У подыху вясны

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Юным няштатным карэспандэнтам нашай газеты дае натхненне  аб’яўлены   Годам моладзі 2015-ты.

«Будучае любой краіны вызначае моладзь, – піша вучаніца Дзераўнянскай СШ Надзея Трасцянка. – У нашай школе старшакласнікі жывуць цікавым жыццём. Яны складаюць праекты па духоўна-маральным і экалагічным выхаванні. Многія мерапрыемствы прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Важную ролю ў выхаванні і фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі аказвае грамадская арганізацыя «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».

Наталля Чарнец, таксама член гуртка «Юны карэспандэнт» гэтай жа школы, так бачыць ролю моладзі ў грамадскім жыцці краіны: «Сучасная моладзь – гэта людзі розных поглядаў, розных захапленняў. Мяне радуе тое, што многія мае равеснікі займаюцца мастацтвам, музыкай, выхоўваюць у сабе добрыя чалавечыя якасці. Мне хочацца так пражыць сваё жыццё, каб пакінуць добры след на зямлі, прынесці карысць людзям і Радзіме».

Юлія Пугач, таксама вучаніца Дзераўнянскай школы, лічыць, што гэты год павінен стаць для маладых годам адкрыццяў, спадзяванняў, рэалізацыі планаў і цікавых праектаў: «Наша школа – россып яскравых талентаў, – піша аўтар. – Кожны выконвае сваю сольную партыю ў агульным школьным аркестры. Мы імкнёмся вырасці духоўна багатымі, інтэлігентнымі, крэатыўнымі, адукаванымі. Кожны школьны дзень праходзіць для нас у адкрыццях, знаходках.

Шчасце – у кожнай тваёй перамозе.

Шчасце – адолець і вецер, і град.

Шчасце – нідзе не спыняцца ў дарозе,

Спынішся – плынню адгоніць назад».

Педагог псіхолаг Дзераўнянскай СШ Наталля Вільнявец  расказала, як цікава ў навучальнай установе прайшло пасяджэнне клуба «Сям’я»: «Актыўны ўдзел прымалі бацькі вучняў пачатковых класаў – сям’я Шаламоўскіх, Святлана Новік, Еўдакія Драбік, Наталля Шыбрына, Алена Рослік, Тамара Ганісеўская. Маладыя таты і мамы глядзелі відэа, працавалі ў мікрагрупах, прымалі ўдзел у гульнях на ўвагу. Яны запоўнілі анкету, дзяліліся вопытам выхавання дзяцей. Сустрэча бацькоў і настаўнікаў прайшла змястоўна, карысна. Бацькі атрымалі памяткі, як правільна праводзіць гульні з дзецьмі, як развіваць іх цікаўнасць, як важна адказваць на пытанні дзяцей».

Лютаўскую пошту няштатных аўтараў «Праменя»   вызначалі  даты календара, а яшчэ – лірычны настрой  подыху вясны.

Член аб’яднання па інтарэсах «Юны журналіст» СШ № 3 г. Стоўбцы Дзіяна Варановіч падзялілася ўражаннямі ад вечара сустрэчы з выпускнікамі: «У нашу школу прыйшло шмат выпускнікоў юбілейных выпускаў – 5, 10, 15, 20, 25 і нават 30 гадоў з дня заканчэння навучальнай установы. З прывітальным словам выступіла дырэктар школы Ж. М. Лысая. Яна расказала пра дасягненні нашай школы. Ад выпускнікоў 1985 года слова брала  Л. В. Мядзведзь. Таксама з віншаваннямі ў адрас выпускнікоў і настаўнікаў выступіла Н. А. Рачко. На вечары спявалі песні, расказвалі вершы, гралі на гітары, нават стварылі новы клас «Выпускнік», для якога ад кожнага выпуску выйшлі па два жадаючыя. Быў праведзены ўрок «Школьнае жыццё». Вядучыя задавалі жартоўныя пытанні, на якія новыя вучні адказвалі, падымаючы руку».

Даслалі свае творы члены літаратурнага гуртка «Купалінка» Шашкоўскай сельскай бібліятэкі.  Карына Малахава, Ігар Рослік, Ганна Карсюк, Дар’я Лукша, Антон Мазуркевіч напісалі вершаваныя радкі. Роднай вёсцы Старына прысвяціла сваю замалёўку Надзея Бізгень: «Мне хочацца параўнаць сваю вёску з прывабнай паненкай з тонкім станам і ўплеценымі ў валасы лентамі дарог. Мінаюць дні, і прыгажуня-вёска мяняе сваё ўбранне. Як увішная і ўдалая гаспадыня, мая вёска паспявае ўсё: і пасеяць, і пасадзіць, і ўраджай сабраць… Жыві, мая вёсачка, не старэй, чакай мяне, напаўняйся галасамі».

Дзякуем за актыўнасць нашым юным аўтарам і кіраўнікам гурткоў «Юны карэспандэнт», якія працуюць у шэрагу школ раёна.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *