Важкія набыткі велікадворцаў

Нумары Сельская гаспадарка

ААТ «Вялікі Двор» – равеснік раёна. Гэтая гаспадарка арганізавалася першай і ўжо не адно дзесяцігоддзе знаходзіцца ў ліку  мацнейшых у эканамічным плане.  Амаль сорак тры гады кіруе таварыствам заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Вольга Луцык (на здымку). Згуртаваны ёю калектыў  і сёння падтрымлівае марку лідара. Прыбытак ад вытворчасці раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыі летась склаў 11 мільярдаў 199 мільёнаў рублёў. Рэнтабельнасць – 23,4 працэнта.

 Па выніках работы за мінулы год адкрытае акцыянернае таварыства занесена на раённую Дошку гонару. І гэта цалкам заслужаная ўзнагарода. З году ў год на вышыні ў гаспадарцы раслінаводчая галіна, працаўнікі палёў атрымліваюць самыя высокія ўраджаі практычна ўсіх сельскагаспадарчых культур. Дасягаецца ўсё гэта дзякуючы добрасумленнай працы людзей, укараненню новых сучасных тэхналогій. Летась з кожнага гектара атрымана 58,5 цэнтнера збожжа, што ў пераліку на бала-гектар склала 146 кілаграмаў. Цукровых буракоў накапана  533 цэнтнеры з гектара.

Відавочны  плён старання і ў жывёлагадоўлі. Малочны цэх спрацаваў з прыбаўкай, што дазволіла не страціць заваяваных пазіцый. Атрымана ў сярэднім ад кожнай каровы 7630 кілаграмаў малака. Рэнтабельнасць  большая за 60 працэнтаў. У пераможцах сярод фермаў калектыў МТФ «Вялікі Двор», узначальвае які Андрэй Мяшок, добры спецыяліст. Андрэй Мікалаевіч на пасадзе дзесяць гадоў, чатыры з якіх на новай ферме. Жывёлаводы перасягнулі  васьмітысячны рубеж па надоях. Добрасумленна працуюць аператары машыннага даення Людміла Марзалюк, Наталля Хмель, Наталля Мяшок і Алена Швагерус. Шчыра рупіцца на раздойванні пяршачак сямейная пара  – Таццяна і Ігар  Ціменкі. 

І ў мясных справах плён – забяспечана выкананне планавых паказчыкаў. Прададзена за год 1199 тон мяса ў жывой вазе, прычым ялавічына ў таварыстве прыбытковая. Асаблівай стараннасцю вылучаецца аператар па вырошчванні рамонтных цялушак Валерый Жылка, які мае немалы вопыт работы і з году ў год выходзіць перадавіком сярод сваіх калег.

Ствараюцца належныя ўмовы для высокапрадукцыйнай работы, ёсць і аддача. Гаспадарка ў  ліку першых у раёне пабудавала новыя памяшканні пад беспрывязное ўтрыманне жывёлы з даільнай залай і цэхам сухастою з радзільным аддзяленнем. І сёння тут працягваецца ўзвядзенне жывёлагадоўчых памяшканняў, у прыватнасці, ідзе мантаж двух «клюшачнікаў» для ўтрымання цялушак. Будуюцца і сянажна-сіласныя траншэі. Адным словам, велікадворцам ёсць што паказаць і аб чым расказаць. І дэлегацыі па абмене вопытам сюды прыязджаюць часцей, чым у  іншыя гаспадаркі. Цеснае супрацоўніцтва ў спецыялістаў і з навукоўцамі.  

Зразумела, у любой справе галоўная роля належыць чалавеку. І вынікі,  дасягнутыя таварыствам, сведчаць аб тым, што пераважная большасць работнікаў працуюць з поўнай аддачай. За шчырую працу кожны атрымлівае дастойную заработную плату, сярэднямесячная летась склала ў межах васьмі мільёнаў рублёў.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *