Ёсць тры пускавыя чаргі

Вытворчасць Нумары


На Навасвержанскім лесазаводзе ўведзены ў эксплуатацыю тры пускавыя чаргі, што фактычна сведчыць пра завяршэнне рэалізацыі буйнога праекта рэканструкцыі гэтага прадпрыемства.
– Апошнія дакументы былі падпісаны 31 снежня 2013 года, – падкрэслівае значнасць моманту і сімвалічную мяжу, за якой адкрываюцца новыя далягляды, дырэктар завода Васіль Дзейчык. – Усё абсталяванне працуе, цяпер выходзім на заяўленую магутнасць – гэта перапрацоўка 80 тысяч м3 круглага лесу ў год. Нашымі нямецкімі партнёрамі абучаны шэсць аператараў для работы на новай лініі, ім выдадзены сертыфікаты, яшчэ двое праходзяць навучанне. Выпушчана першая прадукцыя на новым абсталяванні. Яна адгружаецца і на экспарт – у Азербайджан, Літву, Бельгію, Галандыю, Германію.
Што змянілася на лесазаводзе гэтымі днямі? Хуткімі тэмпамі растуць аб’ёмы перапрацоўкі. Аднаразовая загрузка сушыльнай гаспадаркі даходзіць да 910 м3 піламатэрыялаў, гэта значыць за месяц дасягне амаль трох тысяч м3. Калектыў ужо адчуў праведзеную мадэрнізацыю – павелічэннем заработнай платы амаль на 160 працэнтаў. Да прыкладу, сярэднямесячны памер яе за лістапад выйшаў на ўзровень амаль 4 500 000 рублёў. У сувязі з увядзеннем на заводзе трох пускавых чэргаў, гэта лічба – не мяжа, а толькі старт.
Васіль Дзейчык падзяліўся першачарговымі планамі кіраўніцтва завода:
– Неабходна разлічыцца па старых даўгах. Выйсці на вытворчую магутнасць. Напрацоўваць абаротныя сродкі. Акрамя таго, плануем таксама ўстанавіць лінію аптымізацыі і зрошчвання. У будучым прадбачым вялікія аб’ёмы драніцы, таму прапрацоўваем пытанне і аб устаноўцы пелетнай вытворчасці. У наш кацёл, магутнасць якога разлічана на 5 МВт, мы закідваем, дарэчы, адходы вытворчасці, у тым ліку на 80 працэнтаў – кару.
– Як будзе складвацца ў 2014 годзе сітуацыя з сыравіннай базай?
– На 2014 год у нас прадугледжана арэндная лесасека аб’ёмам 65 тыс. м3 хваёвай сыравіны. Распрацоўваем яе, а тыя 15 тыс. м3, якіх не хапае для выхаду на праектную магутнасць, пазней будзем закупляць праз біржу.
– Недахопу ў рабочых руках не адчуваеце?
– Дэфіцыту кадраў няма, але ў сувязі з павелічэннем аб’ёмаў нам спатрэбяцца рабочыя па сартаванні і ўкладцы піламатэрыялаў.
– Які настрой у калектыве ў сувязі з апошнімі зменамі?
– Настрой – выдатны. Да гэтай падзеі мы ішлі пяць гадоў. Лесазавод стаў высокатэхналагічнай вытворчасцю, якая не можа не быць канкурэнтаздольнай і перспектыўнай на сучасным рынку.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *