Свята для школьнікаў

Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

Свята для школьнікаў зладзілі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і рэдакцыя часопіса «Юный спасатель». 

Рэч у тым, што часопіс «Юный спасатель», сярод падпісчыкаў якога набярэцца нямала дзяцей і са Стаўбцоўшчыны, цікавы вялікай колькасцю аб’яўленых конкурсаў, гульняў, розыгрышаў і разнастайных творчых заданняў. Прыняць удзел хаця б у адным з іх імкнецца кожны, таму што ў абмен на прапанаванае супрацоўніцтва рэдакцыя абяцае прызы і падарункі.

На пачатку новага года былі падведзены вынікі конкурсаў сярод чытачоў і падпісчыкаў часопіса і названы імёны пераможцаў. Адметна, што ў Беларусі іх не так і многа – 60 чалавек, у Мінскай вобласці – шэсць, прычым трое – вучні нашага раёна

Каб павіншаваць іх і перадаць заслужаныя падарункі, а таксама дапоўніць знаёмства з юнымі выратавальнікамі Стаўбцоўшчыны не завочнымі, а рэальнымі сустрэчамі, супрацоўнікі рэдакцыі асабіста прыехалі ў Стоўбцы. У раённым Цэнтры культуры сабраліся равеснікі і аднакласнікі пераможцаў.

У ходзе святочнай праграмы першым запрасілі на сцэну гімназіста Кірыла Маслава. Ён аказаўся пераможцам у намінацыі «Я – чараўнік», прадставіўшы на конкурс сваё сачыненне. У чароўным лісце, а было гэта акурат пад Новы год, Кірыл загадаў жаданне – каб яго брат атрымаў на наваселле сюрпрыз у выглядзе аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Можна смела сказаць, што жаданне гэтае ўжо збылося. І падарунак аўтару ліста ўручыў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын. Усім школьнікам Валерый Валянцінавіч пажадаў быць здаровымі, спагадлівымі да іншых, як, напрыклад, Кірыл, які патурбаваўся ў першую чаргу не пра сябе, а пра брата, і таксама заўсёды адчуваць сябе ў поўнай бяспецы. З гэтым надзейна дапаможа аўтаномны пажарны апавяшчальнік. У адказах на гэтае і іншыя пытанні  паказалі сваю дасведчанасць усе дзеці з залы. За правільныя адказы іх узнагароджвалі прызамі. Адметны прыз – камплект каляровай нагляднай агітацыі на супрацьпажарную тэматыку – быў разыграны і сярод настаўнікаў. Сімвалічна, што ён таксама дастаўся прадстаўнікам гімназіі № 1, дзе і займаецца Кірыл.         

У ліку пераможцаў і вучні яшчэ адной школы – Вішнявецкай, прычым іх – трое. Брат і сястра Арцём і Аліна Аўлохавы намалявалі разам такую паштоўку, што яе палічылі самай арыгінальнай. А вучань гэтай жа школы, дзесяцікласнік Аляксандр Янчык вырашыў даслаць у рэдакцыю свае меркаванні аб будучым выбары прафесіі і выйграў у намінацыі… «Сенсацыя». У сваім допісе Аляксандр шчыра прызнаўся, што хацеў бы паступіць у Камандна-інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.                    

Свята адчулі не толькі названыя вучні-пераможцы, а і ўсе прысутныя ў зале. Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў разнастайных конкурсах, за што зараблялі прызы. Работнікі раённай дзіцячай бібліятэкі падрыхтавалі тэматычную інфармацыйна-літаратурную выстаўку «Жыццё без небяспекі», а на вуліцы побач з Цэнтрам культуры прайшла  дэманстрацыя  пажарнай тэхнікі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: ушанаванне пераможцаў конкурсаў сярод чытачоў і падпісчыкаў часопіса «Юный спасатель».

 

Пра бяспеку ў міжсезонне падпісчыкі могуць прачытаць на 7-й старонцы газеты ў наступных заметках: “Страхоўка ад крытычнай вады”, ”На «перахоп» паводкі”, ”Мадэліраваць сітуацыю”, “Выйшаў за парог і… «паехаў».



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *