Шлях у музычны свет

Культура Нумары

59 педагогаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў выконваюць штодзень сваю высакародную місію – далучаюць дзяцей да прыгожага, да свету мастацтва, эстэтычна выхоўваюць маладое пакаленне. Унушальная лічба –  у гэтым навучальным годзе школу мастацтваў наведваюць больш за 600 дзяцей. Яны навучаюцца на самых розных аддзяленнях. Педагогі імкнуцца дапамагчы ім развіць свой талент, не згубіць інтарэсу да вучобы, пераадолець цяжкасці. Вучоба – гэта заўсёды справа нялёгкая. А тым больш для самых маленькіх, хто яшчэ толькі асвойвае школьную грамату, а тут дадаткова – яшчэ трэба і нотную.

У выкладчыка аддзялення духавых інструментаў Рамана Беця 15 вучняў. За невялікім выключэннем усе яны – у першым класе школы мастацтваў і ў другім – у агульнаадукацыйнай школе. Ці трэба гаварыць, колькі душэўнага цяпла, цярпення, без перабольшвання можна сказаць – бацькоўскай любові трэба ім прысвяціць, каб яны вывелі на флейце першыя свае гамы, вывучылі першыя музычныя творы. Ужо ў наступным годзе кожны з вучняў  выбера для сябе духавы інструмент, а на першым часе навучання ўсе яны іграюць на блок-флейце. Цікава пачуць, што ў складзе вучняў Рамана Вітольдавіча на духавым аддзяленні пяць дзяўчынак. Старанныя Маргарыта Клімовіч, Кацярына Кутас, Кацярына Рылко шмат ужо паспелі і могуць даць свой першы канцэрт дома. У ліку такіх жа старанных вучняў Вадзім Босы, Максім Макарэвіч, Аляксандр Прыхожка, якога вы бачыце на здымку, і наогул усе вучні. Яны ж так стараюцца! І гэта пры тым, што іх рабочы дзень напоўнены і іншымі справамі. Школьная ж праграма не такая і простая, калі старацца спасцігнуць яе, як належыць, і атрымаць высокія адзнакі. Таму Раман Вітольдавіч нястрога адносіцца да таго, калі хтосьці пасля заняткаў у школе прыйшоў стомлены, расслабіўся і салодка пазяхае. Можна толькі ўміляцца такімі сцэнамі. І слава цярпенню педагогаў.

Варта сказаць і яшчэ аб адным вучні Рамана Беця. Барытаніст Мацвей Калошыч  прыязджае на заняткі з Дзераўной. Справа ў тым, што Раман Вітольдавіч да гэтага навучальнага года выкладаў па класе духавых інструментаў у Дзераўнянскай дзіцячай школе мастацтваў. У працоўнай біяграфіі Рамана Беця не толькі гады працы ў Дзераўнянскай дзіцячай школе мастацтваў, але і кіраўніцтва на працягу 10 гадоў духавым аркестрам былога калгаса «Хотава» (калектыў атрымаў званне «ўзорны»).

Хіба гэта не знак самаахвярнай працы выкладчыка, які сумеў так перадаць вучням любоў да духавой музыкі, што юныя музыкі пераадольваць нямала кіламетраў, каб прыязджаць цяпер на заняткі у Стаўбцоўскую школу мастацтваў.  Мацвей Калошыч сур’ёзна рыхтуецца да ўдзелу ў абласным адкрытым конкурсе маладых выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах памяці заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь І. С. Янкоўскага. У Мацвея Калошыча ёсць ужо вопыт удзелу ў такіх прадстаўнічых музычных конкурсах. Ён з’яўляецца дыпламантам рэспубліканскага конкурсу на духавых і ўдарных інструментах імя І. Дабравольскага. У мінулым годзе выхаванцы Рамана Беця атрымалі 10 дыпломаў на розных конкурсах і больш за 20 –  у 2013 годзе.

І маленькія вучні выкладчыка зарыентаваны на тое, што кожны з іх будзе асвойваць свой духавы інструмент у наступныя гады навучання з тым разлікам, каб яны маглі стаць удзельнікамі духавога аркестра.

Пажадаем і выкладчыку, і яго вучням плёну, настрою на працу, творчага цікавага жыцця.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *