Сельскі час. За гаспадарлівасць, плён працы

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Людзі, якія трымаюць на ўласных падворках жывёлу і рэалізуюць дзяржаве лішкі малака і мяса, падтрымліваюцца ў нашай краіне і матэрыяльна, і маральна. У райвыканкаме прайшло мерапрыемства па ўшанаванні пераможцаў раённага спаборніцтва па закупках сельскагаспадарчай прадукцыі ў насельніцтва за мінулы год. 

У зале сабраліся старшыні сельвыканкамаў, малаказборшчыкі і малаказдатчыкі, якія забяспечылі летась вышэйшыя паказчыкі. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі  падзякаваў усім прысутным за плённую працу. Ён прывёў вынікі развіцця ўласных падсобных гаспадарак за мінулы год. У цэлым яны неблагія. У насельніцтва закуплена 425 тон малака ў заліковай вазе,  523 галавы маладняку буйной рагатай жывёлы.  Значна знізіліся толькі вынікі па закупе мяса свініны. Адбылося гэта ў сувязі з падзеямі, звязанымі з афрыканскай чумой свіней. Аднак свінапагалоўе ва ўласных падсобных гаспадарках паступова аднаўляецца. На пачатак года ў насельніцтва налічвалася 2432 галавы жывёлы. 

Што тычыцца малочных спраў, то закуп гэтай прадукцыі з кожным годам змяншаецца, бо  на падворках становіцца  менш кароў. Але той, хто рупіцца, трымаючы рагулю, ад рэалізацыі малака дзяржаве мае дадатковы даход.  Аркадзь Расціслававіч  згадаў, што сёлета, згодна з Пастановай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь № 2 ад 14 студзеня 2015 года, павялічаны памеры надбавак, якія выплачваюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, да закупачных цэн на сельгаспрадукцыю, што закупляецца ў насельніцтва. За кожны кілаграм здадзенага малака надбаўка складае 370 рублёў. А за кожны кілаграм здадзенага жывой вагой  маладняку буйной рагатай жывёлы вагою да 100 кг –  3750 рублёў. Да таго ж, у кожным сельгаспрадпрыемстве распрацаваны асабістыя меры па матэрыяльным стымуляванні вяскоўцаў, якія здаюць цялят у гаспадаркі.

Затым адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў. Пераможцам спаборніцтва сярод сельскіх выканаўчых камітэтаў  прызнаны Мікалаеўшчынскі сельвыканкам, дзе закуплена ў разліку на адну карову 2151 кілаграм малака.

Сярод малаказборшчыкаў вылучыўся Баляслаў Гайдукевіч (Рубяжэвіцкі сельсавет), які сабраў у разліку на карову 3237 кілаграмаў малака. Другое месца ў Аляксандра Глобажа (Вішнявецкі сельсавет), а трэцяе – у Ганны Коржык (Мікалаеўшчынскі сельсавет). Руплівыя працаўнікі закупілі ў разліку на карову адпаведна 2266 і 2151 кілаграм малака. Заахвочвальныя прэміі атрымалі малаказборшчыкі Надзея Філіповіч (Дзераўнянскі сельсавет), Вікторыя Суднік (Старасвержанскі сельсавет), Леакадзія Юрэц (Налібацкі сельсавет), Ганна Дабравольская (Літвенскі сельсавет), Валерый Гвоздзь (Шашкоўскі сельсавет).

Нязменны лідар сярод малаказдатчыкаў Іосіф Паўлавец (Старасвержанскі сельсавет), які рэалізаваў 18814 кілаграмаў малака. Як адзначыў Іосіф Віктаравіч, у яго ёсць жаданне займацца хатняй гаспадаркай, але з кожным годам становіцца цяжэй трымаць столькі кароў. А іх у дбайнага гаспадара шэсць. Балазе, дапамагаюць жонка і дзеці. Ад здачы малака сям’я мае неблагі даход, таму і не змяншаюць пагалоўя. Тым больш, што няма праблем і з кармамі. Кіраўнікі ААТ «Жацерава» і «Агранёманскі» выпісваюць сена па прымальнай цане, а таксама салому. На другім месцы Міхаіл Бець (Дзераўнянскі сельсавет), на трэцім  – Галіна Пявец (Мікалаеўшчынскі сельсавет) з вынікамі 13934 і 10591 кілаграм малака. Заахвочвальныя прэміі ў данай намінацыі ўручаны Кацярыне Навуменка, Юрыю Рымашэўскаму, Кацярыне Краўчанок (Мікалаеўшчынскі сельсавет), Антону Босаму (Налібацкі сельсавет) і Наталлі Барысевіч (Вішнявецкі сельсавет).

У спаборніцтве сярод органаў мясцовага самакіравання лепшымі прызнаны стараста вёскі Жацерава Вішнявецкага сельсавета Рэгіна Васілеўская, Сяргей Чатырка – стараста вёскі Новая Вёска Старасвержанскага сельсавета, Галіна Ждановіч – стараста вёскі Літва Літвенскага сельсавета. Старшыня райсавета дэпутатаў падзякаваў старастам за работу. А праца іх неабходная і патрэбная.  Гэтыя людзі першыя памочнікі і дарадчыкі старшыняў сельвыканкамаў, імі праводзіцца вялікая работа сярод насельніцтва па добраўпарадкаванні вёсак, навядзенні парадку на могілках. Дзякуючы іх актыўнасці і нераўнадушнаму позірку на існуючыя праблемы  станоўча вырашаюцца многія  набалелыя пытанні.

Усе пераможцы і прызёры спаборніцтва ўзнагароджаны дыпломамі, грашовымі прэміямі.

Надзея БАТАЛКА

На здымках: старшыня райсавета Аркадзь Казякоўскі ўручае ўзнагароду пераможцу сярод малаказдатчыкаў Іосіфу Паўлаўцу; лепшыя старасты вёсак – Рэгіна Васілеўская, Сяргей Чатырка і Галіна Ждановіч; прызёр спаборніцтва сярод малаказборшчыкаў Аляксандр Глобаж.

Фота аўтара

***

Пра загадчыцу малочнатаварнай фермы «Русакі» ААТ «Рубяжэвічы» Ядвігу Круглік можна прачытаць у заметцы “Брыгадзір“ на 5-й старонцы газеты “Прамень”, як і допіс “Падарунак ад гаспадаркі” вучня Шашкоўскай СШ Антона МАЗУРКЕВІЧА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *