў» любое выданне бясплатна – і атрымлівай асалоду. Я згодна з тым, што гэта – вельмі зручна. Але …

 Хіба могуць планшэты і сотавыя тэлефоны замяніць рэальную кнігу? Для пачатку, давайце паспрабуем параўнаць электронную і друкаваную кнігі.

 Плюсы электроннай кнігі ў тым, што яна не грувасткая, уключае ў сябе мноства выданняў, можа працаваць даволі працяглы час. Жаданыя кнігі могуць адсутнічаць у бібліятэцы, і ў такім выпадку інтэрнэт – адзіны дапаможнік. Але, тым не менш, ад яе стамляюцца вочы. Чытанне кніг у электронным варыянце, на планшэтах, і, што яшчэ горш, на тэлефонах (гэта адзін з распаўсюджаных спосабаў чытання сярод школьнікаў) дрэнна ўплывае на зрок.

 А друкаваная кніга – нібы жывая. Ты адчуваеш яе, жывеш з ёю, так прыемна праводзіць час. Любую упадабаную цытату можна падкрэсліць алоўкам, пакласці закладку на любімыя старонкі. Задавальненне ад чытання такой кнігі – безумоўнае! Брытанскі пісьменнік і публіцыст Томас Карлэйль казаў, што з усіх праяўленняў чалавечай творчасці самае дзіўнае і годнае ўвагі – гэта кнігі. У кнігах жывуць думкі мінулых часоў, вобразна і выразна чуюцца галасы людзей, якія даўно разляцеліся, як сон. Усё, што чалавецтва зрабіла, перадумала, усё, чаго яно дасягнула, – усё гэта захавалася, як бы чараўніцтвам, на старонках кніг. Толькі «жывая» кніга можа даць такія ўражанні, і ніколі электронная тэхніка не зможа падарыць чытачу такіх шчырых і моцных эмоцый.

Каб знайсці адказ на хвалюючыя мяне пытанні, я вырашыла паразмаўляць з людзьмі, якія ведаюць пра кнігі ўсё. Бібліятэкары нашай школы Вольга Пятроўна Гавака і Жанна Фёдараўна Дубовік дапамаглі мне лепш зразумець значэнне кнігі ў сучасным свеце.

– Мы таксама заўважаем, што вучні сталі менш чытаць, аддаюць перавагу электронным кнігам, – пацвярджае Вольга Пятроўна. – Старшакласнікі больш прыходзяць у бібліятэку для таго, каб узяць праграмную літаратуру. Малыя ж вельмі любяць такіх аўтараў як Эдуард Успенскі. Нас радуе, калі вучні бяруць кнігі аб Вялікай Айчыннай вайне. У год 70-годдзя Вялікай Перамогі такая літаратура і павінна быць найбольш запатрабаванай. Калі ж гаварыць у цэлым, то друкаваныя кнігі ў наш час становяцца непапулярнымі. Амаль усе дзеці валодаюць тэлефонамі, камп’ютарамі і інтэрнэтам, на чытанне няма часу. І гэта турбуе мяне. Бо кніга – гэта скарбніца мудрасці. Што можа быць прыемней, чым адчуваць яе пах, дакранацца да далікатных старонак, якія захоўваюць у сабе векавую мудрасць, перажываць разам з героямі самыя розныя жыццёвыя сітуацыі! Няўжо можна забываць пра такіх вялікіх пісьменнікаў як Л. Талстой, В. Гюго, С. Цвейг, М. Твен, Э. М. Рэмарк, А. Дзюма, В. Быкаў, Р. Барадулін? Няўжо можна заставацца абыякавымі да такіх вечных твораў як «Сабор Парыжскай Богамаці», «Тры мушкецёры», «Ганна Карэнiна», «Маладая гвардыя»? Кнігу не любяць толькі тыя, хто ніколі не чытаў. І, нягледзячы на тое, што на сучасны момант яе выцясняе камп’ютар, я ўпэўнена, што дзякуючы людзям, якiя любіць і шануюць кнігу, яна будзе жыць.

І я веру, што ў кнігі ёсць будучыня! Я не ўяўляю сваё жыццё без кніг. У цяжкія моманты кніга дапамагае мне набрацца сіл, у моманты радасці ласкава глядзіць з кніжнай паліцы. Кнігі – нашы сябры! Самыя верныя, самыя мудрыя, самыя неабходныя. Захавальнікі мінулага, спевакі выдатных чалавечых якасцяў і выкрывальнікі заганаў, бессмяротныя спадарожнікі чалавека. А закончыць свой артыкул мне хацелася б выказваннем вядомага беларускага пісьменніка Сцяпана Александровіча: «Праходзілі вякі, адыходзілі ў нябыт пакаленні, знікалі магутныя дзяржавы, а кніга – вялікае цуда, створанае чалавечым розумам, – жыла, хвалявала сэрцы, абуджала думку».

Кацярына ІГНАТОВІЧ

На здымках: бібліятэкар В. П. Гавака і чытачы школьнай бібліятэкі.

Фота Ульяны ТУМІЛОВІЧ

 

НАШ КОЛАС

Менавіта бібліятэкі з’яўляюцца цэнтрамі сустрэч літаратараў і іншых дзеячаў культуры, якія рупяцца пра захаванне спадчыны народнага паэта Беларусі. На гэтую тэму ў нас адбылася гутарка з намеснікам дырэктара цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы раёна, дырэктарам раённай дзіцячай бібліятэкі Наталляй Даўлюд.

– Наталля Мікалаеўна, мы жывём і працуем на зямлі, якая з’яўляецца радзімай Якуба Коласа. Да якой творчай дзейнасці гэта пабуджае бібліятэкі раёна?

– Коласаўская тэма невычэрпная. Мы прыкладваем намаганні, каб нашага славутага земляка Якуба Коласа ведалі і чыталі людзі розных пакаленняў. Сярод мерапрыемстваў, якія праходзяць у бібліятэках раёна, адметнымі сталі коласаўскія ўрокі, літаратурныя вечары, літаратурныя гульні-падарожжы, літаратурныя імяніны, завочныя экскурсіі па Коласавых мясцінах, конкурсы чытальнікаў, дзіцячага малюнка, імправізаваныя кампазіцыі. Сярод бібліятэк аб’яўляюцца агляды-конкурсы на лепшую віктарыну і сцэнарый масавага мерапрыемства па творчасці Якуба Коласа. Аддзелам абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі распрацавана праграма «Спадчына» з падпраграмай «Коласазнаўства», у якой адлюстраваны індывідуальная, выставачная, даведачна-бібліяграфічная, інфармацыйная, масавая работа бібліятэк з чытачамі, выдавецкая дзейнасць. Сабраны архіў публікацый пра Якуба Коласа ў СМІ. Адметныя накірункі работы ў Любкаўшчынскай сельскай бібліятэкі, якая размешчана на зямлі Якуба Коласа. Праведзены конкурс экскурсаводаў па творах «Новая зямля» і «Сымон-музыка», брэйн-рынг па паэме «Новая зямля». Для вучняў малодшых класаў падрыхтаваны інсцэніроўкі па казках Якуба Коласа, вечар гумару «Коласавы смяшынкі», урок-салон «Якуб Колас на жывапісных палотнах».

– У рабоце бібліятэк раёна важнае месца займае літаратурнае краязнаўства. У чым сутнасць гэтай даследчай работы?

– Літаратурнае краязнаўства з’яўляецца часткай усёй краязнаўчай работы, якая вядзецца ў Стаўбцоўскай бібліятэчнай сістэме. Што датычыць захавання біяграфічнай і літаратурнай спадчыны Якуба Колса, то гэта складанне біябібліяграфічнага слоўніка-даведніка «Гонар і слава Стаўбцоўшчыны. Якуб Колас», «Мой край, мае землякі. Якуб Колас», арганізацыя фонду дакументаў, апублікаваных і неапублікаваных, рукапісных выданняў, рэкламна-наглядных буклетаў, афіш, мясцовых выданняў. Мы заўважаем, што кожнае новае пакаленне бачыць класіку Коласа па-новаму, адкрывае новыя грані таленту мастака слова. І гэта выдатна. Асобна хочацца сказаць пра работу аматарскіх літаратурных і краязнаўчых клубаў і аб’яднанняў. Сярод іх асаблівай увагі заслугоўвае работа такіх аб’яднанняў як «Спадчына» Мархачоўшчынскай , «Крынічка» – Велікадворскай, «Бацькаўшчына» – Любкаўшчынскай, «Паэтычны альманах» – Мікалаеўшчынскай, лялечны тэатр – Старасвежанскай бібліятэк. Асноўная задача гэтых гуртоў – знаёмства з творчасцю беларускіх паэтаў і празаікаў, вывучэнне, захаванне і адраджэнне нацыянальнай спадчыны. Цэнтр літаратурнай творчасці створаны на базе клуба аматараў паэзіі «Аўтограф» пры раённай бібліятэцы і ставіць мэтай прапаганду мастацкага слова сярод грамадскасці раёна.

– Наталля Мікалаеўна, асобным радком трэба сказаць пра работу раённай дзіцячай бібліятэкі ў справе прапаганды творчасці Якуба Коласа і іншых беларускіх літаратараў, тым бльш вы з’яўляецеся дырэктарам гэтай бібліятэкі.

– Так, творча, з любоўю да роднай мовы, да коласаўскага слова бібліятэкары імкнуцца данесці да кожнага чытача веліч і значнасць творчай спадчыны Якуба Коласа. Шырока праводзяцца электронныя прэзентацыі і сустрэчы з беларускімі літаратарамі. Гасцямі бібліятэкі былі загадчыца філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Софія Міцкевіч, Валерый Дранчук з прэзентацыяй мастацкага календара «Маляўнічая Бацькаўшчына», Васіль Шаранговіч, Міхась Міцкевіч, Алесь Марціновіч, Мікола Маляўка, Яўген Хвалей, Алесь Рыбак, Алесь Камароўскі, Генрых Далідовіч, Анатоль Вярцінскі, Аксана Спрынчан. Прайшло шмат мастацкіх выстаў. У нас наладжана вельмі цеснае супрацоўніцтва са Стаўбцоўскай дзіцячай школай мастацтваў. Вучні розных аддзяленняў, і ў першую чаргу тэатральнага – пастаянныя ўдзельнікі нашых мерапрыемстваў, так як і вучні СШ №№ 2 і 3 г. Стоўбцы, стаўбцоўскай гімназіі № 1. Школа мастацтваў дапамагае нам у распрацоўцы сцэнарыяў, правядзенні музычных гасцёўняў.  Усе формы работы нашай бібліятэкі служаць мэце далучыць чытачоў – і дарослых, і моладзь, і дзяцей да невычарпальнай каштоўнай творчасці нашага земляка Якуба Коласа.

Падрыхтавала Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *