Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

ААТ «ЖАЦЕРАВА». ШЧЫРАЯ І СПРАВЯДЛІВАЯ

Звыш дзесяці гадоў займае пасаду галоўнага заатэхніка ў ААТ «Жацерава» Ларыса Дзясятнік. Ларыса Аляксандраўна скончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут і ўвесь час працуе па спецыяльнасці. Яна вопытны спецыяліст і добра ведае сваю справу.  Укараняюцца ў гаспадарцы новыя прагрэсіўныя тэхналогіі вытворчасці малака, якія патрабуюць дадатковых ведаў, але ў Ларысы Аляксандраўны няма ў гэтым плане праблем, бо выдатна валодае ўсім працэсам. Жывёлагадоўчая галіна адна з самых нялёгкіх у сельскагаспадарчай вытворчасці, і галоўнаму спецыялісту шмат прыходзіцца працаваць. Ларысу Аляксандраўну ў кабінеце практычна не застаць, яна цэлымі днямі прападае на фермах, кантралюе вытворчыя працэсы. Сама за рулём службовай машыны аб’язджае аб’екты. Пастаянна клапоціцца і аб навядзенні парадку.  І вынікі работы жывёлаводаў відавочныя: перасягнуты шасцітысячны рубеж па надоях малака ад каровы. Па гэтым паказчыку таварыства на пятым радку ў рэйтынгу сярод гаспадарак раёна, а па сярэднясутачных прыбаўленнях буйной рагатай жывёлы – на другім.

Ларыса Дзясятнік як спецыяліст – патрабавальная,  падтрымлівае дысцыпліну, як чалавек – камунікабельная, простая і шчырая, па характары – справядлівая. І ў папярэднія гады яе неаднойчы адзначалі ў раёне, выходзіла таксама пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва сярод галоўных заатэхнікаў.

ААТ «КАГАНЕЦ». АБУМОВІЛІ АГУЛЬНЫ ПОСПЕХ

ААТ «Каганец» у перадавіках у раёне па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. І тэмпы ў даным накірунку тут паступова нарошчваюцца. Варта згадаць, што і ў раслінаводчай галіне плён – упершыню з кожнага гектара хлебаробы летась атрымалі 37,8 цэнтнера з гектара і намалацілі звыш пяці тысяч тон збожжа. Калектыў выйшаў пераможцам у спаборніцтве на веснавых палявых работах. І вось чарговая перамога – два прызавыя месцы ў вытворчасці малака і мяса. Дырэктар таварыства Пётр Малахаў прызнаны адным з лепшых кіраўнікоў сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Рост  валавой вытворчасці малака склаў за мінулы год 112,5 працэнта, а мяса – 118,5 працэнта. У сярэднім ад кожнай каровы надоена  5825 кілаграмаў малака, плюс 362 кілаграмы да леташняга. З гэтай гаспадаркі звыш 85 працэнтаў ад агульнай колькасці рэалізаванага малака залічваецца гатункам «экстра». Шчыра працуюць жывёлаводы. Самага высокага выніку за мінулы год дабілася  Валянціна Калкоўская з МТФ «Зарэчча», якая ўшчыльную наблізілася да сямітысячнага рубяжу. І  малочных справаў спецыялісты пастараліся. Чарговы раз заахвочаны галоўны ветурач Валерый Матуліс, які выходзіў раней  пераможцам і ў рэспубліканскім спаборніцтве. Працуе ён на гэтай пасадзе звыш пятнаццаці гадоў. Участак работы ў Валерыя Аляксандравіча даволі вялікі, але ён спраўляецца са сваімі абавязкамі  выдатна. Добра ведае сваю справу галоўны заатэхнік Вера Конюх. Вера Аляксандраўна ўпершыню прыме ўдзел у свяце працы. А вось тэхнік-асемянатар Галіна Канатка – прызнаны майстар сваёй справы, неаднойчы станавілася лепшай сярод спецыялістаў сваёй прафесіі ў рэспубліцы, вобласці і раёне. Перамагала ў конкурсах розных узроўняў. Вопыту Галіне Іванаўне не займаць, працуе яна  звыш трыццаці гадоў і за сваю шчырую працу сёлета прадстаўлена да ўрадавай узнагароды.

Сярод калектываў фермаў па адкорме буйной рагатай жывёлы вылучаецца ферма «Засулле» (брыгадзір Таццяна Тарасевіч). І малочныя справы тут ладзяцца, і мясныя. Маладняк буйной рагатай жывёлы даглядаюць муж і жонка Саракачы. Сямейная пара заўжды ў перадавіках. Дзмітрый Міхайлавіч вырошчвае цялят звыш шасцімесячнага ўзросту, а Ірына Пятроўна маленькіх, якіх затым перадае ў старэйшую групу. Працуюць муж і жонка поруч і дапамагаюць адно аднаму. Добрасумленныя адносіны да работы дазваляюць жывёлаводам дабівацца высокіх паказчыкаў.

 

ТАА «СЖК «НАЛІБАКІ». ТРЫМАЮЦЬ МАРКУ

Трэці год запар калектыў жывёлаводаў ТАА «СЖК «Налібакі» становіцца пераможцам   раённага спаборніцтва па вытворчасці малака. Дырэктар таварыства Віталій Кушнер задаволены прызнаннем заслуг яго падначаленых. На малочнатаварных фермах таварыства надоена ў сярэднім ад кожнай  каровы  7988 кілаграмаў малака, што больш, чым летась. Другое месца сярод малочнатаварных фермаў за МТФ «Целяхі» – адпаведны паказчык па надоях 7907 кілаграмаў, прыбаўка да мінулагодняга выніку склала 478 кілаграмаў. Кіруе калектывам малады брыгадзір Павел Юргель.

Дабіцца высокага выніку жывёлаводам дазволіла належнае і збалансаванае кармленне дойнага статка. Паўплывала і праведзеная рэканструкцыя пад сучасныя тэхналогіі з устаноўкай малочнага абсталявання «манарэльс». Немалая заслуга ў павелічэнні надояў належыць тэхніку-асемянатару Святлане Даргевіч, якая старанна працуе і мае неблагі выхад цялят. Шчыра працуюць аператары машыннага даення Алеся Дубіцкая, Ірына Шыманец, Ганна Бычкевіч. Варта адзначыць і маладых жывёлаводаў Юлію Ліпніцкую і Ганну Грышан. У перадавіках на ферме Галіна Чыжэўская, якая атрымала ў сярэднім ад каровы  8285 кілаграмаў малака і прыбавіла амаль паўтоны. Гэта другое месца ў гаспадарцы. А першае за Аленай Вялічка з МТФ «Цэнтр». Алена Уладзіміраўна шчыруе ў жывёлагадоўлі звыш дваццаці гадоў. Жанчына ўжо на пенсіі, але працягвае працаваць і паказвае прыклад маладым. Сёння яна прымае ўдзел у раённым Свяце працы. 

У мясных справах таксама плён. Другое месца заняць не менш ганарова, чым першае. На вытворчых плошчах былой свінафермы, якая займела назву «Налібакі», пасля праведзенай рэканструкцыі ўтрымліваецца цяпер пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Жывёлаводы Данута Дошчачка, Яніна Макась, Ядвіга Дошчачка і Станіслава Недзень працуюць на дарошчванні цялят. За мінулы год сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе  іх  гадаванцаў  склалі 861 грам, дасягнута  і 79 тон прываг. Вызначыліся і цялятніцы з «Целяхоў» – Святлана Акуліч і Ніна Гатоўчык, якія маюць адпаведна вынік 835 грамаў і 45 тон.

У таварыстве падабралася моцная каманда спецыялістаў. Звыш дваццаці гадоў курыруе жывёлагадоўчую галіну галоўны заатэхнік Уладзімір Чарняўскі. Старанна працуе  галоўны ветурач Вячаслаў Вільнявец.

 

ПДСУП «ПРОФІ-АГРАЦЭНТР». СТАРАЕЦЦА КАЛЕКТЫЎ – ПАШАНА І ДЫРЭКТАРУ

Два першыя месцы калектыву жывёлаводаў у раённым спаборніцтве па вытворчасці малака і мяса ў другой групе і сем прызавых  намінацый  – такі «ўраджай» узнагарод сабралі сёлета жывёлаводы ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». І вынік гэты заканамерны. Мінулы год для  прадпрыемства быў удачным ва ўсіх адносінах. Ураджайнасць збожжавых атрымалі неблагую, своечасова ўбралі вырашчанае. Трэба дадаць, што аснашчаны  машынна-трактарны парк тут самымі сучаснымі імпартнымі трактарамі і сельгасмашынамі.

У жывёлагадоўлі за апошнія гады ажыццёўлены прарыў. За мінулы год работнікі малочнага цэха прыватнага прадпрыемства надаілі ў сярэднім ад кожнай каровы  6446 кілаграмаў малака і спрацавалі з самым высокім плюсам, прыбавілі 708 кілаграмаў. У гэтым немалая заслуга намесніка дырэктара па жывёлагадоўлі Уладзіміра Жукава. Адзначаны і самы руплівы калектыў, які працуе на рабатызаванай МТФ «Ячнае», працаўнікі якога перасягнулі рубеж у 6500 кілаграмаў. Усё малако, што пастаўляецца адсюль перапрацоўшчыкам,  залічваецца толькі гатункам «экстра».

У спісе лепшых  аператар машыннага даення Алена Кожыч з МТФ «Заямнае». Работу сваю жанчына заўжды выконвае надзейна і сумленна. Яна надаіла звыш васьмі тысяч кілаграмаў малака ад кожнай каровы. У даяркі захаванасць цялят амаль стопрацэнтная.  Аператар па вырошчванні рамонтных цялушак Тамара Ігнацьева працуе на МТФ «Яблынаўка». Стараннасць дазваляе ёй дабівацца высокіх паказчыкаў.

Софія Апановіч усё сваё працоўнае жыццё рупіцца брыгадзірам на МТФ «Слабада». І заатэхнік-селекцыянер Валянціна Цыуля з кагорты ветэранаў. А вось тэхнік-асемянатар Кацярына Кухарчык – прадстаўніца маладога пакалення, але ўжо здолела зарэкамендаваць сябе з самага лепшага боку. 

Спрацаваў калектыў на ўзроўні, пашана і дырэктару – Сяргей Савіцкі ў ліку лепшых кіраўнікоў.

***

З кожным годам усё больш новых тэхналогій прыходзіць на жывёлагадоўчыя фермы Стаўбцоўшчыны. Калі нейкі дзясятак гадоў упамінанне пра даільных робатаў вызывала скептычны недавер, то зараз на ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» і ў ААТ «Каганец» гэта рэальнасць. За вопытам па ўкараненні такіх навінак абсталявання, як на фермах у ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і  «Вялікі Двор», прыязджаюць нават жывёлаводы з іншых раёнаў.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *