Спорт, адукацыя, культура

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

НА «МІНСКАЙ ЛЫЖНІ»

На трасах ААТ «Сэрвісны цэнтр «Веста» Дзяржынскага раёна адбыліся спаборніцтвы абласнога зімовага спартыўнага свята «Мінская лыжня-2015». Больш за 50 калектываў сталі ўдзельнікамі гэтага маштабнага дзейства. Адметнасцю было тое, што змагаліся за перамогу не прафесійныя спартсмены, а кіраўнікі і прадстаўнікі камітэтаў, упраўленняў, розных службаў упраўленчага апарату Міншчыны. Людзі, больш звязаныя з апаратнай работай, якім асабліва патрэбна быць заўсёды ў належнай фізічнай форме.

Асобны залік праводзіўся па выніках выступленняў камандаў раёнаў Мінскай вобласці. Агавораны быў і састаў: старшыні райвыканкамаў, іх намеснікі, супрацоўнікі структурных падраздзяленняў. І вось гучаць урачыстыя фанфары.  Падымаецца Дзяржаўны сцяг і гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь.

Даецца сігнал на старт. На першым і другім этапах за каманду Стаўбцоўшчыны выступаюць намеснікі старшыні райвыканкама.  Пачын Аляксандра Цывакі падтрымлівае Сяргей Шэсцель. Трэці этап жаночы, тут спартыўны гонар раёна абараняе начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Таццяна Буката. І на чацвёртым паўтаракіламетровым адрэзку эстафеты выступаюць старшыні райвыканкамаў. Юрый Горлаў павялічвае тэмп і на фінішы дыстанцыі ён у групе лідараў. Пятае месца з 23 калектываў – добры вынік каманды Стаўбцоўскага раёна.

Несумненна, калі кіраўнікі самі актыўныя спартсмены, спорт у раёне атрымае далейшае развіццё.

 

У ДЗЯСЯТЦЫ МАЦНЕЙШЫХ

Дзясятку лепшых спартсменаў года вызначыў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Яўген ЛІПАЙ, за якім прызнана першае месца, цяпер асабліва знакаміты. Ён выступае ў саставе зборнай каманды Беларусі на чэмпіянаце свету па біятлоне сярод юніёраў і юнакоў, які праводзіцца ў Раўбічах. У паслужным спісе Яўгена таксама перамогі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Марына КАРНІЦКАЯ-ДАМАНЦЭВІЧ ужо больш чым дзясятак гадоў у нашым традыцыйным спісе. Выхаванка Дзераўнянскай ДЮСШ дасягнула значных вышынь на міжнароднай арэне, выступаючы ў складаным і прэстыжным відзе лёгкаатлетычнай праграмы – марафонскім бегу.

Наталля АСОКІНА – капітан зборнай раёна па баскетболе, якая стала чэмпіёнкай Мінскай вобласці.

Антон ВАСІЛЕЎСКІ – прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, упершыню ўключаны ў дзясятку лепшых.

Людміла МЯШКОВА зноў пацвердзіла свой высокі клас, стала чэмпіёнкай абласной спартакіяды па шматбор’і «Здароўе».

Андрэй ШПАДАРУК – капітан футбольнай каманды «Нёман-Агра», якая выступае ў першынстве вобласці.

Дар’я ВАРЫВОЦКАЯ – прызёр абласных спаборніцтваў па лыжных гонках.

Канстанцін ШУЦЬКО – прызёр абласных турніраў па валейболе.

Віктар КРУГЛІК – чэмпіён раёна па настольным тэнісе.

Казімір ЛАЎРЫНОВІЧ – чэмпіён раёна, пераможца абласных турніраў па шашках.

* * *

Названы і лепшыя юныя спартсмены. У лыжных гонках гэта Аляксандр Дрозд, і Арцём Пяткевіч, прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў «Снежны снайпер». А таксама Надзея Курыла і Наталля Пальчэўская, прызёры абласных спаборніцтваў. У лёгкаатлетычных спаборніцтвах вызначыліся Уладзіслаў Супрун, які стаў чэмпіёнам рэспублікі сярод школьнікаў, і Аліна Навіцкая, чэмпіёнка вобласці. Уладзіслаў Рубін і Павел Бычынскі сталі чэмпіёнамі Мінскай вобласці па футболе сярод школьнікаў. Дзіяна Коршун – прызёр абласных спаборніцтваў па настольным тэнісе. Сяргей Лукашэвіч – прызёр абласнога турніру па валейболе ў праграме Алімпійскіх дзён моладзі.

Пр

 

НА ДОШКУ ГОНАРУ. АДСЮЛЬ ВЫХОДЗЯЦЬ БУДУЧЫЯ СПЕЦЫЯЛІСТЫ

Сярод некалькіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна на раённую Дошку гонару заносіцца і сярэдняя школа № 3 г. Стоўбцы.

Яе ўзначальвае энергічны, аптымістычны кіраўнік Жанна Лысая. Думаецца, што многія не здзівіліся, даведаўшыся аб такім  рашэнні  райвыканкама. Доўгі час гэтая навучальная ўстанова паказвае ўзоры інавацыйнай паспяховай работы, што дазваляе ёй быць на вышыні рэйтынгу. Не выключэнне і апошнія гады.

Па выніках 2013/2014 навучальнага года ў другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах вучні гэтай школы заваявалі 20 дыпломаў І ступені, 10 – другой ступені, 11 – трэцяй ступені. На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды дыпломы І ступені атрымалі браты Уладзіслаў і Мікіта Сазановічы па інфарматыцы, Паліна Лапко – па працоўным навучанні. Мікіта і Уладзіслаў Сазановічы ўзнагароджаны дыпломамі І ступені і на заключным этапе міжнароднай Адкрытай алімпіяды школьнікаў па праграмаванні ў Маскве. Міхаіл Харламаў і Валерыя Сінянкова сталі ўладальнікамі дыпломаў ІІ ступені на абласных навукова-даследчых канферэнцыях. Лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных вучняў і таленавітай моладзі сталі Мікіта і Уладзіслаў Сазановічы, Паліна Лапко, Валерыя Сінянкова.

У скарбонку перамог навучальнай установы важкі ўклад унеслі і спартсмены. Чэмпіёнам Мінскай вобласці ў бегу стаў Павел Базарэўскі, прызёрамі чэмпіянату Мінскай вобласці па скачках у даўжыню і трайным скачку сталі Ілья Звярынскі, Уладзіслаў Лапко, у штурханні ядра і кіданні молата – Анастасія Мяданіна, у бегу – Павел Гармаза, Павел Ліпніцкі, Валянцін Бугроў.

Наогул у школьным банку адораных вучняў 223 чалавекі.

Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання сярэдняя школа № 3 г. Стоўбцы увайшла ў топ-100 лепшых устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь. Па выніках мінулага навучальнага года высокі ўзровень вучэбных дасягненняў маюць 171 вучань, закончылі навучальны год на 7-10 балаў 671 вучань. Пяць выпускнікоў узнагароджаны залатымі медалямі.

Ва ўстанове адукацыі рэалізуецца інавацыйны праект са стасусам рэспубліканскай пляцоўкі  «Укараненне мадэлі паглыбленай дыферэнцыяцыі на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі». Інавацыйнай дзейнасцю ахоплены 39 працэнтаў вучняў 11-х класаў і 41 працэнт – 10-х класаў.

Па выніках штогадовага спаборніцтва «За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі» сярод устаноў адукацыі, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Мінскай вобласці СШ № 3 г. Стоўбцы з’яўляецца пераможцай у намінацыі «Лепшая ўстанова адукацыі ў арганізацыі вучэбнага працэсу» сярод устаноў, размешчаных у гарадской мясцовасці.

141 педагог аддае свой талент і прафесіяналізм рабоце з вучнямі. Трэць настаўнікаў маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. 11 педагогам прысвоена такая кваліфікацыя летась. У мінулым годзе 52 педагогі атрымалі сертыфікат карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій.

І ў новым навучальным годзе школа ўпэўнена працуе, не здае заваяваных пазіцый.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

НЯПРОСТА ДАЮЦЦА ПЕРАМОГІ

Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў заслужыла права быць занесенай на раённую Дошку гонару.

Установа адукацыі заклікана рэалізоўваць адукацыйную праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Школа мастацтваў дае магчымасць мастацкай адукацыі не толькі гарадскім дзецям, але і сельскім у трох сваіх філіялах – Заямнаўскім, Любкаўшчынскім, Мікалаеўшчынскім.

Навучанне дзяцей вядзецца па 15 спецыяльнасцях на інструментальным, мастацкім, харэаграфічным, тэатральным, харавым, эстрадным і на аддзяленні рамёстваў. Вучні маюць магчымасць развіваць свае творчыя здольнасці і ў розных творчых калектывах. Пяць з іх маюць званні «народны» і «ўзорны» – народны ансамбль народных інструментаў «Кругліца», народны вакальны ансамбль «Берагіня», узорны духавы аркестр «Васількі», узорны ансамбль народнай песні «Жавароначкі», узорны тэатр «Чараўнікі».  Юныя музыкі духавога аркестра неаднаразова станавіліся лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Асабліва значным на творчыя перамогі быў мінулы год. Вучні аддзялення народных інструментаў атрымалі 14 лаўрэацкіх дыпломаў у шасці конкурсах, у ліку іх – тры міжнародныя. Выхаванцы аддзялення выяўленчага мастацтва паклалі ў скарбонку перамог школы чатыры дыпломы двух міжнародных конкурсаў, гран-пры і два лаўрэацкія дыпломы абласных конкурсаў. Сем вучняў сталі ўладальнікамі лаўрэацкіх дыпломаў ХХІV Стаўбцоўскага адкрытага абласнога свята-конкурсу юных музыкантаў «Сымон-музыка». Узорны ансамбль народнай песні «Жавароначкі» на Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» стаў уладальнікам гран-пры і лаўрэацкага дыплома на І Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячага мастацтва «Лідскі вянок». Педагогі аддзялення духавых інструментаў прымалі ўдзел у VІ Балтыйскім форуме дырыжораў духавых аркестраў і кіраўнікоў ансамбляў, які праходзіў у Латвійскай акадэміі музыкі ў Рызе.

Напрыканцы мінулага года тэатру «Чараўнікі» прысвоена званне «ўзорны».

За ўсімі гэтымі поспехамі стаіць напружаная індывідуальная работа педагогаў з вучнямі, якая патрабуе таленту і аддачы творчых сіл. З 59 настаўнікаў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў 20 маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 15 – першую.

 

МАГІЯ ВЯСНЫ

75-гадоваму юбілею раёна прысвяцілі сваю выставу выпускнікі аддзялення выяўленчага мастацтва Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў 2005-2013 гадоў.

У зале камернай музыкі выстаўлены мастацкія работы Анастасіі Панявінай, Бажэны Звыцэвіч, Валянціна Пяткевіча, Эвяліны Стацкевіч і іншых вучняў педагогаў Андрэя і Ірэны Зянько.

Сакавітыя фарбы вясны ў нацюрмортах і пейзажах, пяшчотныя колеры кветак на батыку –  гэта створыць вясну  ў душы тым, хто наведае выставу.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *