Усе мы любім біятлон

Нумары Спорт

Думаецца, што ў такім сцвярджэнні перабольшвання асаблівага няма. Пэўна ж, у кожнай сям’і, няхай і не ўсе яе члены, пільна вывучыўшы праграму тэлебачання, чакаюць з нецярпеннем, калі можна будзе паглядзець спартыўную перадачу па каналах «Беларусь-2» ці «Беларусь-5». Каб зноў адчуваць радасць ад перамогі нашай Дар’і Домрачавай на біятлонных трасах спаборніцтваў Кубка свету.

А Чэмпіянат свету па біятлоне прымае ў гэтыя дні Мінск, дакладней, прысталічны спартыўны комплекс «Раўбічы». І на старт выходзяць юніёры і юнакі камандаў больш чым сарака дзяржаў.

У нас жа хваляванне найбольшае: як выступіць наш Яўген Ліпай? Здольны хлопец, навучэнец Коласаўскай школы трапіў да ўмелага настаўніка Эдуарда Варывоцкага. Пачатковыя ўрокі сталі падмогай яму пры ўдасканальванні майстэрства на занятках з вопытнымі трэнерамі, спецыялістамі па біятлоне. Адзначыўся Яўген выступленнямі на рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. І цяпер самы адказны экзамен. Чэмпіянат свету, прытым у нашай краіне, на апрабаванай не раз трасе выдатнай спартыўнай базы «Раўбічы».

У першым відзе праграмы юніёры спаборнічалі ў індывідуальнай гонцы. Прызавы п’едэстал бегу на 15 кіламетраў са стральбой па мішэнях па выніках выступлення занялі больш вопытныя спартсмены Францыі, Расіі, Нарвегіі. У дзясятку мацнейшых увайшлі таксама і члены зборнай Беларусі Віктар Крыўко і Максім Верабей. Іх напарнікі па камандзе Алег Літвінскі, Уладзіслаў Мядзюха і Яўген Ліпай мелі шанц лепш праявіць сябе ў наступных стартах: спрынтарскай дыстанцыі 10 кіламетраў, гонцы праследавання і эстафеце.

У любым выпадку ўдзел Яўгена Ліпая ў Чэмпіянаце свету – сур’ёзная заяўка на міжнароднае прызнанне і ўмацаванне прэстыжу Стаўбцоўшчыны як спартыўнага раёна.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *