«Мюзікпарад» у Германіі – са стаўбцоўскім аркестрам

Культура Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Колькі раз нам даводзілася радавацца поспехам стаўбцоўскага зводнага духавога аркестра. Неаднойчы мы агучвалі яго слаўныя перамогі на конкурсах, у тым ліку і міжнародных. Можна смела гаварыць аб тым, што аркестр з’яўляецца багаццем не толькі Стоўбцаў, але і нашай краіны. Пацвярджэнне таму – наступны факт. У Германіі на працягу некалькіх месяцаў традыцыйна праводзіцца «Мюзікпарад», на які запрашаюцца духавыя аркестры розных краін. Папярэдне ў рамках парада сусветнага тура ў прадстаўнічым шоу духавой музыкі паўдзельнічаў узорна-паказальны Ваенны аркестр Рэспублікі Беларусь. Было нечаканасцю, калі дырыжору і кіраўніку зводнага аркестра Стоўбцаў Аляксандру Нічыпаровічу патэлефанавалі з Мінска і прапанавалі прыняць эстафету ад Ваеннага аркестра і прадставіць Беларусь на гэтым сусветным шоу.  Аркестр сабраўся ў дарогу за некалькі дзён – яго ўдзельнікам не  першы раз спатрэбілася экспромтам падрыхтаваць праграму, правесці рэпетыцыі, настроіцца на замежную паездку. І вось нашы героі-музыкі вярнуліся з гастроляў. Мы просім Аляксандра Нічыпаровіча расказаць падрабязней аб удзеле ў міжнародным фестывалі.

–       На самой справе, для нас было вялікай нечаканасцю і ўзнагародай атрымаць такое запрашэнне, – расказвае Аляксандр Анатольевіч. – Мы ведалі, што такі буйны фестываль духавых аркестраў на працягу 20 гадоў праводзіцца ў Германіі. Як ведалі і тое, што ў ім прымаюць удзел паказальныя, самыя лепшыя аркестры розных краін, таму атрымаць такое запрашэнне для нас было раўназначна шоку. Уявіце сабе: разам з намі выступалі Нацыянальны прэзідэнцкі аркестр Балгарыі, Нацыянальныя духавыя аркестры Бельгіі, Польшчы, Германіі, Нідэрландаў, аркестр Узброеных Сіл  Польшчы, аркестр кансерваторыі Славакіі, аркестр Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Расійскай Федэрацыі.

–       Якія былі ўмовы ўдзелу у «Мюзікпарадзе» адносна рэпертуару?

–       Рэпертуар павінен быў складацца не толькі з твораў сучасных кампазітараў, уключаных ва ўласную праграму, але і з твораў нямецкіх кампазітараў. Калі мы атрымалі запрашэнне, на падрыхтоўку ў нас было толькі пяць дзён. Мы абнавілі праграму. Калі ж прыехалі ў Германію, арганізатары шоу прапанавалі аркестрам сыграць нацыянальныя мелодыі тых гарадоў, на арэнах якіх праходзіў музычны парад. Удзельнікі прэзідэнцкіх аркестраў краін не сталі напружваць свой графік, у сціслых умовах развучваць новыя творы. Для нас не навіна працаваць на энтузіязме, часам, на мяжы сваіх сіл. Я ўдзячны ўдзельнікам ансамбля за іх старанне і ахвярнасць. Мы змаглі вывучыць прапанаваны рэпертуар. І калі мы выходзілі на арэну і пачыналі іграць нацыянальныя мелодыі той мясцовасці, дзе выступалі, – публіка ўспрымала гэта стоячы. Гэта падымала дух. Разам з тым мы як нідзе ў іншых паездках да такой ступені не адчулі пачуццё патрыятызму, злучанасці нашых сэрцаў, як тут. Канцэрты праходзілі на вялікіх сцэнах, якія можна параўнаць з комплексам «Мінск-Арэна», яны ўмяшчалі па пяць-шэсць тысяч гледачоў. Светлавое табло прадстаўляла ўдзельнікаў. Для нас было вышэйшым стымулам, калі мы ўбачылі ўверсе ўсіх знакаў сімволікі наш беларускі сцяг і абвестку «Рэспубліка Беларусь, духавы аркестр г. Стоўбцы». Мы так унутрана згуртаваліся, і так ігралі, што публіка гэта адчула, праніклася нашай шчырасцю. У выніку –  авацыі.

–       Колькі чалавек было ў складзе аркестра?

–       28 музыкантаў і восем мажарэтак, якія здорава ўпрыгожылі наша выступленне. Мы ўдзячныя ім за тое, што экспромтам яны змаглі стварыць праграму пад нямецкія мелодыі. Усё так выдатна атрымалася.

–       Можна ўявіць, які быў напружаны графік работы аркестра.

–       Бывалі дні, калі мы спалі ўсяго некалькі гадзін у суткі. Шмат часу адымалі пераезды. Мы выступілі ў гарадах Вэцлар, Нюрнберг, Ульм, Штутгарт, Дортмунд, Эрфурт, Дрэздэн. З 5 па 16 лютага далі восем канцэртаў.

–       Якія ўражанні пакінулі знакамітыя аркестры?

–       Мы мелі магчымасць у поўнай гаме ўбачыць багацце музычных інструментаў прэзідэнцкіх аркестраў замежных краін, кошт якіх для нас недасягальны. Такі бляск новых труб – дух захоплівае. Вялікае ўражанне ў нас выклікаў ансамбль валынак з Англіі. Гэта нацыянальны брытанскі інструмент. Вельмі прыгожым было выступленне гэтага аркестра. Дарэчы тут будзе сказаць, што саліравалі ў нашым аркестры Уладзімір Рэцкі на трубе і Сяргей Лубчонак на дудзе – таксама  рэдкім на сучасны момант народным музычным інструменце.

– Хто выступіў спонсарам такой шматдзённай паездкі за мяжу?

– Арганізатары «Мюзікпарада». Нам быў аплачаны праезд, пражыванне ў атэлях і харчаванне. Хоць паездка і каштавала нам сіл, аднак па вялікім рахунку – гэта падарунак.

– Аляксандр Анатольевіч, хутчэй – гэта ўзнагарода за старанне, вялікую працу і вам, як кіраўніку калектыву, і ўсім членам аркестра. І гэта – стымул для далейшага развіцця знакамітага калектыву, сапраўднага скарбу Стоўбцаў. Дай вам Бог творчых і фізічных сіл на захаванне аркестра і яго далейшае развіццё.

– Так, мы абнаўляем цяпер узорны духавы аркестр «Васількі» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Нам вельмі  прыемна, што ў зводным аркестры іграе не адно пакаленне музыкантаў з сямейных дынастый, як Шыраны. Усе ўдзельнікі зводнага аркестра – выкладчыкі, вучні ці выпускнікі дзіцячай школы мастацтваў, якія цяпер працуюць у розных сферах, але застаюцца вернымі свайму калектыву. Паездка ў Германію дала нам магчымасць новых знаёмстваў, якія паслужаць, думаю, новым гастрольным паездкам. Як гэта здарылася з нашым выступленнем на конкурсе ў польскім горадзе Лобез. Дзякуючы гасціннасці нашых польскіх сяброў падчас далёкай аўтобуснай паездкі ў Германію мы змаглі зрабіць прыпынак у Лобезе, дзе для нас быў арганізаваны начлег і харчаванне. Выдатна, што завязваюцца такія творчыя сяброўскія сувязі. На конкурс «Залатая труба» імя І. С. Янкоўскага мы чакаем удзельнікаў з замежных краін. Наш аркестр рыхтуецца цяпер да паездкі ў Істру Маскоўскай вобласці на фестываль духавых аркестраў, атрымалі ўжо запрашэнне. Далей у планах – паездка ў Францыю. Так што паслабляцца не даводзіцца – і гэта добры знак жыццядзейнасці аркестра і яго творчага здароўя.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *