Жывуць сустрэчамі ветэраны

Вялікай Перамозе прысвячаецца Нумары

image_pdfimage_print

«Дамовіліся? Сустракаемся 9 Мая на мітынгу! Ісці не трэба, па вас прыедзе машына», – такі «дагавор» заключае з Мікалаем Кардашом старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы Іосіф Язвінскі.

Нагода для таго, каб наведаць ветэрана вайны Мікалая Кардаша, выдалася самая знамянальная: 6-га лютага яму споўнілася 90. З парога сустракае нас жонка юбіляра – Галіна Станіславаўна. І сам юбіляр імкнецца насустрач, пакінуўшы ўбаку сваю металічную апору. Старшыня ветэранскай арганізацыі не можа ўстрымацца ад каментарыя: «Уяўляеце, на мінулае 9 Мая Мікалай Кліменцьевіч, яшчэ з не зусім здаровай пасля пералому нагой, не дачакаўся высланай машыны і сам прыйшоў на плошчу Бессмяротнасці!..» Трэба сказаць, што юбіляр у свае шаноўныя гады рэгулярна наведваў і грамадскую лазню, пакуль няўдала не ўпаў там. Увесь аказаўся ў гіпсе. Каб падняць ветэрана на ногі, прыйшлося пастарацца медыкам, а яшчэ больш – яго любай жонцы, якая амаль год выходжвала мужа дома.

– Але застаўся жывы і нават хадзячы, – Мікалай Кліменцьевіч нібыта падводзіць рысу  пад бясконцай тэмай балячак. Пераводзіць на іншае: – Незадоўга да вашага прыходу павіншаваў мяне Міхаіл Мазур, старшыня раённай арганізацыі інвалідаў. І чыгунка, адкуль калісьці выйшаў на пенсію, мяне не забывае. Ветэранскай арганізацыі дзякуй – за бульбу, яе нам хапае на ўсю зіму…

Жонка ўдакладняе: любіць Мікалай Кліменцьевіч бульбачку… Лагічна, бо ён жа беларус. І сваёй роднай краіне Мікалай Кардаш паслужыў мужна, самааддана, як сапраўдны беларус.

У прыфрантавой зоне

– Нарадзіўся я ў пасёлку Наваельня Дзятлаўскага раёна, за польскім часам. Бацька працаваў кандуктарам на чыгунцы, а мама была дамашняй гаспадыняй – выхоўвала пяцёра дзяцей, – дзеліцца ўспамінамі Мікалай Кардаш. – З улікам бацькавага заробку жылі заможна. Але ў 1939 годзе бацьку двойчы выклікалі ва ўпраўленне дарогі ў Вільню. Прапаноўвалі памяняць веру – з праваслаўнай на каталіцкую. Ён не згадзіўся стаць «панам», таму быў пераведзены ў рамонтнікі са значна ніжэйшым акладам. Мой бацька, дарэчы, калісьці служыў у лейб-гвардыі Ізмайлаўскага палка. Даслужыўся да сяржанта.

Аднойчы, памятаю, я заўважыў у лесе трох савецкіх салдатаў. У іх працавала рацыя, а калі прыкмецілі мяне, сталі крычаць «Стой!». Я бегаў тады хутка, таму тры стрэлы праляцелі міма мяне. Як я потым зразумеў, гэта былі нямецкія разведчыкі, апранутыя ў форму салдатаў Савецкай Арміі. Праз некалькі дзён пачалася вайна. Мне было 16-ць… У наш пасёлак прыкацілі нямецкія матацыклісты. Тыдні са два яны ў нас правілі. Арганізавалі сваю фельджандармерыю. Гуляць па вуліцах было забаронена, але мы, падлеткі, парушалі гэтае табу… Недаядалі, таму вельмі хацелася есці. Аднойчы прыйшоў дадому позна і, у пошуках ежы, зазірнуў у шафку. Пуста. Тады ў рускую печку палез. Усадзіў у чыгунок пальцы, аблізаў. Быццам бы нічога. Выпіў увесь. А назаўтра мама сказала, што памыла посуд і памыі пакінула для кабанчыка…

У 1943-м годзе ўся наша сям’я захварэла на тыф. Мама – яшчэ і на дыфтэрыю. Выходжваў нас бацька, бо ён перахварэў раней і меў імунітэт. Выхадзіў усіх, акрамя мамы.  Яна ўвесь час ляжала без прытомнасці, а раптам ачуняла. Сказала, што памрэ. Я пацалаваў яе. Ноччу прачнуўся ад бацькавага галашэння: «Адгаравала, бедная…» На могілках мне стала дрэнна. Я заплакаў… Пасля смерці мамы больш не плакаў…

Услед за старэйшымі братам і сястрой пайшоў працаваць. Прынялі мяне ў чыгуначнае дэпо памочнікам слесара. 8 ліпеня 1944 года была вызвалена Наваельня, на наступны дзень – Дзятлава, і ўсіх нас, хто працаваў на чыгунцы, закранула мабілізацыя. Неабходна было аднаўляць у гэтай прыфрантавой зоне  падарваныя немцамі аб’екты жыццядзейнасці. Перад адступленнем асабліва бамбілі наш вакзал. Паязды адпраўлялі пад абстрэлам варожых «юнкерсаў» і тут жа ўцякалі ў акопы. Нам плацілі «прыфрантавую» надбаўку да зарплаты, і менавіта гэтая акалічнасць 10 гадоў таму паслужыла асновай для надання нам, чыгуначнікам, статуса ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.

На мірным фронце

Да ганаровага статуса ветэрана вайны ў Мікалая Кардаша нямала адзнак працоўных: медалі «За працоўную доблесць», «Ветэран працы», знак «Выдатнік савецкага гандлю». Увогуле – 42 гады працоўнага стажу, якія прайшлі на самых розных прадпрыемствах і ў арганізацыях: райспажыўтаварыстве і аблспажыўсаюзе, райгазе, раённым камбінаце бытавога абслугоўвання, Мінскім аддзяленні і Упраўленні Беларускай чыгункі. Давялося працаваць Мікалаю Кліменцьевічу і ў аўтапарку. Невыпадкова былы кіраўнік гэтага прадпрыемства Уладзімір Пашковіч таксама прыехаў павіншаваць свайго колішняга работніка з юбілеем.

Усюды, дзе б ні працаваў, Мікалай Кардаш узначальваў партыйную арганізацыю. Так склалася, што, акрамя Навагрудскага фінансавага тэхнікума і Вышэйшай кааператыўнай школы ў Маскве, ён  закончыў Інстытут марксізма-ленінізма і атрымаў вышэйшую палітычную адукацыю. У свой час закончыў і некалькі курсаў гістфака БДУ, але хвароба не дала магчымасці працягнуць вучобу. Цану ведаў і адукацыі ён зразумеў у дзяцінстве, калі пасвіў кароў…

Заслугоўваюць увагі першыя пасляваенныя гады дзейнасці Мікалая Кардаша, звязаныя з не меншай рызыкай, чым у гады вайны.

– Пасля тэхнікума я ўладкаваўся ў фінансавы аддзел Лідскага райвыканкама старшым інспектарам па дзяржаўных даходах, – расказвае Мікалай Кліменцьевіч. – Прыходзілася рабіць канфіскацыю ў асоб, асуджаных ваенным трыбуналам. У раёне тады гаспадарылі банды з ліку паліцаяў і праціўнікаў савецкай улады. Ад іх рук гінулі савецкія партыйныя актывісты. Рызыка была вялікай, таму нас узброілі. Сітуацый, калі за мною палявалі, стралялі па мне, было вельмі многа, але я не адстрэльваўся, выгляду не падаваў, хаця пісталет быў у рукаве напагатове. Скажу вам, што страляў я без промаху, быў стралком ад Бога.

Запомніўся адзін лясны хутар… Цямнела. Неабходна было заначаваць. У маім парабелуме – шэсць патронаў, зусім мала гранат. Папрасіў у знаёмага «опера» яго аўтамат. Ён у дадатак яшчэ і цэлую кішэню патронаў насыпаў. Але аўтамат я не праверыў. Ноччу выйшаў, паспрабаваў і… абамлеў.  Аўтамат гэты ў маіх руках рассыпаўся. Тросся да раніцы, а ледзьве ўзышло сонца, папрасіў у гаспадара сякеру. Выразаў кавалачак дроту, закляпаў. Тады толькі супакоіўся. Пазней даведаўся, што і швагер гэтага «опера» быў у бандзе… Доўгі час мне сніўся адзін і той жа сон: немцы бягуць на мяне, я ўзводжу аўтамат, а ён – не страляе…

Пасля гэтага выпадку вырашыў з’ехаць  у іншы раён. Я не здагадваўся, што і там, на Нясвіжчыне, ёсць свае бандыты. Яны грабілі магазіны. За бандытам Калевічам (па мянушцы Баран) паляваў і оперупаўнаважаны са Стоўбцаў І. Я. Клімаш і быў паранены.

З душой тэатрала

Стаўбчанін Мікалай Кардаш, аматар тэатра і кніг, падрабязна расказвае пра тое, як вялася ў нашых мясцінах барацьба з бандытызмам. Зразумела адно – жыццё яго магло абарвацца ў любую хвіліну, так, як і  ў прыфрантавой зоне. Аднак лёс збярог. Пасля такой двайной загартоўкі яму ўжо было нічога і ніхто не страшны. Кахання, сям’і хацелася… Працуючы ў Стоўбцах, ён здымаў кватэру, дзе і ўпадабаў мясцовую дзяўчыну Галіну, настаўніцу. Яна і стала яго сапраўднай другой палавінкай. У мінулым годзе іх сямейнаму саюзу споўнілася 55 гадоў. Вырасцілі сына, які жыве з сям’ёю ў Маскве. Ільготы чыгуначніка дазваляюць Мікалаю Кліменцьевічу ехаць да іх бясплатна, аднак здароўе, на жаль, ужо не для дарогі. Іх, дзяцей, бацькі чакаюць у госці.

Беражыце сябе і жывіце доўга, шаноўны Мікалай Кліменцьевіч!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: з віншаваннямі да 90-гадовага ветэрана вайны Мікалая Кардаша – член прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Пашковіч і старшыня арганізацыі Іосіф Язвінскі.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *