Квітней, наша Стаўбцоўшчына!

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

У мінулую суботу на Стаўбцоўшчыне ладзілася вялікае свята – 75-годдзе з дня ўтварэння Стаўбцоўскага раёна.

У гэты дзень першыя, амаль вясеннія промні сонца ўсіх запрашалі на ўрачыстае мерапрыемства ў раённы Цэнтр культуры, дзе сабраліся лепшыя з лепшых працаўнікі раёна, кіраўнікі арганізацый, ветэраны вайны і працы, паважаныя госці.

У фае шырока разгарнуліся выстава-дэгустацыя прадукцыі Стаўбцоўскага філіяла «Гарадзейскі цукровы камбінат», філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат», фотавыстава, прысвечаная сённяшняму дню Стаўбцоўскага раёна.

Святочнае мерапрыемства адкрылася праглядам лазернага шоу, якое нагадала старонкі летапісу раёна.

На сцэну запрашаецца кіраўнік раёна, старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў. Яму ўручаецца каравай, выпечаны са збожжа сабранага на стаўбцоўскай зямлі. Юрый Мікалаевіч звяртаецца са шчырымі словамі віншаванняў да ўсіх прысутных у зале. Нагадваюцца асноўныя вехі гісторыі ўтварэння раёна. У сваім святочным выступленні старшыня райвыканкама аперыраваў больш не лічбамі, а словамі шчырага прызнання да працаўнікоў раёна, да людзей, якія сваёй справай унеслі дастойны ўклад у развіццё і станаўленне раёна.

– Усіх нас аб’ядноўвае адно – любоў да Айчыны, высокі прафесіяналізм, а па працы і пашана, – адзначыў Юрый Мікалаевіч. – На Беларусі заўсёды ганарыліся людзьмі працы, і сёння дзякуючы ім ствараецца моцная і квітнеючая краіна. Людзі працы – гэта сіла, гонар і нашага раёна. Мінулы год быў няпростым. Аднак самае галоўнае – мы захавалі і прадоўжылі станоўчую дынаміку развіцця раёна.

Юрый Горлаў лічыць, што, нягледзячы на ўсе дасягненні, усё ж самым галоўным багаццем з’яўляюцца людзі. «На бягучы 2015 год перад раёнам стаяць напружаныя задачы, аднак яны нам па сіле, паколькі на Стаўбцоўшчыне жывуць працавітыя людзі, вопытныя кіраўнікі», – упэўнены старшыня райвыканкама.

Павіншаваць з днём нараджэння раёна на свята прыехалі шаноўныя госці: нашы землякі – намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Іванавіч Русы і намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Віктаравіч Якжык, а таксама – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Міхайлавіч Іванчанка і член Савета Рэспублікі Святлана Рыгораўна Сарока, старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Сяргей Іванавіч Трусаў. Затым прайшла цырымонія ўзнагароджання. Адзін за адным на сцэну ўздымаліся кіраўнікі калектываў і асобныя працаўнікі, прызнаныя пераможцамі ў раённым спаборніцтве. Іх віталі старшыня райвыканкама Юрый Горлаў і яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзяніс Колесень. Адбылося і ўшанаванне лепшых па прафесіі, фотаздымкі якіх упрыгожаць раённую Дошку гонару. Амаль 150 чалавек атрымалі з рук старшыні райвыканкама ганаровыя граматы, падзякі і падзячныя пісьмы.

Са святочнымі віншаваннямі, падарункамі і хлебам-соллю раздзяліць нашу радасць на ўрачыстасць прыехалі госці з замежжа – дэлегацыі з Азёрскага раёна Маскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі і Жашкаўскага раёна Украіны, а таксама дэлегацыі: Кастрычніцкага раёна г. Мінска, Мінскага малаказавода № 1, Дзяржынскага, Нясвіжскага, Уздзенскага,  Валожынскага, Карэліцкага, Барысаўскага раёнаў.

Цудоўны феерверк віншаванняў і найлепшых пажаданняў прадоўжыў цікавы канцэрт, падрыхтаваны ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці раёна, выхаванцамі і выкладчыкамі Стаўбцоўскай школы мастацтваў.

Сапраўдным падарункам для ўсіх стаўбчан сталі выступленні вядомага опернага спевака, лаўрэата міжнародных конкурсаў Уладзіміра Александровіча і арт-групы «Беларусы».

Вечарам да ўвагі стаўбчан і гасцей горада і раёна была прадастаўлена канцэртная праграма «Ганаруся табой, мая Стаўбцоўшчына».

Завяршылася свята 75-годдзя ўтварэння раёна прыгожым феерверкам і працяглымі апладысментамі і воклічамі стаўбчан: «Квітней, Стаўбцоўшчына!», «Слава Стаўбцоўскаму раёну!».

Свята атрымалася яркім і запамінальным. Бясспрэчна, яно паслужыць натхняльным стымулам для выканання пастаўленых задач і дасягнення новых працоўных вяршынь, якія прадоўжаць летапіс раёна.

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *