З песняй па жыцці

Захапленні Нумары

Калі бачыш Ганну Шугаеву ў вячэрняй  сукенцы, слухаеш, як яна спявае, то ніколі не падумаеш, што гэтая дзяўчына носіць пагоны афіцэра. А спявае «міліцэйская лэдзі» прафесійна, укладвае ўсю душу ў кожнае слова песні. Такія ж у яе адносіны і да работы, і да людзей, з якімі яна кожны дзень сустракаецца па роду сваёй прафесіі. Няхай гэта ў асноўным замежныя грамадзяне, а Ганна Шугаева працуе старшым інспектарам аддзела па грамадзянстве і міграцыі Кастрычніцкага РУУС сталіцы, але кожны з іх ведае, што малады лейтэнант ім акажа дапамогу.

Ганна Андрэеўна праводзіць кансультацыі і прыём дакументаў па пытаннях выдачы дазволу на пастаяннае месца жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства. Пасля збору ўсіх неабходных дакументаў шчаслівыя грамадзяне атрымліваюць пасведчанні на права жыхарства з яе рук.

З парушальнікамі закона ў афіцэра размова кароткая і прынцыповая – адміністрацыйны пратакол. Калі госці краіны не разумеюць і сістэматычна здзяйсняюць адміністрацыйныя правапарушэнні, то прымяняюцца такія меры як высылка з краіны з забаронай на ўезд на нявызначаны час. А яшчэ малады інспектар штотыднёва ўдзельнічае ў рэйдах па апрацоўцы сталічных рынкаў, чыгункі на ўстанаўленне «нелегалаў».

Ганна родам са Стоўбцаў. Закончыла сярэднюю школу № 3 горада. Пасля вучобы ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь працавала справаводам у судзе. Далей Ганна звязала сваё жыццё з міліцыяй. І не шкадуе. Дзяўчыне вельмі падабаецца спяваць. Кожнае святочнае мерапрыемства праходзіць з яе ўдзелам. Яна часта выступае перад курсантамі першачарговай падрыхтоўкі ў вучэбным цэнтры МУС, з’яўляецца ўдзельніцай конкурсу «Галасы сталіцы» сярод арганізацый ГА «БРСМ» і т. п. А цудоўна выкананы хіт 80-х гадоў «Позвони мне, позвони» выражае ўсю сутнасць Ганны Шугаевай – працалюбівага, творчага чалавека. Кожны дзень Ганна Андрэеўна адказвае на сотні званкоў грамадзян, але галоўны званок у яе жыцці яшчэ наперадзе. Пажадаем Ганне Шугаевай шчасця і дабрабыту.

Леанід УШЭНІН, прэс-афіцэр Кастрычніцкага РУУС г. Мінска



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *