Дзяўчаты вышываюць вясельныя ручнікі

Захапленні Нумары

На выставе майстроў народнай творчасці «Сонцаварот» Людміла Віцько звярнула на сябе ўвагу вельмі арыгінальнымі аўтарскімі мастацкімі работамі – карзінкамі, вазамі, цукерніцамі і іншымі стыльнымі сувенірнымі вырабамі, якія ўяўляюць сабою прыгожы элемент інтэр’ера і могуць паслужыць выдатным падарункам. Усе думалі, што гэта пляценне з лазы. І колькі ж было здзіўлення, калі ўдзельнікі выставы даведаліся, што такія арыгінальныя і вельмі прыгожыя работы майстрыха выканала з газетных трубачак. 

Якімі толькі відамі творчасці не займаецца Людміла Іларыёнаўна! Яна гаворыць, што цяпер праблемы няма, быў бы толькі інтарэс і жаданне – з дапамогай камп’ютара можна асвоіць любыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Адметна тое, што да гэтага занятку Людміла Віцько прыцягвае і моладзь, і дарослых людзей вёскі Слабада. Больш за 10 гадоў яна працуе ў Слабадскім клубе-бібліятэцы. Гэта сельская культасветустанова ў ліку  лепшых у раёне. І адметная яна ў першую чаргу новымі цікавымі формамі работы, што дазваляе не толькі змястоўна арганізоўваць адпачынак мясцовых жыхароў, але і выконваць план па платных паслугах.

Калі ж гаварыць аб творчасці, то на працягу ўсёй работы ў клубе-бібліятэцы Людміла Віцько вядзе гурткі па інтарэсах. Аб выніках гэтай дзейнасці яскрава раскажуць выставы творчасці, якія пастаянна экспануюцца ў клубе-бібліятэцы. І дарослыя, і дзеці палюбілі гурток вышыўкі. Гэта стала масавым заняткам. Больш таго, паспрабавалі майстры вышываць нацыянальныя ручнікі. Справа гэтая далікатная, патрабуе нямала часу. Людмілу Іларыёнаўну радуе, што дзяўчаты сталі вышываць сабе вясельныя ручнікі, як некалі іх прабабулі. Гэта вельмі ўпрыгожыла іх жыццё. Вышыты вясельны ручнік – скарб, які можна перадаць у спадчыну сваім дзецям.

Цяпер вось  аматары творчасці загарэліся пляценнем з газетных трубачак. Хто асвоіў гэтае мастацтва, карзінку можа спллесці за 4-5 гадзін. Такі азарт – і матэрыял не дарагі, і творы атрымліваюцца мала што прыгожыя, яшчэ і практычныя. Імі можна карыстацца ў быце. Прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўносяць прыгажосць у абстаноўку дома, на рабоце, у грамадскіх месцах. Людміла Іларыёнаўна лічыць важным і тое, што гэты занятак развівае творчыя і камунікатыўныя здольнасці дзяцей, спрыяе іх самавыражэнню праз выраб мастацкіх работ, разам з тым і фарміруе працоўныя навыкі, творчую актыўнасць і выхоўвае мастацкі густ. Гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці вельмі папулярны сярод моладзі.

Ініцыятыў у Людмілы Віцько пра запас. Адметна, што сама яна з’яўляецца першапраходцам у новай справе, сама яе асвойвае з вялікім інтарэсам. І ўмее гэтую цікавасць перадаць іншым. Прыемна было пачуць, што ў складзе работнікаў культуры раёна Людміла Віцько мае добрую рэпутацыю. Пажадаем ёй і надалей гарэць самой і натхняць іншых.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *