Гісторыя – сведка мінулага

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

Рэдакцыя палічыла, што ў юбілей 75-годдзя ўтварэння Стаўбцоўскага раёна, што мае багаты гістарычны летапіс і ўнікальную культурную спадчыну,  нельга абысці ўвагай людзей, якія ўклалі і ўкладваюць сваю працу для таго, каб нашчадкі ведалі вытокі, з якіх пачынаецца малая радзіма. Чытачам нашай газеты гэтыя імёны знаёмыя, таму што людзі, якіх мы прадстаўляем сёння ў нашай рубрыцы, на працягу многіх гадоў з’яўляюцца актыўнымі аўтарамі «Праменя». Іх матэрыялы на краязнаўчую тэматыку папаўняюць гістарычны архіў раёна, што ўяўляе вялікую каштоўнасць.

Аляксандр ТУРКО, гісторык, краязнаўца:

– Мая краязнаўчая работа пачалася са студэнцкіх гадоў. На другім курсе гістарычнага факультэта БДУ я пісаў курсавую па тэме «Стоўбцы. Гістарычны нарыс». Вельмі захапіўся краязнаўствам і з таго часу пастаянна працаваў у архівах. Вярнуўся на працу ў свой родны Стаўбцоўскі раён, працаваў на розных пасадах і не пакідаў даследчую работу. У выніку сабраны вялікі архіў па гісторыі раёна ў гады бела-польскай акупацыі, Вялікай Айчыннай вайны, партызанскага руху, дзейнасці падпольных райкамаў партыі і камсамола. Гэта быў вялікі ўкладак у кнігу «Памяць». Мною напісаны гісторыі народнай адукацыі для дзевяці ўстаноў адукацыі раёна. Многія артыкулы на працягу дзесяцігоддзяў друкаваліся спачатку ў газеце «Голас селяніна», пра якую таксама сабраны архіў,  а потым і да цяперашняга часу – у раённай газеце «Прамень». Сабралася шмат гістарычныга матэрыялу, які, пры падтрымцы, мог бы быць аформлены асобнай кнігай.

Марыя СТАНКЕВІЧ, стаўбчанка, педагог:

– Я лічу сябе патрыётам свайго раёна: я тут нарадзілася, тут праходзіць маё жыццё. Усё, што звязана з нашым раёнам, мяне цікавіць і па роду маёй прафесійнай дзейнасці, і па патрэбе маёй душы. Таму, калі ў пачатку 2000-х гадоў стваралася гісторыка-дакументальная хроніка «Памяць», мяне парадавала, што выйшла багатая па змесце кніга, больш аб’ёмная, чым у іншых раёнах. Аднак усё роўна ў яе не ўвайшло яшчэ шмат матэрыялаў. У мяне ўзнікла ідэя некаторыя тэмы зрабіць больш закончанымі. Мой выбар паў на тых людзей, выхадцаў са Стаўбцоўшчыны, якія ўнеслі свой уклад у навуку. Мною зроблены даследаванні і напісаны нарысы пра 11 дактароў навук і 68 кандыдатаў навук. Матэрыялы надрукаваны ў раённай газеце «Прамень». Вельмі шкада, што ў нас у райцэнтры няма музея, сабраны матэрыял стаў бы багатай тэматычнай экспазіцыяй. Калі ўлічыць матэрыялы з кнігі «Памяць» па гэтай тэматыцы, то ёсць 29 артыкулаў пра дактароў навук і 88 – пра кандыдатаў навук, выхадцаў з нашага раёна.

Міхаіл МІХНО, настаўнік гісторыі вучэбна-педагагічнага комплексу «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа»:

– Будучы школьнікам, я з цікавасцю чытаў краязнаўчую старонку «Праменя» «Панямонь», што таксама паўплывала на мой прафесійны выбар: я стаў студэнтам гістарычнага факультэта БДУ. Пасля заканчэння ВНУ трапіў у камісію па напісанні кнігі «Памяць», стаў укладальнікам яе. Што датычыць 75-гадовага юбілею раёна, то гэта важная дата. Аднак мне, як гісторыку, заўсёды хацелася, каб у адносінах да гісторыі не спыняліся на ёй. Бо быў яшчэ да гэтага і Стаўбцоўскі павет, і Стаўбцоўская воласць у складзе Расійскай імперыі, Польшчы. Варта было б не забываць дату 1593 год, якая лічыцца годам заснавання Стоўбцаў. Таму вельмі хацелася б, каб не забывалася ранейшая гісторыя. Цяпер вось ёсць праект рэканструкцыі нашага горада. Хацелася б, каб увязвалася гістарычная значнасць. Ёсць сусветная практыка, калі ўлады абавязваюць гаспадароў захоўваць стары выгляд будынкаў, і дзяржава нават дапамагае ім у гэтым. У любым горадзе вельмі важна тое, што было, і гэта нас абавязвае беражліва захоўваць гісторыю.

Святлана АДАМОВІЧ, бібліятэкар цэнтральнай раённай бібліятэкі:

– Цяжка ўявіць сабе чалавека без гісторыі, без кроўных сувязяў з роднай зямлёй. Краязнаўства стала часткай майго жыцця. Прывіў мне гэтую любоў, падтрымаў мяне ў гэтай справе светлай памяці Грэкаў Анатоль Васільевіч. Продкі пакінулі нам неацэнны скарб. Мною сабрана шмат гістарычных дакументаў і старадаўніх фотаздымкаў пачынаючы з 1920-30 гадоў: арыгіналы дзелавых папер, газеты, часопісы, успаміны сучаснікаў, лісты, паштоўкі, старыя афішы, якія перадаюць атмасферу былога часу. І зараз працягваю працаваць у Нацыянальным гістарычным архіве, Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Цяпер збіраю матэрыялы аб архітэктуры Стаўбцоўшчыны. Гэтая праца дазваляе ўзбагаціць інтэлект, пазнаць сябе праз гісторыю, культуру, менталітэт свайго народа.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *