Залатое кальцо Стаўбцоўшчыны: адметнасці нашага роднага краю

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

РУБЯЖЭВІЧЫ

Першыя пісьмовыя звесткі пра Рубяжэвічы адносяцца да другой палавіны XV стагоддзя. Старое мястэчка размяшчалася на ўзвышшы, уздоўж гасцінца, які вёў з Мінска на Слуцк. У цэнтральнай частцы паселішча (на месцы сучасных аўтастанцыі і суседніх крам) утварылася рыначная плошча. Жыхары займаліся сельскай гаспадаркай, гандлем, рамёствамі.

Новы этап гісторыі можна адлічваць з кастрычніка 1940 года, калі Рубяжэвічы сталі цэнтрам сельсавета. Сёння ў аграгарадку Рубяжэвічы 101 двор, 215 жыхароў, у Новых Рубяжэвічах – 126 гаспадарак і 386 жыхароў. Ёсць Дом культуры, сярэдняя школа, школа мастацтваў, дзіцячы сад, участковая бальніца, паштовае аддзяленне, комплексна-прыёмны пункт, магазіны.

Ганарацца мясцовыя вернікі сваім касцёлам, чырванакаменны вастрашпільны гмах якога высіцца, нібы аглядаючы мясцовыя далі.

ПАНСКІ МАЁНТАК

Архітэктурна-ландшафтны комплекс «Памяць у камені» – яшчэ адна ўнікальная адмеціна паселішча, дзе кожны аб’ёмны валун сімвалізуе якуюсьці вёсачку, хутар, дзе колісь цеплілася жыццё, а зараз па нейкіх жыццёвых абставінах, віхурнасці гістырачных падзей яны зніклі з карты Стаўбцоўшчыны, пакінуўшы пасля сябе гэтую маналітную памяць.

Турыстычны комплекс «Панскі маёнтак», што развіваецца на рэстаўрыраваных рэштках былой сядзібы Лэнскіх у невялікай вёсачцы Сула, без перабольшвання сёння можна назваць унікальнай жамчужынай Стаўбцоўшчыны, дзе імкнуцца пабыць вандроўнікі не толькі з усёй Беларусі, але і замежнікі. Усё тут пяшчотна нагадвае прыгожую даўніну. Як не заслухацца спеўнай мелодыяй векавой паўзабытай усімі дуды ў выкананні Андрэя Паплаўскага? Добра праімчацца ў карэце, запрэжанай рысакамі, і ўдабавак агледзець тутэйшыя маляўнічыя мясціны з верталёта.

Васіль ЗЯНЬКО

Фота аўтара

 

ЧЫМ ЯШЧЭ ЗНАКАМІТЫЯ РУБЯЖЭВІЧЫ І ВАКОЛІЦЫ?

Сваю вядомасць у Беларусі мястэчка Рубяжэвічы атрымала ад так званай (па-народнаму) «зялёнай аптэкі», дзе шырока прадстаўлены лекавыя траўныя зборы, што дапамагаюць змагацца з хваробамі.

***

У 1966 годзе каля будынка Рубяжэвіцкага сельсавета ўстаноўлены абеліск ушанавання землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.

***

Вёска Ручын, дакладней былы фальварак Няшота, знакамітая як радзіма маці Янкі Купалы Бянігды Іванаўны Луцэвіч (дзявочае прозвішча Валасевіч).

***

Багатую гісторыю маюць вёскі Вялікія і Малыя Навікі. Паводле архіўных звестак 1591 года, сяло Навікі значылася ў Хатаўской воласці Дзераўнянскага маёнтка, мела 30 валок зямельнага надзелу. Цёпла піша аб сваёй малой радзіме беларускі паэт Казімір Камейша.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *