Лыжня Раўбічаў

Нумары Спорт

Сёння, 28 лютага, у 10.30 у рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы» пачынаецца зімовае спартыўнае свята «Мінская лыжня-2015». Вялікую цікавасць да гэтага дзейства праяўляюць і аматары спорту Стаўбцоўшчыны. Да месца спаборніцтваў з райцэнтра накіраваліся аўтобусы.

А на слыху ва ўсіх цяпер падзеі Чэмпіянату свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў. Дастойным стала выступленне на сусветным форуме юных спартсменаў Беларусі. Дар’я Блашко выйграла чэмпіёнскі тытул у спрынтарскай гонцы на шэсць кіламетраў. Яна ж разам з сяброўкамі па камандзе атрымала яшчэ адзін залаты медаль у эстафеце 3х6 км. Дарэчы, маем звесткі, што сваякі Дар’і, якая нарадзілася ў Наваполацку, жывуць у Стоўбцах.

Можна віншаваць з добрым выступленнем і нашага хлопца з Наваколасава Яўгена Ліпая. У апошні дзень спаборніцтваў Яўген стартаваў на трэцім этапе эстафетнай гонкі сярод юніёраў. Ён здолеў утрымаць на адрэзку дыстанцыі 7,5 км тэмп, зададзены таварышамі. У выніку юніёрская зборная Беларусі заняла пятае месца. Маглі б стаць і прызёрамі, але крыху падвяла стральба. Спецыялісты адзначылі, што чыстым ходам нават па раскісшай раўбіцкай трасе нашы спартсмены паказвалі высокія вынікі на кожным этапе. Каманда перспектыўная, галоўнае, што юныя біятланісты хуткія на лыжні, яшчэ б толькі падцягнуць стральбу.

Адным словам, і ў тых, хто сачыў за ходам спаборніцтваў каля экранаў тэлевізараў, і, тым больш, каму пашчасціла быць на месцы дзеянняў, настрой пазітыўны. Безумоўна, дабавіць эмоцый і сённяшняе спартыўнае свята ў Раўбічах.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *