Ю. М. ГОРЛАЎ: «Адчуваць адказнасць за лёс нашай Стаўбцоўшчыны…»

Нумары Улада. Слова. Справа

image_pdfimage_print

Стаўбцоўшчына… З даўніны яна славілася маляўнічымі краявідамі, квяцістымі духмянымі лугамі, знакамітымі людзьмі. А людзі ў нас сапраўды асаблівыя: ветлівыя, працавітыя, адказныя.

У эканамічным плане наш раён сельскагаспадарчы. І іменна працаўнікам сяла належыць вядучая роля ў дасягненні прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.

Вялікія магчымасці ёсць для развіцця турызму. У нас шмат унікальных куточкаў прыроды, дзе можна адпачыць на берагах рэк і азёр.

Умацоўваем дружалюбныя сувязі з замежнымі краінамі: падпісаны дамовы аб супрацоўніцтве з Яроцынскім паветам Польшчы, Азёрскім раёнам Маскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі, захоўваем даўнія адносіны з Жашкаўскім раёнам Украіны.

Сёння, з нагоды 75-годдзя ўтварэння раёна і Свята працы, Стаўбцоўшчына прымае вялікую колькасць гасцей. 75 гадоў – гэта мяжа, калі падводзяцца вынікі і вызначаюцца планы на будучае. Як вядзецца пры сустрэчы гасцей, першае слова гаспадару раёна, старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрыю Мікалаевічу Горлаву.

– Дарагія працаўнікі Стаўбцоўшчыны, ветэраны працы! Паважаныя госці!

У гэты святочны дзень рады сустракаць вас на нашай гасціннай зямлі, на зямлі з глыбокім гістарычным мінулым, з дастойнымі павагі звычаямі і традыцыямі, на зямлі, авеянай мужнасцю і подзвігамі нашых бацькоў і дзядоў.

Сёння мы адзначаем 75-годдзе ўтварэння нашага раёна. Гэтая дата стала цудоўнай нагодай азірнуцца назад, на пройдзены шлях.

За сваю гісторыю тэрыторыя раёна належала і Рэчы Паспалітай, і Расійскай імперыі,  была і цэнтрам Навагрудскай гміны Польшчы.

Спрыяльнае геаграфічнае становішча на скрыжаванні важнейшых аўтамабільных і чыгуначных шляхоў, а ў свой час і суднаходных – важны пункт у развіцці рэгіёна, а яго эканамічным цэнтрам заўсёды з’яўляўся горад Стоўбцы, які яшчэ ў пачатку ХVІІІ стагоддзя атрымаў Магдэбургскае права.

Але галоўным багаццем Стаўбцоўшчыны заўсёды былі і застаюцца людзі. Слаўная Стаўбцоўская зямля ўзрасціла шмат талентаў – гонар Беларусі. Тут нарадзіліся народны паэт Беларусі Якуб Колас, маці народнага паэта Янкі Купалы, бацькі героя Грамадзянскай вайны Мікалая Шчорса, рэвалюцыянер Фелікс Дзяржынскі, пісьменнік, публіцыст, акадэмік Акадэміі навук БССР Язэп Лёсік. Тут жылі ўсім вядомыя Уладзіслаў Сыракомля, Адам Плуг, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Кандрат Крапіва, а таксама Авянір Кансценчык – камандзір першага ў свеце самалёта-бамбардзіроўшчыка.

Стаўбцоўскі раён прайшоў доўгі і няпросты гістарычны шлях, на якім многія з вас жылі, працавалі, вучыліся, набывалі вопыт.

Пражытыя дзесяцігоддзі былі перыядам станаўлення і ўмацавання эканомікі раёна, развіцця сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, культуры, адукацыі, аховы здароўя.

75 гадоў – дата, якая застаўляе задумацца не столькі аб хуткаплыннасці, колькі аб каштоўнасці жыцця чалавека, аб яго ролі ў развіцці роднага краю. А Стаўбцоўшчына – гэта край умелых і працавітых людзей, край стваральнай працы і творчасці.

Аглядваючыся назад, мы бачым водбліскі партызанскіх кастроў, пераможныя працоўныя здзяйсненні ў пасляваенныя гады, цвёрдыя крокі мірных працоўных будняў.

Дзякуючы імкненню жыхароў жыць дастойна, раён заўсёды дынамічна развіваўся, за выключэннем перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

У гэтым годзе мы адзначаем 70-годдзе Вялікай Перамогі.

У гады вайны ад рук акупантаў у нашым раёне загінулі 4594 мірныя жыхары, спалена 28 вёсак. Масаваму знішчэнню падвергліся 3000 мірных жыхароў горада Стоўбцы яўрэйскай нацыянальнасці.

Сёння ў нашым раёне пражываюць 76 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якім мы ўдзячны за Перамогу.

Мы таксама памятаем і пра тых, хто не вярнуўся з вайны ў Афганістане. 26 гадоў, якія прайшлі з дня вываду савецкіх войск, не вылечылі боль ад страт, не паслабілі памяць пра тых, хто чэсна і самааддана выконваў свой абавязак. Восем маладых, прыгожых, моцных хлопцаў, якія пайшлі на службу з нашага раёна, так і не вярнуліся з той страшнай вайны.

92 воіны-інтэрнацыяналісты, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях у Рэспубліцы Афганістан, маюць узнагароды Урада.

Мы нізка кланяемся і аддаём даніну павагі тым, хто гераічна прайшоў баявымі дарогамі, хто дастойна змагаўся на франтах усіх войнаў, адстойваючы свабоду і незалежнасць Радзімы.

А наша задача сёння – захаваць і данесці да маладога пакалення памяць аб гераізме, чалавечай адвазе і любові да Радзімы тых, хто назаўсёды застаўся на полі бою, і паклапаціцца пра тых, хто дажыў да нашых дзён. Захоўваць культурныя каштоўнасці пагаднення, міру, добразычлівасці – першачарговая задача кожнага стаўбчаніна. Тым самым мы пацвердзім назву «Горад міру», прысвоеную Стоўбцам у чэрвені 2001 года рашэннем Міжнароднага Камітэта Сцяга Міру (Міжнародны Камітэт Шры Чынмоя).

У аснове мінулых і цяперашніх поспехаў Стаўбцоўшчыны ляжыць добрасумленная праца некалькіх пакаленняў людзей, якія аддалі свае вопыт, веды і талент у імя працвітання роднага краю.

Аб подзвігах мірнага пасляваеннага часу гавораць імёны чатырох Герояў Сацыялістычнай Працы: Зінаіды Пятроўны Ярашэвіч, Ганны Сямёнаўны Шчэцька, Рамана Леапольдавіча Ваньковіча, Аніссі Фамінічны Гецман.

Стаўбцоўшчына ўзрасціла каля сарака заслужаных работнікаў у сферы сельскай гаспадаркі, адукацыі, культуры, спорту, энергетыкі, прававой сістэмы і аховы здароўя, больш за 45 кандыдатаў навук і 540 ардэнаносцаў. У ліку іх неаднаразовы ардэнаносец – не толькі таленавіты і граматны кіраўнік, але і маральны, духоўны чалавек – Вольга Аляксееўна Луцык. Сёння Стаўбцоўшчына ганарыцца людзьмі, якія сваёй працай унеслі вялікі ўклад у развіццё нашага раёна. Дзякуючы іх прафесіяналізму, мудрасці, арганізатарскім і кіраўніцкім здольнасцям, чэснай і добрасумленнай працы ўпісаны дастойныя старонкі ў гісторыю развіцця рэгіёна.

Словы падзякі за развіццё нашага раёна мы адрасуем першым сакратарам раённага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі: І. В. Ліхачу, А. І. Цішкевічу, М. І. Роўду, М. І. Русаму, І. І. Магеру, а таксама ўсім старшыням райвыканкама, якія ў свой час кіравалі раёнам, кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Пры падтрымцы членаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь М. М. Іванчанкі і С. Р. Сарока адміністрацыяй раёна намечана канцэпцыя сэрвіснага кластара, якая ўвязвае выгаднае геаграфічнае становішча раёна з развіццём розных інфраструктур: дарожнай і гасцінічнай сеткі, сэрвіснага бізнесу, турызму. Рэалізацыя праектаў, распрацаваных на яе аснове, дае магчымасць задаволіць патрэбы жыхароў і гасцей нашага раёна ў асартыменце і якасці паслуг.

Сёння мы ўсе разам віншуем лепшых працаўнікоў і цэлыя працоўныя калектывы нашага рэгіёна. Адрасуем словы падзякі і віншаванняў усім, хто вызначыў сённяшні поспех. Бо дасягнуць прафесійнага поспеху і высокіх вынікаў можна толькі ў камандзе.

Вашай працай і добрасумленнымі адносінамі да справы будуецца жыллё, выпускаецца якасная сельскагаспадарчая і прамысловая прадукцыя, абнаўляецца база ўстаноў і ўдасканальваецца сістэма адукацыі, культуры, аховы здароўя, фізкультуры і спорту, сферы гандлю і паслуг.

Сёння стабільна працуюць над выкананнем асноўных задач сацыяльна-эканамічнага развіцця калектывы філіялаў Мінскага маторнага завода і Гарадзейскага цукровага камбіната, Навасвержанскага лесазавода, мясакамбіната, калектывы сельгасарганізацый. Дзякуючы такім арганізацыям у 2014 годзе ў раёне выпушчана прамысловай прадукцыі на суму больш за 235 млрд руб. Аб’ём прамысловай вытворчасці склаў 111% да ўзроўню 2013 года. Атрымана станоўчае сальда ў знешнім гандлі. Пры гэтым ёсць задзел для перспектыўнага развіцця. У філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы хутка распачне работу новы завод па вытворчасці высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця. А 80% прадукцыі Навасвержанскага лесазавода адгружаецца на экспарт.

У адпаведнасці з Праграмай развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх пасяленняў завершаны два інвестпраекты: будаўніцтва новага цэха халадзільнага абсталявання ў СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн» і стварэнне турыстычнай інфраструктуры пры агратурыстычным комплексе гісторыка-культурнай накіраванасці «Панскі маёнтак» у вёсцы Сула.

У сферы прадпрымальніцтва актыўных і талковых пазіцый прытрымліваюцца шмат прадпрыемстваў. На даны момант у раёне зарэгістравана 705 юрыдычных асоб і 942 індывідуальныя прадпрымальнікі. Удзельная вага плацяжоў у бюджэт ад іх склала ў 2014 годзе 36%.

Мінулы год быў няпростым для працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Не ўдалося ў поўнай меры дасягнуць запланаванага. Па выніках 2014 года выручка ад рэалізацыі прадукцыі па сельгасарганізацыях склала 650 млрд руб. Рэнтабельнасць продажу склала 3,5%. Сабрана 85 тысяч тон збожжавых культур пры сярэдняй ураджайнасці 33,7 ц/га. Надоена 77 тысяч тон малака пры сярэдняй прадукцыйнасці дойнага статка 4981 кг і таварнасці 90 працэнтных пунктаў. У раёне ёсць многа нявыкарыстаных рэзерваў для дасягнення больш высокіх вынікаў. Каб заняць дастойную нішу ў аграпрамысловай сферы Мінскай вобласці, у бліжэйшай перспектыве нам яшчэ вельмі многа патрэбна зрабіць, асабліва ў будаўніцтве і рэканструкцыі сельскагаспадарчых аб’ектаў, іх тэхнічнага пераабсталявання, стварэння якаснай кармавой базы і, безумоўна, культуры вядзення галіны.

Патрэбна адзначыць работу нашых будаўнічых і дарожных арганізацый. Многіх у гэтым годзе парадавалі адрамантаваныя дарогі і асветленыя вуліцы. Дзясяткі сем’яў атрымалі новыя кватэры. Уведзены ў эксплуатацыю ЖБВК «Стоўбцы-4» па вуліцы Міру, 24-кватэрны дом для сацыяльных патрэб па вуліцы Ленінскай, першы дом сямейнага тыпу па вуліцы Бярозавай. Пры падтрымцы дзяржавы пабудавана сем дамоў для работнікаў сельгасарганізацый.

Значнай падзеяй для нашага раёна стала здача ў эксплуатацыю ў снежні мінулага года першай чаргі фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Але і тут паслабляцца нельга, у лістападзе гэты аб’ект павінен быць уведзены ў эксплуатацыю поўнасцю.

У цэлым, на рэалізацыю сацыяльных праграм было накіравана 55% агульных расходаў бюджэту раёна.

Гаспадарчым спосабам праведзена рэканструкцыя шмат якіх сацыяльна значных аб’ектаў. Сярод іх 18 устаноў адукацыі, тры ўстановы культуры, ЦРБ. Прыведзены ў парадак Любкаўшчынскі, Вішнявецкі, Рубяжэвіцкі дамы культуры. Пачата паэтапнае комплекснае добраўпарадкаванне сельскіх населеных пунктаў раёна.

2014 год быў багатым на поспехі для вучнёўскай моладзі. Больш за 500 дзяцей, навучэнцы ўстаноў адукацыі і культуры, сталі пераможцамі міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных алімпіяд, фестываляў і конкурсаў. Сярод якіх асаблівы гонар стаўбчан – вучні СШ № 3 г. Стоўбцы – Уладзіслаў Сазановіч і Мікіта Сазановіч, якія за перамогу ў Міжнароднай алімпіядзе школьнікаў па інфарматыцы і праграмаванні ўдастоены прэміі лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Заахвочвальная прэмія з уручэннем пасведчання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі прысуджана ўзорнаму духавому аркестру «Васількі» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, лаўрэату 18-га Міжнароднага фестывалю духавых аркестраў.

Матэрыяльная дапамога фонду аказана лаўрэату Першага міжнароднага конкурсу юных музыкантаў «Палескі агеньчык» Ганне Абрамовіч. Ганаровае званне «ўзорны» прысвоена тэатру «Волшебники» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. І такіх талентаў на Стаўбцоўскай зямлі нямала!

Паважаныя калегі!

Рост эканомікі для раёна важны сам па сабе. Ён з’яўляецца галоўным інструментам у правядзенні сацыяльнай палітыкі, накіраванай на паляпшэнне якасці жыцця людзей.

Наш раён непаўторны сваёй гісторыяй і цудоўнымі людзьмі, атмасферай цеплыні і ўтульнасці. Але ён павінен стаць яшчэ больш прыцягальным і камфортным для жыцця.

Пры падтрымцы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта сёння прапрацоўваюцца пытанні аб прыцягненні ў Стаўбцоўскі рэгіён буйных інвестараў з мэтай стварэння новых сучасных прадпрыемстваў. Адміністрацыяй раёна ўжо прыняты комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні інфраструктуры самога горада, па стварэнні камфортнай для нашых жыхароў гандлёвай сеткі, паляпшэнні якасці абслугоўвання ва ўстановах аховы здароўя і іншых сфер сацыяльнай накіраванасці. Вельмі многа нам патрэбна зрабіць разам. Імідж краю – гэта ўсе мы, нашы справы і наша жаданне рабіць карыснае і патрэбнае. А свята раёна – гэта яшчэ адна прычына ўгледзецца ў родныя мясціны, задумацца аб тым, што значнае і добрае можна зрабіць для сваёй малой радзімы.

Справа нашай чэсці і абавязку – упісаць новыя яркія старонкі ў гісторыю нашай двойчы ардэнаноснай Міншчыны, у гісторыю Беларускай зямлі. І мы з упэўненасцю глядзім у будучыню, бо перакананы ў тым, што пераадолеем любыя цяжкасці, прынясём пазітыўныя перамены і будзем прытрымлівацца стабільнага курсу і дастойнага развіцця Стаўбцоўскага рэгіёна.

Сённяшняя юбілейная дата поўніцца новымі падзеямі, фактамі і справамі. А гісторыя прадаўжаецца, і хочацца пажадаць, каб у раёна наперадзе было яшчэ шмат добрых і прыгожых юбілеяў. А гэта магчыма толькі пры ўмове, што кожны з нас будзе адчуваць асабістую адказнасць за лёс сваёй малой радзімы.

Дазвольце пажадаць усім жыхарам Стаўбцоўшчыны моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, міру, кахання і дабра!

Са святам, шаноўныя сябры!

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *