Справы моладзі

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

БІЛЕТ СТАЎ ШЧАСЛІВЫМ

Маладыя спецыялісты Аляксандр і Святлана Панасюкі працуюць у  ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Аляксандра размеркавалі ў таварыства пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Тут ён займае пасаду інжынера-тэхнолага і па сумяшчальніцтве – інжынера па ахове працы.

– Мне пашанцавала не толькі трапіць ў добры калектыў, – расказвае Аляксандр, – я атрымаў і жыллё ў інтэрнаце маторнага завода. Пакуль што мы з жонкай задаволены. Зарплата неблагая, атрымліваем і даплаты.

Святлана працуе бухгалтарам.

Дырэктар Сяргей Мельнік не мае прэтэнзій да маладых спецыялістаў. Наадварот, хваліць. Працалюбівыя і ініцыятыўныя. З даручанымі абавязкамі спраўляюцца выдатна. Аляксандр, да таго ж, і да рацыяналізатарства здатны. Займаецца ўкараненнем у вытворчасць новых машын і агрэгатаў, якія распрацоўваюцца групай тамтэйшых інжынераў на чале з кіраўніком таварыства.

Аляксандр і Святлана стварылі сям’ю яшчэ студэнтамі. Вучыліся ў адной навучальнай установе, а пазнаёміліся ў электрычцы, калі ехалі дадому на выхадныя. Можна сказаць, купілі шчаслівыя білеты.

– А вось ва ўніверсітэце нашы шляхі не перасякаліся, бо вучыліся на розных факультэтах, – падтрымлівае гаворку Святлана. – Саша набыў прафесію інжынера-механіка, а я пасля дэкрэтнага водпуску працягваю вучобу па спецыяльнасці на завочным аддзяленні і сёлета буду абараняць дыплом. Нашаму сыну нядаўна споўнілася чатыры гады.

Працуюць Аляксандр і Святлана больш за паўтара года і мяркуюць пусціць карані ў Стоўбцах. Гавораць, што па чыгунцы зручна дабірацца дадому. Асабліва да бацькоў Святланы, якія жывуць у Гарадзеі. З вясны да позняй восені праводзяць там практычна ўсе выхадныя. Аляксандр родам з Іванаўскага раёна, але таксама нярэдка наведваецца да бабулі з дзядулем.  Маладая сям’я стала на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Чарга вялікая, і атрымаць кватэру ў бліжэйшы час не атрымаецца. Аднак кіраўніцтва таварыства зацікаўлена ў тым, каб маладыя спецыялісты, а зарэкамендавалі яны сябе з лепшага боку, засталіся працаваць. І па словах дырэктара, паспрабуюць дапамагчы вырашыць гэтую праблему – зняць або купіць у горадзе добраўпарадкаваную кватэру.

Вольны час сям’я праводзіць заўсёды разам –  цешацца з сыночка. Горад падабаецца. Невялікі, кампактны. Радуюць новабудоўлі. Толькі хацелася б маладым людзям, каб быў створаны прыгожы парк і ўстаноўлены атракцыёны для дзяцей. І вельмі спадзяюцца на тое, што ў нашым горадзе неўзабаве пабудуюць культурна-забаўляльны цэнтр. 

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара

 

З ЗАГСА – З АБЯРЭГАМ

У Дзень святога Валянціна, які сёлета выпаў на суботу – дзень, калі актыўна заключаюцца шлюбы, у аддзеле ЗАГС распісваліся пяць маладых параў.

Лютаўскі дзень закаханых традыцыйна прываблівае ў ЗАГС тых, хто адчувае адзін да аднаго сардэчныя  пачуцці. Сёлета сярод іх – Яўген Лявончык і Наталля Хлуд, Іван Бортнік і Таццяна Райская, Максім Грамыка і Гражына Душкевіч, Валерый Лапко і Вікторыя Гумарава, Васіль Феер і Святлана Хвалей.

– Кожнай пары мы жадаем пранесці вялікія пачуцці праз усё жыццё, стварыць сям’ю, якая будзе трымацца на каханні і вернасці, – дзеліцца галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС райвыканкама Таццяна Захарэвіч.  

Парам, якія заказалі ў гэты дзень урачыстую рэгістрацыю шлюбу, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі падрыхтаваў сюрпрыз – падарунак. Разам з ім сваё пажаданне маладым парам выказвае галоўны спецыяліст аддзела Анастасія Віслаўская: «Няхай гэтыя сувенірныя наборы, вырабленыя з нашага беларускага золата – ільну, стануць для маладых абярэгам, прынясуць удачу і сагрэюць цяплом утворанага імі сямейнага ачага».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ІНІЦЫЯТЫВА ХАРАКТАРЫЗУЕ МАЛАДЫХ

Пра работу з моладдзю расказвае галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Анастасія Віслаўская.

– Важнай часткай дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі. Гэты год, аб’яўлены Годам моладзі, асаблівы  такой знамянальнай датай як 70-годдзе Вялікай Перамогі. У нас прадугледжана цэлая серыя патрыятычных акцый і сустрэч, вахта памяці, работа цімураўскіх атрадаў… Задача маладых – атуліць увагай і клопатам кожнага ветэрана вайны, кожнага салдата Перамогі.

– Многія мерапрыемствы, як, напрыклад, дзень прызыўніка, вы праводзіце разам з раённым камітэтам БРСМ. Якія яшчэ грамадскія маладзёжныя арганізацыі дзейнічаюць на Стаўбцоўшчыне?

– Самай шматлікай маладзёжнай  з’яўляецца раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя». Піянерскі рух налічвае 2 657 школьнікаў  ва ўзросце 7-14 гадоў (гэта амаль 85 працэнтаў ад агульнай колькасці). Гэтай арганізацыяй шмат робіцца менавіта па патрыятычным выхаванні моладзі. Раённая арганізацыя БРСМ налічвае 1 063 чалавекі (14,2 працэнта ад агульнай колькасці моладзі раёна). Актуальнае пытанне – павелічэнне яе радоў, у сувязі з чым, на маю думку, неабходна больш праводзіць іміджавых мерапрыемстваў, скіраваных на папулярызацыю маладзёжнага руху. Не застаецца незаўважанай  дзейнасць у раёне Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, членамі якой з’яўляюцца 582 школьнікі, а таксама Беларускага таварыства выратавання на водах, членамі якога з’яўляюцца 2 270 вучняў.           

– Калі размова перайшла на лічбы, то што можна сказаць пра сельскую моладзь?

– Маладое насельніцтва Стаўбцоўшчыны  ва ўзросце ад 14 да 31 года складае на даны момант 7 522 чалавекі, ці 18,6 працэнта насельніцтва раёна, з іх 3 798 чалавек – моладзь гарадская і 4 724 – сельская. Сельскай моладзі, а яна амаль на тысячу пераважае гарадскую, удзяляем значную ўвагу. Наш раён у першую чаргу зацікаўлены ў замацаванні ў аграпрамысловых арганізацыях маладых спецыялістаў. Кожны год іх прыязджае да нас больш за сто чалавек, у тым ліку і кадры сельскагаспадарчага профілю. Традыцыйна ўшаноўваем іх на злёце маладых спецыялістаў «Першы крок у самастойнае жыццё». Арганізуюцца  спаборніцтвы на веснавой сяўбе, уборцы збожжавых і зернебабовых культур сярод маладзёжных экіпажаў і маладых вадзіцеляў. А для большай папулярнасці працы і быту на вёсцы летась на базе Старасвержанскага Цэнтра культуры прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла».

Маладых людзей Стаўбцоўшчыны запрашаю прымаць удзел у «кэвээнаўскім» руху, фестывалі маладзёжнай творчасці «Вясёлка талентаў» і іншых цікавых праектах.    

– Маладыя людзі менш абароненыя ў эканамічным плане. У іх невысокія заробкі, а некаторыя ўвогуле шукаюць працу…

– У мінулым годзе ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне было зарэгістравана 379 беспрацоўных ва ўзросце да 31 года. Звярнуліся ва ўпраўленне і 13 чалавек ва ўзросце да 21 года, якія ўпершыню шукалі работу. З іх працаўладкаваны восем чалавек, чатыры накіраваны на навучанне. Маладым людзям імкнёмся дапамагчы з прафесійнай падрыхтоўкай або перападрыхтоўкай, таму пераважная большасць тых, хто звярнуўся, знайшла сваё працоўнае месца. Сярод школьнікаў праводзім прафарыентацыйную работу. Паралельна займаемся  занятасцю школьнікаў у летні перыяд. З Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва летась было накіравана 88 мільёнаў рублёў, якія пайшлі на іншыя меры падтрымкі. Працавалі дзевяць вучнёўскіх брыгад  на  бягучым рамонце школ і на работах па праполцы зялёных насаджэнняў. Да працы было прыцягнута 98 вучняў, у тым ліку 14 – з няпоўных сем’яў, 11 – са шматдзетных сем’яў. Па ініцыятыве раённага камітэта БРСМ дзейнічалі 23 студэнцкія атрады: дзевяць экалагічных, чатыры педагагічныя і 10 сельскагаспадарчых.        

– Моладзь – наша будучае. Якім чынам вядзецца фарміраванне ў яе здаровага ладу жыцця?

– На гэтым адказным напрамку працуем у кантакце з усімі зацікаўленымі структурамі. Практыкуюцца, напрыклад, раённыя дні прафілактыкі негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі. Летась яны прайшлі ў Мікалаеўшчынскай, Горкаўскай, Любкаўшчынсай, Налібацкай, Дзераўнянскай і Коласаўскай школах, а ў летні перыяд – у дзіцячых аздараўленчых лагерах «Нёман», імя Я. М. Чайкі, «Церамок». З пачатку 2015 года ўжо пабывалі ў Засульскай школе. 

Варта згадаць рэспубліканскі конкурс сацыяльнай рэкламы «Будзь здаровы!». Рабяты праявілі творчасць, і на раённым этапе выбраны лепшыя відэаролікі. Імі сталі рэкламныя прадукты са школ №№ 3 і 2 горада Стоўбцы, Дзераўнянскай.

Заўсёды вялікай папулярнасцю і падтрымкай карыстаюцца ў працоўнай моладзі турысцкія злёты. І мацнейшымі ў агульнакамандным заліку – з году ў год – выходзяць каманды Стаўбцоўскіх электрычных сетак і філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. Традыцыяй сталі сумесныя акцыі з раённай арганізацыяй «Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа»: «Моладзь супраць ВІЧ/СНІД», «Дастукацца да нябёсаў» і іншыя.

–  Ёсць настрой на актыўную працу?

–  І на пошук новага, крэатыўнага. Будуць новыя праекты. Працягнем рэалізоўваць свае ранейшыя напрацоўкі. Але чакаем ініцыятывы і ад самой моладзі.

Гутарыла  Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

Прафесія – афіцэр

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў Старасвержанскай сярэдняй школе адбылася цікавая сустрэча старшакласнікаў з былым выпускніком гэтай установы адукацыі, сённяшнім навучэнцам Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Зубовічам, студэнтам 4 курса факультэта супрацьпаветранай абароны.

Матэрыял Ганны АЛЯШКЕВІЧ і Кацярыны РЫЦЬКО, вучаніц 11 класа Старасвержанскай СШ, можна пачытаць на 3-й старонцы газеты.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *