Такую выбрала прафесію

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

07

Для дырэктара райплемстанцыі Людмілы Курыльчык сёлетні год удвайне юбілейны. Па-першае, жанчына ў сакавіку адзначыць свой самы важны жыццёвы юбілей, а па-другое, неўзабаве споўніцца трыццаць гадоў, як працуе ў сістэме сельскагаспадарчай вытворчасці раёна.

Людміла Эдуардаўна прыехала на Стаўбцоўшчыну пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута, дзе набыла спецыяльнасць ветэрынарнага ўрача. Чаму гарадская дзяўчына выбрала менавіта гэтую прафесію? 

– У школе неяк не задумвалася, кім стану ў дарослым жыцці. Было ўсё роўна куды пайсці вучыцца, таму і згадзілася з прапановай сяброўкі скласці ёй кампанію, – расказвае Людміла Эдуардаўна. – І мы абедзве паступілі. Толькі сяброўка неўзабаве выйшла замуж і забрала дакументы. Хацела і я кінуць вучобу, але мама ўгаварыла мяне гэтага не рабіць. Яна рана пайшла з жыцця, але я тады прыслухалася да яе слоў, аб чым  ніколі не пашкадавала.

Вучоба давалася дзяўчыне лёгка, і па размеркаванні яна ішла другой сярод выпускнікоў факультэта. Канешне, хацелася бліжэй да дому, а жылі бацькі ў Слуцку. Але па збегу абставін атрымалася так, што трапіла ў Вішнявец, дзе на той час будаваўся новы свінагадоўчы комплекс. Чатырнаццаць гадоў адпрацавала там галоўным ветурачом.

– Працаваць было цікава, паказчыкі  атрымлівалі высокія, – успамінае Людміла Курыльчык. – Многа моладзі тады было ў вёсцы, дастаткова спецыялістаў ветэрынарнай службы.

Затым была праца ў райветстанцыі, дзе Людміла Эдуардаўна паступова паднімалася па кар’ернай лесвіцы. На працягу некалькіх гадоў займала пасаду намесніка галоўнага ветурача раёна. Характар работы быў не кабінетны, а больш на «колах». Сёння Людміла Курыльчык узначальвае калектыў. Невялікі, але зладжаны. Толькі пасада гэтая таксама не дазваляе ёй сядзець на месцы. Штодзень выязджае ў гаспадаркі. Прычым не толькі па сваёй асноўнай, селекцыйнай рабоце, а і дапамагае з правядзеннем кантрольных доек, сочыць за навядзеннем санітарнага парадку на фермах, утрыманнем і кармленнем жывёлы. Летась за шматгадовую і добрасумленную працу атрымала Падзяку Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Людміла Эдуардаўна абаяльная і прывабная жанчына, добрая гаспадыня і клапатлівая маці. Двое дзяцей, дачка і сын, ужо дарослыя. Жывуць і працуюць у сталіцы, аднак  8 Сакавіка заўжды прыязджаюць дадому з кветкамі і падарункамі, каб павіншаваць самага дарагога і любімага чалавека з гэтым светлым вясновым святам.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

***

Брыгадзір паляводчай брыгады Акуліна Ермаковіч сустракае сёлета на гэтай пасадзе сваю сорак шостую вясну.  Шахноўшчына, Белькаўшчына, Кнотаўшчына, Мясёнкаўшчына і Грабёнаўшчына – на палетках гэтых вёсак шчыруе яе брыгада. Пра гэтую цудоўную жанчыну чытайце артыкул Надзеі БАТАЛКА “ДЗВЕ ЖАНЧЫНЫ – ДВА БРЫГАДЗІРЫ” на другой старонцы нумара газеты за 7 сакавіка.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *