Абслугоўванне

Нумары Соцыум

ГАСПАДЫНЯ ГРАШОВАЙ КЛАДОЎКІ

У цэнтры банкаўскіх паслуг № 624 г. Стоўбцы  філіяла № 500 – Мінскага ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» участак работы Надзеі Борыс скрыты ад вачэй наведвальнікаў.

Аднак ён вельмі важны. Неабходна пералічыць вытворчую выручку суб’ектаў гаспадарання раёна, што даставілі інкасатары, для далейшага залічэння яе на разліковыя рахункі кліентаў, загрузіць банкаматы, каб забяспечыць грашовай наяўнасцю раён для выплаты заработнай платы і іншых даходаў. Грошы любяць падлік. Яшчэ трэба праверыць беларускія рублі і замежную валюту з гандлёвых аб’ектаў і арганізацый  на сапраўднасць. Надзея Борыс – руплівая гаспадыня банкаўскай кладоўкі. Ці  трэба гаварыць, якой стараннасці, увагі, унутранай дысцыпліны патрабуе работа з такім абаротам грашовых сродкаў. Без прызвання да гэтай справы цяжка было б справіцца з паўсядзённымі клопатамі.

Надзею Сяргееўну калегі паважаюць не толькі за прафесійныя навыкі, добрае веданне спецыфікі банкаўскай справы, адказнае выкананне службовых абавязкаў, але і за актыўнасць у грамадскім жыцці цэнтра банкаўскіх паслуг. Яна прадстаўляе маладое пакаленне калектыву банкаўскіх работнікаў. Надзея Борыс лёгкая на пад’ём, калі  трэба абараніць гонар калектыву на спартыўных спаборніцтвах, турыстычных злётах, конкурсах мастацкай самадзейнасці. Яна – актыўны член пярвічнай арганізацыі БРСМ.

Яе ініцыятыўнасць, актыўнасць у масавых мерапрыемствах раённага і абласнога маштабаў уносіць уклад у фарміраванне і падтрыманне станоўчага іміджу банка.

За энергічную працоўную дзейнасць, забеспячэнне эфектыўных банкаўскіх працэсаў і актыўную жыццёвую пазіцыю, удзел у маладзёжным жыцці банка і раёна прынята рашэнне аб занясенні фотаздымка Надзеі Борыс на раённую Дошку гонару.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

АЗДАРАЎЛЕННЕ

Летась на тэрыторыі раёна пабудавана 24,1 км газаправодаў, 170 кватэр газіфікаваны і 242 – пераведзены са звадкаванага газу на прыродны.

Газіфікацыя прыйшла да жыхароў вёсак Ніўнае, Барок, Зарэчча, Баханы, што павялічыла агульную працягласць газаправодаў на тэрыторыі раёна амаль да 745 км. Спажыўцам рэалізавана 45 мільёнаў м3 прыроднага і 641,9 тоны звадкаванага газу. Заменена 600 адзінак бытавых газавых прыбораў, якія адслужылі свой нарматыўны тэрмін.

Вялікая работа вялася па замене газавага абсталявання на газаправодах, газарэгулятарных пунктах і іншых аб’ектах з мэтай іх бяспечнай і безаварыйнай эксплуатацыі. 

– Мінулы год выдаўся паспяховым для працаўнікоў упраўлення «Стоўбцырайгаз». Дзякуючы намаганням калектыву выкананы ўсе даведзеныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, – падводзіць вынікі дырэктар упраўлення Іван Шпілеўскі. – Прыклад у калектыве паказваюць майстар службы эксплуатацыі сістэм газазабеспячэння Дзмітрый Печанко, слесар па абслугоўванні і рамонце газавыкарыстоўваючага абсталявання Дзмітрый Навіцкі, вадзіцель Фадзей Маз і многія іншыя. 

Разам з вытворчымі паказчыкамі нельга пакінуць без увагі і сацыяльныя. У ведамасным аздараўленчым лагеры імя Я. М. Чайкі адпачылі ў мінулым годзе 504 школьнікі з розных раёнаў Мінскай вобласці. Да іх паслуг былі прапанаваны сучасныя, з усімі зручнасцямі, карпусы, прасторная спартыўная зала, а таксама разнастайная культурна-экскурсійная праграма.

Па добрай традыцыі, штогод на базе лагера праходзяць летнія і зімовыя спартакіяды работнікаў газавай гаспадаркі Міншчыны. Падчас зімовай спартакіяды-2014 каманда ўпраўлення была пераможцай, падчас летняй спартакіяды – заняла другое месца.           

Пр

 

ДЛЯ ЗРУЧНАСЦІ ВЯСКОЎЦАЎ

Да ўзнагароды на раённым свяце працы прадстаўляецца прыёмшчыца Шашкоўскага комплексна-прыёмнага пункта Святлана Саўчанка.

Многія гады работы ў яе былі звязаны з мясцовым сельскагаспадарчым таварыствам. І толькі калі Святлана Пятроўна выйшла на заслужаны адпачынак, яна памяняла род дзейнасці, прыняла прапанову кіраўніцтва раённага камбіната бытавога абслугоўвання ўзначаліць комплексна-прыёмны пункт, які знаходзіцца недалёка ад яе дома. Аднак Святлана Саўчанка так паставіла сваю работу, што на месцы ёй затрымацца не даводзіцца. Яна актыўна ўдзельнічае ў выязных кірмашах у Мінску, Баранавічах, рэгіянальных выязных продажах. Усё гэта дазваляе ёй паспяхова спраўляцца з даведзенымі вытворчымі заданнямі.

Асноўная ж работа комплексна-прыёмнага пункта звязана з якасным абслугоўваннем вясковых жыхароў у 22 вёсках на яе ўчастку, дзе пражывае больш за паўтары тысячы чалавек. Вяскоўцам прадастаўляюцца ўсе 11 відаў сацыяльна значных паслуг згодна з даведзенымі стандартамі. Акрамя таго, на комплексна-прыёмным пункце арганізаваны гандаль таварамі першай неабходнасці, шырока рэалізуецца швейная прадукцыя ведамаснага цэха камбіната бытавога абслугоўвання. Прыёмшчыца зацікаўлена пастаянна абнаўляць асартымент тавару, таму наведвальнікам заўсёды хочацца не мінуць комплексна-прыёмны пункт, пацікавіцца, што прывезена, пазнаёміцца з навінкамі.

Акрамя таго, вясковыя жыхары могуць здаць у пральню бялізну, падушкі, у рамонт – адзенне і абутак, іншыя рэчы. Працуе аддзел рытуальных паслуг. Святлана Саўчанка не лічыцца з асабістым часам, калі трэба абслужыць наведвальнікаў. І за гэта ёй удзячныя як вяскоўцы, так і кіраўніцтва камбіната бытавога абслугоўваня. Адносіны да работы, ініцыятыўнасць, стараннасць Святланы Пятроўны ставяцца ў прыклад іншым.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *