Кожны законны зварот павінен быць задаволены

Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

Пракуратурай Стаўбцоўскага раёна прааналізаваны прычыны зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама стан законнасці пры іх разглядзе ў іншых органах, установах і арганізацыях раёна.

Устаноўлена, што ў 2014 годзе ў пракуратуру раёна паступіла 165 зваротаў грамадзян (у 2013 г. – 159), з якіх 89 (53) вырашаны. З агульнай колькасці вырашаных зваротаў задаволены патрабаванні па шасці.

Па накірунках нагляднай дзейнасці ўстаноўлена, што з агульнай колькасці вырашаных заяў і скаргаў грамадзян большая частка датычыла пытанняў следства і дазнання. Да іх адносяцца звароты на дзеянні і рашэнні следчых СК, такіх зваротаў пракурорскімі работнікамі ў 2014 годзе вырашана 14. 28 зваротаў разгледжана на дзеянні і рашэнні органаў дазнання, абгрунтаванымі яны не прызнаны. У мінулым годзе звароты на дзеянні і рашэнні органаў пракуратуры не вырашаліся.

Усяго пракуратурай раёна за 2014 год па пытаннях парушэння законнасці ў дзейнасці органаў папярэдняга расследавання ў Стаўбцоўскі РАУС унесены тры прадстаўленні, вынесена адно патрабаванне. Узбуджана сем дысцыплінарных вытворчасцяў у адносінах да супрацоўнікаў РАУС, па выніках разгляду якіх дзве службовыя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, да шасці прыменены меры матэрыяльнага ўздзеяння.

У 2014 годзе пракуратурай раёна вырашана 10 зваротаў грамадзян па пытаннях нагляду за выкананнем заканадаўства, з якіх тры задаволены.

Большасць зваротаў данай катэгорыі датычыла пытанняў захавання працоўнага заканадаўства: колькасць вырашаных склала чатыры, з якіх адзін прызнаны абгрунтаваным. З трох да чатырох павялічылася колькасць вырашаных  зваротаў па пытаннях прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.

У 2014 годзе ў пракуратуру раёна паступіў адзін зварот па пытаннях выканання жыллёвага заканадаўства, у задавальненні якога па прававых нормах было адмоўлена. Вырашаны зварот па пытаннях арганізацыі работы з заявамі грамадзян. Пасля яго разгляду  прынята рашэнне аб задавальненні. Вырашаны тры звароты па пытаннях нагляду за адпаведнасцю закону судовых пастаноў па грамадзянскіх справах. З чатырох у 2013 годзе да аднаго летась знізілася колькасць вырашаных зваротаў па пытаннях захавання законаў аб непаўналетніх, зварот гэты задаволены. За ўказаны перыяд не паступала ў пракуратуру раёна зваротаў грамадзян па пытаннях выканання зямельнага заканадаўства.

Пры разглядзе зваротаў супрацоўнікі пракуратуры раёна прымалі неабходныя меры па абароне і аднаўленні парушаных правоў грамадзян і юрыдычных асоб. Так, у пракуратуру паступіў пісьмовы зварот В. Э. Казлова па пытанні парушэння заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб службовымі асобамі філіяла «Стаўбцоўскае РБУ» ААТ «Універсалрамбуд». Праведзенай па гэтым факце праверкай устаноўлена, што В. Э. Казловым у адрас філіяла поштай накіраваны пісьмовы зварот па пытанні нязгоды з праведзеным разлікам за выкананую работу. Даны зварот быў атрыманы галоўным бухгалтарам філіяла, што пацвярджаецца яе подпісам на паведамленні аб атрыманні заказной карэспандэнцыі. Разам з тым, парушаючы п. 3 арт. 17 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», зварот філіялам ва ўстаноўлены законам тэрмін не разгледжаны, пісьмовы адказ заяўніку не накіраваны. У ходзе правядзення праверкі таксама ўстаноўлена, што адказнымі асобамі філіяла не захоўваецца парадак вядзення справаводства па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. Паводле вынікаў праверкі генеральнаму дырэктару ААТ «Універсалрамбуд» унесена прадстаўленне, з мэтай выканання якога дырэктар філіяла «Стаўбцоўскае РБУ» прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Акрамя таго, пракуратурай раёна ў адносінах да спецыяліста па кадрах, адказнага за вядзенне справаводства па зваротах грамадзян, складзены пратакол аб адміністрацыйнай адказнасці, судом ён прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе штрафу.

Усяго пракуратурай раёна па выніках разгляду зваротаў у 2014 годзе ўнесена 14 актаў пракурорскага нагляду, у тым ліку тры прадстаўленні, вынесены тры прадпісанні, прынесены два пратэсты, састаўлены чатыры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, вынесены два афіцыйныя папярэджанні.

За мінулы год пракуратурай раёна праведзена шэсць агульнанаглядных праверак выканання заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. А канкрэтна – тры праверкі ў райвыканкаме і яго структурных падраздзяленнях, па адной – у РУП «Стаўбцоўскае АКС», на філіяле «Стаўбцоўскае РБУ» і ў садовым таварыстве «Улыбка-1». Па выніках праверак унесена пяць прадстаўленняў, старшыня праўлення садовага таварыства афіцыйна папярэджаны. Па выніках разгляду актаў пракурорскага нагляду шэсць службовых асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Пракурорам раёна ў адносінах да трох службовых асоб складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Праверкі паказваюць на факты фармалізму, валакіты, непрыняцця мер для поўнага, аб’ектыўнага, усебаковага і своечасовага разгляду зваротаў, нерастлумачэння заяўнікам парадку абскарджвання рашэнняў аб поўнай ці частковай адмове ў задавальненні зваротаў, або аб пакіданні зваротаў без разгляду па сутнасці, парушэнні парадку вядзення справаводства.

У пракуратуру раёна ў 2014 годзе паступілі 32 звароты юрыдычных асоб (у 2013 г. – 55), з якіх 29 (51) вырашаны. З агульнай колькасці вырашаных 15 (49) зваротаў прызнаны абгрутаванымі.

Юрыдычныя асобы звяртаюцца ў пракуратуру раёна, як правіла, з просьбамі аб прад’яўленні іскаў у іх інтарэсах, якія абумоўлены, перш за ўсё, адсутнасцю на рахунках арганізацый, прадпрыемстваў свабодных грашовых сродкаў на выплату дзяржаўнай пошліны. Гэта і выклікана неабходнасцю своечасовай выплаты заработнай платы работнікам, правядзеннем  своечасовых разлікаў за закупленую сыравіну.

Пракуратурай раёна за 2014 год у эканамічныя суды накіравана 10 іскаў для абароны правоў і законных інтарэсаў суб’ектаў гаспадарання, чатыры іскі – у агульныя суды.

За ўказаны перыяд супрацоўнікамі пракуратуры на асабістым прыёме прыняты 151 грамадзянін. Асабіста пракурорам прыняты 38 чалавек. У асноўным грамадзяне звярталіся ў пракуратуру са скаргамі на пастановы РАУС аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальных спраў (аб прыпыненні вытворчасці па справах), на пастановы па справах аб адміністрацыйным правапарушэнні, на рашэнні суда па грамадзянскіх справах, па працоўных пытаннях.

Прыём грамадзян па месцы жыхарства і работы пракурорам і намеснікам пракурора раёна ажыццяўляецца штомесячна ў адпаведнасці з зацверджанымі графікамі. Забяспечвалася своечасовае інфармаванне грамадзян аб маючых быць прыёмах.

У 2014 годзе праведзены асабістыя прыёмы ў дзяржаўных органах, на прадпрыемствах і ва ўстановах раёна. А канкрэтна – на РУВП «Навасвержанскі лесазавод», у ДРБУ № 135, ААТ «Вішнявецкі-агра», Дзераўнянскім, Заямнаўскім і Мікалаеўшчынскім сельвыканкамах.

Па выніках работы за 2014 год пракуратурай раёна ў адрас старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама накіравана адпаведная інфармацыйная запіска аб прыняцці дадатковых арганізацыйна-практычных мер па ўдасканаленні работы са зваротамі грамадзян, няўхільным выкананні Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 2 «Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату», ухіленні выяўленых парушэнняў і недахопаў, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць.

Аляксей КУТАС, памочнік пракурора раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *