Гісторыя ў асобах

Нумары Соцыум

РАВЕСНІКІ РАЁНА. ЗНАЧНЫ ІХ УКЛАД У РАЗВІЦЦЁ СТАЎБЦОЎШЧЫНЫ

У Зінаіды Пятроўны Ярашэвіч, Героя Сацыялістычнай Працы, праслаўленага аператара машыннага даення, багатая працоўная біяграфія – больш за паўстагоддзя рупіцца яна ў жывёлагадоўчай галіне і дваццаць пяць з іх – брыгадзірам малочнатаварнай фермы «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Сёлета Зінаіда Пятроўна будзе адзначаць свой чарговы жыццёвы юбілей – яна равесніца раёна. Але ў гэта цяжка паверыць, мяркуючы па тым, з якім энтузіязмам жанчына робіць сваю справу. Чалавек актыўны, пра такіх гавораць: старасць яе дома не застане. І кіруе гэтай нястомнай працаўніцай вялікае жаданне прымножыць здабыткі гаспадаркі. Калектыў фермы, які ўзначальвае Зінаіда Ярашэвіч на працягу доўгага часу, –  лідар па надоях малака ад каровы. Шчырай працай гэтая абаяльная жанчына заслужыла павагу сярод людзей і ўдзячнасць дзяржавы. У 1988 годзе Зінаіда Ярашэвіч атрымала Залатую Зорку героя, якая асвяціла далейшы шлях простай сялянскай жанчыны. Яна ўзнагароджана некалькімі ордэнамі: Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны». Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, намеснікам старшыні Савета Саюза. І сёння навідавоку, перадае свой багаты вопыт маладому пакаленню. Выхавала цэлую плеяду жывёлаводаў, якія шчыруюць разам са сваёй настаўніцай. Зінаіда Пятроўна пастаянна ўдзельнічае ва ўсіх раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах.

Ганна Сямёнаўна Шчэцька – перадавы аператар па вырошчванні буйной рагатай жывёлы калгаса «Чырвоны Кастрычнік» (цяпер ПДСУП «Профі-Аграцэнтр»). Званне Героя Сацыялістычнай Працы шчырая працаўніца атрымала ў 1966 годзе і стала на той момант другой па ліку ў раёне, сярод  удастоеных такога высокага звання. Разам з гэтым  атрымала і прызнанне за нялёгкую і самаадданую працу, якая вывела жанчыну на дарогу славы. Тады ёй было ўсяго дваццаць дзевяць гадоў. Работа  Ганны Сямёнаўны сапраўды была ацэнена па заслугах – кілаграмовыя сярэднясутачныя прыбаўленні цялят у вазе і сёння не кожнаму па сіле атрымаць, а сціплая, сумленная цялятніца такі высокі вынік мела пастаянна. Яе рабочы дзень заканчваўся не па гадзінніку, а тады, калі ўся работа была выканана. Чатыры дзесяцігоддзі Ганна Сямёнаўна рупіліся на ферме. Працоўнае жыццё яе заўсёды было навідавоку. Шчырую працаўніцу паважалі і цанілі, ставілі ў прыклад іншым. І, зразумела, узнагароджвалі – ордэн Дружбы народаў, залаты медаль ВДНГ, Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР – сведчанне працоўных заслуг. 

Перадавая работніца ездзіла на з’езды і шматлікія форумы, бо з’яўлялася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Яна прымала ўдзел ва ўсіх значных мерапрыемствах. І сёння Ганну Сямёнаўну не забываюць, запрашаюць на святы, якія, па меры магчымасці, яна стараецца наведваць.

Вялікі ўклад у развіццё раслінаводчай галіны раёна ўнесла Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, прычым званне гэтае яна атрымала  першай, былы галоўны аграном калгаса «Чырвоная зорка» (цяпер ААТ «Дзераўное») Ганна Максімаўна Шаўчурка. Ганна Максімаўна выдатны спецыяліст і добры арганізатар. За сваю амаль што саракагадовую працу была ўзнагароджана ордэнамі Леніна і «Знак Пашаны», мае ў сямейным архіве Ганаровыя граматы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, стос абласных і раённых.

Падабалася Ганне Шаўчурка яе неспакойная работа, жанчына выконвала яе самааддана.  Дзякуючы менавіта намаганням галоўнага спецыяліста калгас з году ў год перамагаў у спаборніцтве, не пакідаючы нікому надзеі стаць першым.

«Чырвоная зорка» была апорна-паказальнай гаспадаркай, дзе ўкаранялася ўсё новае, перадавое. Ганна Максімаўна беражліва захоўвае тры залатыя, два сярэбраныя і адзін бронзавы медалі ВДНГ «За поспехі ў народнай гаспадарцы СССР». Узнагароды атрыманы за высокую культуру земляробства, рэкордную ўраджайнасць бульбы, збожжавых і лёну. Высока цаніў Ганну Шаўчурка як ведаючага спецыяліста былы першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў. Працоўны шлях Ганны Максімаўны, а год сёлетні ў яе юбілейны, – адно з яркіх імгненняў у 75-гадовай гісторыі нашага раёна.

У пачатку студзеня адзначыў  сваё 75-годдзе Уладзімір Піліпавіч РАДЗЕВІЧ. Сваю  працу ў Стаўбцоўскім раёне ён пачаў галоўным заатэхнікам калгаса «Праўда» пасля заканчэння тэхнікума. Потым была вучоба ў сельгасінстытуце. У 1965 годзе Уладзіміра Радзевіча выбіраюць першым сакратаром Стаўбцоўскага райкама камсамола, а праз пяць гадоў умеламу ініцыятыўнаму камсамольскаму важаку давяраюць кіраўніцтва ў калгасе «Нёман». Гэта перадавая гаспадарка стала знакамітай на ўсю рэспубліку, калі быў падтрыманы вопыт нёманцаў па стварэнні камбіната абслугоўвання насельніцтва, дзе майстры маглі выканаць усе заказы вяскоўцаў па рамонце жылля, апрацоўцы ўчасткаў і інш. У 1976 годзе У. П. Радзевіча прызначаюць старшынёй Стаўбцоўскага райвыканкама. Энтузіязм, настойлівасць  кіраўніка таксама спрыялі таму, што наш раён неаднаразова выходзіў пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва. Далейшыя этапы жыццёвага і працоўнага шляху – пасады першага сакратара Мінскага райкама партыі, старшыні сталічнага аграпрамысловага комплексу. За плённую працу У. П. Радзевіч узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны». З выхадам на пенсію Уладзімір Піліпавіч вярнуўся да актыўнай сялянскай працы. У 2000 годзе ён стварыў фермерскую гаспадарку «Сула», якую цяпер узначальвае яго сын Уладзімір Уладзіміравіч. Радзевічы плённа працуюць на ячонскіх палетках, дабіваюцца высокіх ураджаяў бульбы.

Юбілейны  сёлетні год і для Марыі Канстанцінаўны ГРЭСЬ, якая вызначылася творчым шчыраваннем на ніве культуры. Пасля заканчэння ў 1973 годзе Ленінградскага інстытута культуры Марыя Канстанцінаўна пачала працу ў нашым раёне. Яна стала кіраўніком агіттэатра «Полымя», выступленняў якога з энтузіязмам чакалі не толькі на сцэне гарадскога Дома культуры, але і ў сельскіх клубах, на палявых станах. Нездарма калектыву прысвоілі званне народнага. Дарэчы, з 1987 года М. К. Грэсь сумяшчала акцёрскую работу з кіраўніцтвам Стаўбцоўскім ГДК. Важным этапам творчай дзейнасці Марыі Канстанцінаўны стала праца педагогам Дзіцячай школы мастацтваў. Яна была стваральнікам і кіраўніком дзіцячага тэатральнага калектыву «Іскрынка», узорнага ансамбля народнай песні «Кропелька» (з 2004 г. «Жавароначкі»). Аўтар сцэнарыяў і рэжысёр праграм «Час. Радзіма. Мы», «Памяць сэрца», «Юнацтва працягвае эстафету» і іншых. Марыя Канстанцінаўна атрымала медаль «За працоўную доблесць», іншыя ўзнагароды. У 1998 годзе М. К. Грэсь прысвоена званне «Заслужаны дзеяч культуры».

Семдзесят пяты дзень нараджэння Івана  Іванавіча КОРСАКА неўзабаве – 13 сакавіка. Педагог па адукацыі, настаўнік гісторыі ў СШ № 2 г. Стоўбцы, выкладчык школы юных інтэлектуалаў пры СШ № 3, ён атрымаў званне Заслужанага трэнера Беларусі за значны ўклад у развіццё спорту. Іван Іванавіч плённа працаваў на пасадзе старшыні камітэта па фізічнай культуры і спорце Стаўбцоўскага райвыканкама. А любімай справай яго жыцця сталі шахматы. Пад яго кіраўніцтвам раённая каманда па шахматах заваявала Кубак Беларусі «Белая ладдзя», прадстаўляла рэспубліку на саюзных турнірах. Ён аддаваў сваё ўменне, сваю душу дзеля станаўлення талентаў. Заснаваў шахматны клуб у раённай ДЮСШ, пэўны час вёў урокі шахматнай гульні ў пачатковых класах гарадскіх школ. Цвёрда перакананы, што шахматы спрыяюць развіццю інтэлекту, І. І. Корсак настойліва вучыў сакрэтам мудрай гульні многіх юных стаўбчан. І ўдзячныя свайму настаўніку і трэнеру  за гэта людзі розных прафесій.

На здымку:

  1. Старшыні калгасаў і кіраўнікі арганізацый, першы рад: Г. Гундзіловіч, Ч. Валынец, І. Меляшкевіч, С. Сабко, старшыня райвыканкама І. Плахатнюк, першы сакратар  райкама  КПБ  А. Цішкевіч,  Ф. Чэрнікаў, В. Галавачэнка, Р. Рылік, другі рад: А. Звярынскі, І. Жыткевіч, А. Макарчук, Г. Рабцэвіч, І. Хмель, Л. Барэйша, С. Ліннік,  трэці  рад:  Г. Радзівановіч,  М. Засмужац, Л. Сяліцкі, С. Марэцкі, Ю. Цвірка, К. Каробка, К. Ліцкевіч, Л. Зык, І. Валовік, Г. Бычынскі,  І. Пірагоў.
  2. Героі Сацыялістычнай Працы Ганна Шчэцька і Зінаіда Ярашэвіч.
  3. Нарыхтоўка кармоў у калгасе «Праўда».
  4. На прыёме ў Рубяжэвіцкай бальніцы.
  5. Урок геаграфіі ў Засульскай СШ.

Фоталетапіс Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *