Міліцэйскі веснік

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

ЖЫЦЦЁВЫ ВЫБАР

Паглядзеўшы на фота гэтай маладой і прыгожай жанчыны, цяжка паверыць, што працуе яна міліцыянерам-канваірам. У нашым грамадстве існуе такі гендарны стэрэатып, што канваірам можа быць толькі мужчына. Хрысціна Коржык і сапраўды пакуль адзіная супрацоўніца ў мужчынскім калектыве ізалятара часовага ўтрымання райаддзела міліцыі. Службу нясе, між іншым, нароўні з калегамі і пры гэтым паспяхова сумяшчае яе з вучобай на завочным факультэце Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. У сакавіку пачнецца чарговая сесія, у Хрысціны ўжо трэці курс – своеасаблівы курсанцкі міленіум…

Свой прафесійны выбар Хрысціна зрабіла свядома, яшчэ школьніцай. Пасля дзявятага класа папрасіла маму перавесці яе са школы № 3 горада ў школу № 2, дзе дзейнічаў прававы клас. Мама, мякка кажучы, была ў шоку ад такога выбару дачкі, але не стала ёй пярэчыць. На працягу двух гадоў Хрысціна была стараннай вучаніцай і ў 2012 годзе закончыла прававы клас з сярэднім балам атэстата 8,6. Бал высокі, але, як прахадны на вызначаныя для дзяўчат сем (!) месцаў, аказаўся неканкурэнтаздольным. Хрысціне, якая была ў ліку моцных абітурыентак, прапанавалі быць залічанай у Акадэмію на завочны факультэт права. Яна не адмовілася. Больш таго, яе ўзялі на працу ў райаддзел міліцыі, папярэдне накіраваўшы на чатырохмесячныя курсы ў Вучэбны цэнтр МУС Рэспублікі Беларусь.

– За амаль тры гады службы прызвычаілася да сваіх абавязкаў, у першую чаргу – псіхалагічна, – разважае Хрысціна пра ўласныя міліцэйскія будні. – Асабліва складана бывае ў «этапныя» дні тыдня, калі прыходзіцца канваіраваць затрыманых у турэмную ўстанову. Практычна кожны дзень паступаюць заяўкі на канваіраванне з суда. Прымяняць табельную зброю або спецсродкі, на шчасце, не прыходзілася, хаця кантынгент канваіруемых і затрыманых бывае самы розны. Калі ўзнікае неабходнасць, прыходзіцца падмяняць у ізалятары калег-паставых.

На службе, і акурат будучы на пасту, Хрысціна сустрэла летась свой першы жыццёвы юбілей – 20-годдзе. Кіраўніцтва райаддзела першым павіншавала яе з гэтай падзеяй. Мінулы год адметны для Хрысціны і яшчэ адной значнай падзеяй – заключэннем шлюбу. Маладая жонка перасялілася ў дом свекрыві, але марыць з мужам пра ўласны дом. Паколькі Хрысціне прыходзіцца заступаць на дзяжурствы і ў выхадныя, святочныя дні, таму каханага мужа на ўсякі выпадак папярэдзіла: «Люблю сваю работу, даражу ёю».

Прыйшло і першае прызнанне службовых заслуг. Летась, у год 75-годдзя з дня ўтварэння райаддзела міліцыі, Хрысціне Коржык была ўручана Падзяка начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама. У ёй значыцца: «… маладому супрацоўніку, які дасягнуў высокіх вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці».

У свае дваццаць Хрысціна Коржык – самы малады ў райаддзеле міліцыі супрацоўнік. І менавіта ёй выпаў гонар быць у складзе дэлегацыі ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама на нядаўнім 42-ім з’ездзе грамадскага аб’яднання БРСМ.

– Членам БРСМ я з’яўляюся са школы, цяпер член пярвічкі БРСМ у райаддзеле, – падкрэслівае мая суразмоўца сваю прыналежнасць да актыўнага грамадскага жыцця.

Яе, між іншым, можна ўбачыць сярод удзельнікаў і міліцэйскай эстафеты, і спартыўных спаборніцтваў, і мастацкай самадзейнасці. І, закружыўшы з партнёрам у міліцэйскім вальсе, Хрысціна Коржык ніколькі не сумняваецца: зрабіла правільны жыццёвы выбар.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

Адказныя за правапарадак

Напярэдадні прафесійнага свята начальнік райаддзела міліцыі Іван Мамайка расказаў аб пазіцыях падраздзяленняў, падзяліўся свежымі данымі міліцэйскага рэйтынгу і ініцыятывамі РАУС, заклікаў ветэранаў прыняць удзел у рэалізацыі музейнага праекта.

(Аб гэтым чытайце на 3-й старонцы газеты ў артыкулеТаццяна ПЯТКЕВІЧ).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *