Сувязь – у нагу з «лічбамі»

Нумары Прамая лінія

На мінулым тыдні ў раённым выканаўчым камітэце адбыўся прыём грамадзян з адначасовым падключэннем прамой тэлефоннай лініі з Міністрам сувязі  і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Сяргеем Папковым.

На прамую лінію звярнулася жыхарка Стоўбцаў Марыя Кузняцова, якая ўзняла пытанне частаты выхаду перадач раённага радыё. «Раённае радыё я люблю. Але яго перадачы выходзяць толькі два разы на тыдзень – у аўторак і чацвер», – наракала Марыя Іванаўна.

– Графік эфірнага часу на ўзроўні рэгіянальнага і цэнтральнага радыё рэгламентуе не наша міністэрства, а Белтэлерадыёкампанія. Але мы данясём вашу просьбу да кіраўніцтва кампаніі, – запэўніў Сяргей Папкоў.

Каментуючы сітуацыю, міністр выказаў і сваю грамадзянскую пазіцыю: «Канешне, любому чалавеку лепш паслухаць па радыё пра тое, што робіцца ў сваім раёне,  а не дзесьці далёка». Падзяліўся ён і іншымі меркаваннямі. Да прыкладу, бываючы ў розных раёнах Беларусі, абавязкова знаёміцца з раённай газетай. Не выключэннем стала і наша Стаўбцоўшчына, дзе Сяргею Пятровічу прапанавалі свежыя нумары «Праменя». Пры гэтым, карыстаючыся магчымасцю, мы задалі міністру і некалькі пытанняў: 

– Сяргей Пятровіч, з чым звязаны ваш прыезд на Стаўбцоўшчыну?

– Эксклюзіву тут ніякага няма – ёсць графік прыёму грамадзян членамі ўрада краіны. Гэта звычайная практыка з улікам Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 5. Акрамя прыёму грамадзян, у мяне ёсць магчымасць на месцы азнаёміцца з гаспадарчай дзейнасцю падведамасных прадпрыемстваў – вузла электрычнай сувязі і вузла паштовай сувязі.      

– Якую ацэнку, на вашу думку, можна даць іх рабоце?

– У вашым раёне і пошта, і электрасувязь уваходзяць у  пяцёрку лідараў у Мінскай вобласці. Кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў – людзі вопытныя, дасведчаныя. Што датычыць паслуг, якія аказваюцца, то іх набор і якасць – прыкладна суразмерныя. Укараняем розныя новыя тэхналогіі. Оптыка-валаконныя лініі сувязі пракладваем да ўсіх шматпавярховых дамоў. У гэтым плане Мінская вобласць наперадзе ўсіх іншых абласцей рэспублікі. Радыё, тэлебачанне пераходзяць на лічбавае вяшчанне.

Начальнік раённага вузла электрычнай сувязі Міхаіл Касабуцкі канкрэтызаваў, што ў вёсцы Пруды вядзецца будаўніцтва радыётэлевізійнай перадаючай станцыі, якая будзе ўведзена ў строй у сярэдзіне бягучага года, і гэта дасць магчымасць пераходу на сучасныя стандарты радыё- і тэлевяшчання для ўсіх жыхароў раёна. Нельга не адзначыць і тое, што ў раёне дзейнічаюць 30 тэлефонных станцый, і да кожнай з іх пракладзены  апошнім часам оптыка-валаконныя лініі сувязі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *