Узор жаноцкасці

Адукацыя Нумары

Валянціна Сідаровіч пасля заканчэння Старасвержанскай школы ніяк не збіралася працаваць педагогам, хоць магла б падумаць аб працягу настаўніцкай дынастыі. Яе бабуля Вольга Шарупіч аддала сваё жыццё школе на пасадзе настаўніцы пачатковых класаў, а маці – Тамара Кізевіч –  выкладае гісторыю ў Старасвержанскай СШ. Валянціна паспяхова паступіла ў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці, а потым атрымала вышэйшую адукацыю ў Віцебскім інстытуце павышэння кваліфікацыі і падрыхтоўкі кадраў і атрымала спецыяльнасць інжынера-тэхнолага лёгкай прамысловасці. Здавалася б,  прафесіі далёкія ад педагагічнай дзейнасці. Аднак менавіта гэтая кваліфікацыя стала падмуркам для Валянціны Рыгораўны  ў настаўніцкай працы. Лёс павярнуў жыццё Валянціны Сідаровіч так, што яна ніводнага дня не працавала па спецыяльнасці.

Пасля таго як выйшла замуж, Валянціна пайшла працаваць у Дом творчасці дзяцей і моладзі. З яе талентамі і навыкамі можна было прымяніць сябе ў розных гуртках – яна можа шыць, кроіць, вязаць, вышываць, кулінарыць.  З гэтага і пачалася яе педагагічная дзейнасць, якая на сучасны момант прывяла Валянціну Сідаровіч да пэўных вышынь. Напрыклад, у гэтыя дні лютага Валянціна знаходзіцца на зборах у Мінску, дзе рыхтуе каманду Мінскай вобласці да ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. А выкладае ў СШ № 3 г. Стоўбцы абслуговую працу Валянціна Рыгораўна з 2003 года.  З 2005 года, як гэты прадмет стаў алімпіядным, яе вучні пастаянна вяртаюцца з абласной і рэспубліканскай алімпіяд з дыпломамі.  Паліна Лапко ў мінулым годзе атрымала дыплом ІІ ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды і з’яўляецца лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных вучняў і таленавітай моладзі. І ў гэтым годзе Паліна ўзнагароджана лаўрэацкім дыпломам на абласным этапе алімпіяды і рыхтуецца да заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Заданне ўключае тэарэтычны і практычны туры і прэзентацыю дамашняга творчага праекта. Вось вам і прадмет «абслуговае навучанне»! Хіба ж ён другарадны?

–       Я так не думаю, – гаворыць Валянціна Рыгораўна. – Кім бы ні сталі дзяўчаты ў будучым, якую  б яны прафесію ні выбралі, галоўнай сферай для іх усё роўна застанецца сям’я, прызначэнне быць захавальніцай сямейнага ачага. Уменне шыць, вязаць, вышываць, смачна гатаваць – вельмі важныя навыкі. Яшчэ трэба падумаць, што больш важна – авалодаць матэматыкай ці  навукай, якая дапамагае жанчыне адбыцца гаспадыняй, клапатлівай жонкай і маці. Для арганізацыі заняткаў абслуговай працай у нашай школе створаны выдатныя ўмовы, за што можна падзякаваць кіраўніцтву навучальнай установы. У нас ёсць швейныя машыны, а таксама газавыя пліты. Наша школа – адзіная ў райцэнтры, дзе абсталявана кухня з плітамі для кулінарных заняткаў.

Валянціна Сідаровіч працуе толькі з дзяўчатамі. На яе занятках утульна не толькі ад апетытнага паху выпечкі, але і ад яе ўсмешкі, заўсёды добрага настрою, прыветлівага погляду, умення сагрэць сваіх вучаніц любоўю і клопатам. Яна для іх – узор жаноцкасці.

Не лішнім будзе сказаць і аб тым, што на сваёй настаўніцкай пасадзе Валянціна прадоўжыла настаўніцкую дынастыю не толькі свайго роду, але і роду свайго мужа. Поспехам Валянціны Сідаровіч рады і Казімір Казіміравіч Сідаровіч, былы дырэктар Старасвержанскай СШ, былы загадчык аддзела адукацыі райвыканкама, і Галіна Іванаўна Сідаровіч, былая настаўніца англійскай мовы СШ № 3. Яны таксама – яркія асобы ў сферы адукацыі раёна.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *