З наватарствам – на беларускі рынак

Нумары Прамысловасць

ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» у апошнія гады звярнуў на сябе ўвагу наватарскай дзейнасцю.

Новай ідэі паслужыў зварот лесавода-практыка, цяпер дырэктара Навасвержанскага лесазавода Васіля Дзейчыка да кіраўніка райаграсэрвіса з просьбай стварыць падборшчык парубачных рэшткаў. Сяргей Мельнік, які да назначэння яго некалькі месяцаў назад дырэктарам ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» працаваў тут галоўным інжынерам, ужо ўдзельнічаў у распрацоўцы рацыяналізатарскіх наватарстваў і мае да гэтага вялікую цікавасць. Напрыклад, раней быў выраблены трамбоўшчык сіласна-сянажнай масы, які дэманстраваўся кіраўнікам Мінскай вобласці на выязным пасяджэнні Мінаблвыканкама.

Сяргей Мікалаевіч «загарэўся» папрацаваць над новай прапановай для прадпрыемстваў лясной галіны. У яго ёсць добрыя памочнікі ў справе рацыяналізатарскіх распрацовак: два Аляксандры Сцяпанавічы – Пахадня, начальнік вытворчасці, і Панасюк – інжынер-тэхнолаг. Яны вывучылі такія агрэгаты імпартнай вытворчасці і стварылі свой. Улічылі пры гэтым прапановы лесаводаў. Зубчаты падборшчык па кошце выйшаў у два разы таннейшым за імпартны.

Эксперыментальная мадэль ужо амаль год працуе на лесасеках Навасвержанскага лесазавода.

– Пасля харвестарнай нарыхтоўкі, – расказвае Васіль Дзейчык, – ёсць неабходнасць стараннай ачысткі лесасек для далейшага вырошчвання лясных культур. Мы выпрабавалі агрэгат, створаны па нашай просьбе райаграсэрвісам. Працуе падборшчык выдатна, па тэхнічных характарыстыках ён атрымаўся лепшы за польскі аналаг. Мы закрываем усе свае вытворчыя пытанні па ачыстцы лесасечнага фонду.

Пасля таго, як эксперыментальная мадэль дастойна вытрымала выпрабаванне, зубчаты падборшчык заказаў Стаўбцоўскі доследны лясгас і паспяхова карыстаецца. Звярнуўся Клецкі лясгас — вырабілі і ім. Два тыдні назад падборшчык адправілі Уздзенскаму лясгасу. Ёсць цяпер заказ ад Вілейскага лясгаса.

– Лясгасы, якія карыстаюцца нашым падборшчыкам, – гаворыць Сяргей Мельнік, – даюць высокую ацэнку агрэгату. Навясное прыстасаванне з рабочай шырынёй захопу 2,7 метра пяццю металічнымі зубамі старанна ачышчае дзялянкі, пераадольваючы перашкоды ў выглядзе пнёў да пяці сантыметраў, не закранаючы зямельны пакроў. За змену яно можа расчысціць да трох гектараў лесасек. Нашы рамонтна-механічныя майстэрні цалкам асвоілі выпуск гэтага вельмі патрэбнага для лясной галіны агрэгата. Майстрам патрэбен тыдзень, каб выканаць заказ. Магутнасці майстэрні з яе працоўнымі рэсурсамі дазваляюць вырабляць да 100 агрэгатаў у год. Прапановы разасланы ўжо ва ўсе лясгасы Мінскай і Гродзенскай абласцей.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

НА ЗДЫМКУ: за рацыяналізатарскай распрацоўкай інжынер-тэхнолаг Аляксандр Панасюк, дырэктар райаграсэрвіса Сяргей Мельнік, начальнік вытворчасці Аляксандр Пахадня.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *