У багацці дзіцячага свету

Гандаль Нумары

image_pdfimage_print

Сярод лепшых працаўнікоў раёна на раённай Дошцы гонару будзе і фотаздымак Таісы Пляскач. Чым заслужыла яна такую пашану?

Сваімі адносінамі да работы і да людзей. Работа за прылаўкам кожны дзень нясе ёй сустрэчы з пакупнікамі, якіх трэба прыняць з тым настроем, з якім яны прыйшлі, з іх густамі, патрэбамі. А адправіць – з радасцю ад удачнай пакупкі і ўдзячнасцю прадаўцам.

На правах загадчыцы магазіна «Дзіцячы свет» Таіса Пляскач мае абавязак стварыць добры мікраклімат і ў сваім калектыве. Наколькі ёй гэта ўдаецца, можна меркаваць па той цеплыні, сяброўскіх адносінах, якія пануюць паміж калегамі. А многія ж з іх, так жа, як  і сама Таіса Уладзіміраўна, за прылаўкам гэтага магазіна не менш за 30 гадоў. Добрага слова заслугоўваюць Ірына Уласік, Таццяна Паплаўская, Наталля Каспяровіч,  Алена Грыгаровіч,  Жанна Грамыка, Таццяна Крэнь. Таіса Уладзіміраўна не забывае ўключыць у гэты спіс прыбіральшчыцу Святлану Комар, без якой нельга было б стварыць той адметны інтэр’ер, парадак, якія вызначаюць гэты магазін сярод іншых.

Таіса Пляскач больш за 30 гадоў нязменна працуе ў райспажыўтаварыстве, і амаль увесь час – у магазіне «Дзіцячы свет». На зары яе працы незаменную настаўніцкую падтрымку аказала маладому спецыялісту  ветэран спажывецкай кааперацыі Ганна Канаш. Яе навука, прыклад адносін да работы для Таісы Уладзіміраўны былі маяком.  Цяпер сама яна ўжо прадавец такога высокага ўзроўню, што па праву аднесена да лепшых спецыялістаў кааператыўнага гандлю.

Розныя этапы перажыты за гэтыя дзесяцігоддзі Таісай Пляскач і яе калегамі – і дэфіцыты, і продаж тавару па талонах, і залежы на прылаўках. Яны выстаялі, засталіся вернымі сваёй прафесіі, аднойчы выбранай справе. З удзячнасцю гаворыць Таіса Пляскач пра кіраўніцтва кааппрамгандлю райспажыўтаварыства, якое паклапацілася правесці рамонт у адным з самых старых магазінаў райцэнтра. Ён цяпер выглядае прывабна, са зручнай для пакупніка і прадаўцоў гандлёвай залай, сучасным абсталяваннем. Магазін не адзін раз прыкоўваў увагу калег з вобласці і нават рэспублікі, на базе яго праводзілі выязныя семінары. Ды і прадстаўнікі рэспубліканскіх СМІ любяць зрабіць адсюль рэпартаж, асабліва падчас работы школьных кірмашоў.

У мінулым годзе ў магазіне адкрылася фірменная секцыя «Марк-Формэль». Прадукцыя гэтага прадпрыемства знайшла свайго пакупніка, што адчуваецца па гандлёвай выручцы магазіна, які, дарэчы, пастаянна выконвае даведзеныя вытворчыя заданні. Гэтаму спрыяе практыка работы напрамую з айчыннымі заводамі і фабрыкамі. Асартымент тавару ў магазіне прывабны, вітрыны багатыя, пастаянна вывучаецца попыт. «Дзіцячы свет» паспявае за патрабаваннямі наведвальнікаў.

Сярод пакупнікоў не толькі жыхары нашага раёна. Беларускую прадукцыю з задавальненнем набываюць госці райцэнтра. Таіса Уладзіміраўна расказвае, што многія сем’і расіян, украінцаў і жыхароў іншых рэспублік  бліжняга замежжа, якія прыязджаюць да родных у водпуск, заўсёды робяць пакупкі ў «Дзіцячым свеце». У пакупнікоў з замежжа попыт на льняныя тавары, на прадукцыю ведамаснага швейнага цэха райспажыўтаварыства, на беларускі абутак з натуральнай скуры. Выконваюць свае службовыя абавязкі прадаўцы магазіна пад кіраўніцтвам Таісы Пляскач з пачуццём годнасці за сваю краіну, з беларускай гасціннасцю і прыветнасцю, з прафесіяналізмам.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *