Стоўбцы – горад з гісторыяй і новымі перспектывамі

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

У Стоўбцах прайшло грамадскае абмеркаванне плана дэталёвай забудовы горада, у прыватнасці, адной з яе асноўных і цэнтральных частак – вуліцы Ленінскай. У зале раённага Цэнтра культуры, дзе праходзіла абмеркаванне, яблыку не было дзе ўпасці, і людзі, акурат вяртаючыся з працы, усё  падыходзілі… Старажылы і маладзейшыя стаўбчане, аднолькава зацікаўленыя і адказныя за лёс роднага горада, захацелі выказаць сваю пазіцыю, свой погляд на яго будучыню.

Не было сярод прысутных  раўнадушных, незацікаўленых у тым, каб горад наш, захоўваючы для нашчадкаў сваю гістарычную непаўторнасць, развіваўся архітэктурна, набываў сучасную функцыянальнасць і прывабнасць. Як будзе гэта рабіцца?  Нягледзячы на гарачыя спрэчкі, што не змаўкалі ў зале на працягу амаль трох гадзін, на працяглае папярэдняе абмеркаванне, аб’яўленае з 20-га студзеня, думаецца, узаемаразуменне і агульныя кропкі судакранання былі ўсё-такі знойдзены.

Знаёмілі з планам дэталёвай забудовы прадстаўнікі праектнай арганізацыі – БелНІПІ горадабудаўніцтва. Абмеркаванне прайшло з удзелам кіраўніка раёна Юрыя Горлава, галоўнага архітэктара Мінскай вобласці Аляксандра Валовіча, дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў.

Перш чым перайсці непасрэдна да абмеркавання, варта звярнуць увагу на некалькі прынцыповых момантаў.

Два гады таму пачалі распрацоўваць  генеральны план забудовы горада Стоўбцы, разлічаны да 2030 года. Ім прадугледжана развіццё горада з відавочным вычляненнем трох грамадскіх цэнтраў: гістарычнага (раён плошчы Леніна), адміністрацыйна-дзелавога (раён райвыканкама) і культурнага (новы мікрараён). У мэтах выканання генплана праектантамі быў распрацаваны план дэталёвай забудовы вуліцы Ленінскай.  На думку архітэктара Мінскай вобласці Аляксандра Валовіча, вуліца Ленінская павінна стаць своеасаблівым «мостам» (прычым – пешаходным) з гісторыі ў сучаснасць.

Вуліца Ленінская, адна са старэйшых вуліц, сімвалізуе сабою стары горад і, адначасова, працінае стрыжнем усе тры часткі, на якія ўмоўна падзелены горад. Невыпадкова, што менавіта з гэтай вуліцы пачынаецца першы этап рэканструкцыі Стоўбцаў (наступны этап закране раён вакзала). Праектанты прапануюць ушчыльніць плошчу Леніна, вялікую па памерах, але з неадэкватна дробнымі аб’ектамі, у раёне вуліцы Набярэжнай добраўпарадкаваць пляжныя тэрыторыі з аўтастаянкамі і дарожна-пешаходнай сеткай і інш. Старыя будынкі пасля капітальнага рамонту з улікам іх гістарычных асаблівасцяў атрымаюць новае функцыянальнае прызначэнне.

Калі прадугледжаны планам дэталёвай забудовы вуліцы Ленінскай знос кінатэатра, рынку «Кірмаш» і іншых малакаштоўных будынкаў і будаўніцтва замест іх новых аб’ектаў на вольных пляцоўках у раёне гаспадарчага магазіна знайшло аднадушную падтрымку, то знос жылых дамоў, большасць якіх сёння таксама ўяўляюць гісторыю на ўзроўні сям’і, роду і за апошнія 10-15 гадоў былі мадэрнізаваны спадчыннікамі і дапоўнены інжынернай інфраструктурай, выклікаў неадназначную  рэакцыю.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі запэўніў: «Пакуль не будуць забудаваны вольныя пляцоўкі, ніхто прыватным сектарам займацца не будзе. У кожнага домаўладальніка павінна быць перспектыва, і мы будзем вырашаць яе з кожным індывідуальна».

Думка дэпутата раённага Савета дэпутатаў Рамуальды Бурдукевіч, выбаршчыкі якой пражываюць у тым ліку і на вуліцы Ленінскай, наступная: «Горад развіваецца няправільна. Ён не мае цэнтра і архітэктурнага вобліку. Калі на ўчастку побач са старымі дамамі ўзводзяцца новыя – згадзіцеся, гэта непрыгожа. Развіваць горад трэба згодна з генпланам. Яго ў свой час дэпутаты разглядалі на сесіях раённага Cавета дэпутатаў, і разглядалі з улікам таго, што прыватны сектар будзе закрануты мінімальна».

Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў адзначыў:

– Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь даверыў мне ваш раён, і, паверце, за кожнае прынятае рашэнне я моцна перажываю. На даны момант праходзіць вучоба старшыняў райвыканкама ў Маладзечне, але сёння я не мог не прыехаць. За перыяд грамадскага абмеркавання бачыў, як людзі зацікаўлена вывучалі план дэталёвай забудовы вуліцы Ленінскай.

Ад жыхароў горада ў раённы выканаўчы камітэт паступілі 34 пісьмовыя прапановы. Усе іх мы вывучылі. Сёння выслухаем вашу думку. Мне, як чалавеку новаму ў Стаўбцоўскім раёне, але не новаму ў рэспубліцы, хочацца зрабіць для раёна штосьці на доўгую памяць. Вольная пляцоўка ёсць па вуліцы Міру. Калі мы будуем па два шматкватэрныя дамы ў год, то на яе забудову пойдзе не менш як 10 гадоў. Нам трэба завяршыць фізкультурна-аздараўленчы комплекс: першая чарга ўведзена, другую плануем у гэтым годзе. На гэта спатрэбіцца 42 мільярды рублёў. 25 мільярдаў знойдзена ў бюджэце, а 20 мільярдаў  мы павінны зарабіць. Другая праблема (а па сутнасці яна, напэўна, першая) – будаўніцтва ў горадзе дзіцячага сада, але мы не можам пачаць узводзіць сад, не завяршыўшы ФАК. Для ўзвядзення дзіцячага сада (на 230 месцаў, па вуліцы Міру) сёлета будзем рыхтаваць праектную дакументацыю. На гэтыя работы неабходна выдаткаваць 600 мільёнаў рублёў (пры тым, што праект – паўторнага прымянення). Будаваць дзіцячы сад пачнём з наступнага года. З улікам таго, што вызваляцца 70 месцаў у дзіцячым садзе № 7 (гэтыя дзеці пойдуць у першы клас) мы фактычна зможам закрыць існуючую чаргу на дзіцячы сад  сярод дзяцей ва ўзросце ад трох да шасці гадоў. У 2016 годзе будзем распрацоўваць праектна-каштарысную дакументацыю на новую школу на 720 месцаў, кошт праектных работ складзе больш за адзін мільярд рублёў.

Як і ў іншых гарадах Беларусі, будзем рабіць прыгажэйшымі старыя двухпавярховыя дамы па вуліцы Ленінскай. Рыхтуюцца праектныя дакументы для будаўніцтва магазіна «Белмаркет» па вуліцы Машынабудаўнікоў. Сеткавы магазін будзе ўзводзіцца і каля новай царквы – пляцоўка гэтая  выстаўлена на аўкцыён. Пляцоўку насупраць магазіна гаспадарчых тавараў будзем прапаноўваць з аўкцыёну інвестару, які створыць тут плошчу з гандлёва-забаўляльным аб’ектам, фантанам і, згодна з нашай умовай, – з кіназалай.

Што датычыць фінансавання. Горад патрабуе значных укладанняў. Сацыяльныя ўстановы будзем узводзіць за бюджэтныя сродкі, а гандлёва-забаўляльныя аб’екты – за кошт інвестараў. Выстаўляючы зямельныя ўчасткі на аўкцыён, будзем папаўняць раённы бюджэт і развіваць горад.

У абмеркаванні прынялі ўдзел многія стаўбчане. Усе жадаючыя свабодна падыходзілі да мікрафона і агучвалі сваю заклапочанасць за наш горад, надзённыя праблемы, якія неабходна вырашаць, і выказвалі прапановы адносна   развіцця Стоўбцаў.

Сярод такіх  праблем – адсутнасць у горадзе нармальнай ліўневай каналізацыі. Падчас дажджу паток імчыць праз увесь горад на вуліцы Горкага, Набярэжную, Танкістаў і іншыя. Як падкрэслілі спецыялісты, планам дэталёвай забудовы прадугледжана стварэнне ў горадзе ўсёй неабходнай інфраструктуры, у тым ліку і ліўневай каналізацыі.

Таццяна Калашнікава цікавілася: «Чаму на адным баку вуліцы ўкладваюць тратуарную плітку, а на другім – не?» «Хочацца максімальна ахапіць вуліцы, – патлумачыў Юрый Горлаў. – Як вы заўважылі, у пачатку 2015 года ў раённай газеце былі апублікаваны спісы жылых дамоў, вуліц, якія ў гэтым годзе будуць капітальна рамантавацца і добраўпарадкавацца. Гэтыя планы мы ажыццявім. Выбралі тыя праблемныя адрасы, адкуль паступала найбольш нараканняў, і, безумоўна, для таго, каб у кожнай частцы горада нешта зрабіць. Змяніць усё адразу немагчыма».

Тамара Лявонік узнімала пытанне добраўпарадкавання мікрараёна горада, размешчанага за чыгункай. Жыхары вуліцы Савецкай цікавіліся, калі па іх вуліцы будзе зроблены водаправод. Жыльцы за свае сродкі ўжо набылі трубы. «У бягучым годзе гэтыя работы будуць выкананы», – запэўніў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака. Ён жа даў тлумачэнне і на пытанне Сяргея Мельнікава: «Чаму ў экспазіцыі не было прадстаўлена тэкставых дакументаў?» Тэкставыя дакументы датычаць інжынерных сетак, таму прызначаны для службовага карыстання, у адрозненне ад эскізнага рашэння, якое было выстаўлена для агульнага агляду.

Жыхары ўзнімалі пытанне кампенсацыі ў выпадку, калі будзе зносіцца дом з усімі гаспадарчымі пабудовамі, пладовымі насаджэннямі. Загадчыца юрыдычнага сектара райвыканкама Любоў Жыбуль спаслалася на нормы Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 58, які прадугледжвае два магчымыя варыянты кампенсацыі: прадастаўленне жылога памяшкання тыпавых спажывецкіх якасцяў  (або з выплатай поўнай кампенсацыі, або з выплатай розніцы, калі такая ёсць), ці прадастаўленне іншага зямельнага ўчастка для будаўніцтва індывідуальнага жылога дома. Ва Указе агаворана, што ацэнка знесенай маёмасці будзе праводзіцца па рыначнай цане.

Ганна Галяновіч выказала сваю думку: «Наша галоўная вуліца – вуліца Цэнтральная. На ёй пражывае асноўнае насельніцтва горада. Плошчу Леніна, вуліцу Ленінскую трэба пакінуць як гістарычную, надаўшы большай прывабнасці тратуарам, фасадам дамоў. Гэтыя дамы дарагія тым, хто ў іх жыве.  «Стары горад трэба пакінуць старым горадам», – не сумняваецца Святлана Жэрнак. Уладзімір Пашковіч, Леанід Паўлюкевіч згодныя з тым, што развіццё сучаснага горада можна перанакіраваць у бок Задвор’я. Анатоль Чыкіда, Зоя Шостак і іншыя звярнулі ўвагу на тое, што неабходна будаваць прадпрыемствы, каб людзям было дзе працаваць, каб не трэба было  ездзіць на работу ў Мінск. І, калі людзі будуць мець больш высокія заробкі, то і выгляд дамоў стаўбчан стане куды цікавейшы.

Вынікі грамадскага абмеркавання падвёў Юрый Горлаў:

– Дзякуй усім за выказаную думку. На працягу месяца прадстаўнікі райвыканкама сумесна з праектантамі і архітэктурнай службай  пагутараць з жыхарамі, пасля чаго і будзе прынята рашэнне адносна дэталёвага плана забудовы вуліцы Ленінскай.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ПАКІДАЦЬ ЧАС ДЛЯ ДУШЫ

З 13 па 15 лютага ў Мінску па благаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Паўла, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі прайшоў штогадовы злёт моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы, які сабраў маладзёжныя групы з Мінска, Магілёва, Віцебска, Брэста і іншых гарадоў Беларусі, а таксама маладых людзей з Кіева, Масквы, нямецкага Рэгенсбурга.

У ім, як і ў мінулагоднім такім злёце, прынялі ўдзел выхаванцы нядзельнай школы пры Стаўбцоўскім Свята-Уваскрэсенскім прыходзе. Дэлегацыю ў складзе Валерыя і Лізаветы Лапіных, Івана і Ноны Шарковых, Рамана і Анастасіі Шайновых узначаліў выкладчык нядзельнай школы новага стаўбцоўскага праваслаўнага прыхода Андрэй Ліпніцкі.

Поўную інфармацыю Ланы Святліцкай аб злёце праваслаўнай моладзі можна прачытаць на 4-й старонцы газеты.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *