Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне за апошнія два тыдні 17 шлюбаў, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 14 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: двайняты Яна і Ганна Годыль, Багдан Вяршына, Кірыл Пукарэвіч, Цімур Шпакоўскі, Софія Машчыц, Аляксей Санько, Мар’яна Каспяровіч, Аўгусціна Шынкарова, Софія Навіцкая, Кірыл Рудаман, Софія Голад, Мацвей Бурновіч і Уладзімір Шыбко.

Зямны шлях закончыўся для 32-х чалавек.

У пажарнай часці згадалі пажар у Найдзёнавічах – агнём моцна пашкоджаны хлеў вяскоўца. Матэрыялы па гэтым факце перададзены ў райаддзел міліцыі.  

Міліцыяй зарэгістравана 106 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 11 крымінальных спраў, у сямі з іх устаноўлены падазраваемыя. Так, з незачыненага аўтамабіля паблізу дома па вуліцы Свярдлова ў Стоўбцах зніклі дзіцячае аўтакрэсла, флэш-карта і інш. З дома стаўбчаніна па вуліцы Шаўчэнкі прапаў мабільны тэлефон. Падчас сваркі нецвярозы жыхар Казеек нанёс траўмы сваёй маці, што выклікала працяглае расстройства яе здароўя.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету прыцягнуты да адказнасці жыхар Мінска, які займаўся рыбнай лоўляй на вадаёме ў Зарэччы (Дзераўнянскі сельсавет) з парушэннямі правіл. На тэрыторыі Кульскога лясніцтва (угоддзі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў) пры правядзенні сумесных кантрольных мерапрыемстваў  выяўлены незаконна ўстаноўленыя петлі на зайца. Па падазрэнні  затрыманы жыхар Буцькавічаў, у сумцы якога знаходзілася пяць аналагічных петляў, прыгатаваных для ўстаноўкі. Браканьеру пагражае штраф да 50 базавых велічынь. 

Пракуратурай раёна праведзена праверка дзейнасці крымінальна-выканальніцкай інспекцыі райаддзела міліцыі па прафілактыцы рэцыдыўнай злачыннасці. Вывучэнне ўлікова-прафілактычных спраў паказала, што супрацоўнікамі інспекцыі дапускаюцца парушэнні патрабаванняў нарматыўных дакументаў, у прафілактычнай рабоце прысутнічае фармалізм. Па выніках праверкі начальніку РАУС унесена прадстаўленне.

ДАІ выявіла 157 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – шэсць нецвярозых вадзіцеляў і 11 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 18 недысцыплінаваных пешаходаў. Здарылася сем дарожных аварый. У адной з іх, на пешаходным пераходзе па вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах, пацярпела ад наезду пешаход. Пацярпелая змешчана ў хірургічнае аддзяленне бальніцы. Па даным факце праводзіцца  праверка. На гэтым тыдні завяршыліся дзве прафілактычныя акцыі ДАІ – «Пешаход» і «Міжгорад».

Санітарнай службай раёна ў выніку праверак забаронена рэалізацыя 14,5 кг харчовай прадукцыі, у тым ліку 2,8 кг – з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці (у магазінах райспажыўтаварыства № 34 у Стоўбцах і № 61 у Рубяжэвічах), 11,7 кг – з-за адсутнасці інфармацыі для спажыўца (магазін ІП В. В. Сагайдакевіч у Стоўбцах, а таксама магазіны райспажыўтаварыства – «Рамонак» і № 59 у Любкаўшчыне).

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ