Няхай падзеі будуць радасныя

Нумары Сям'я

image_pdfimage_print

Вельмі адметныя падзеі адбыліся ў 2013 годзе ў жыцці маці-гераіні з Цеснавой-2 Анжэлы Віндзігульскай. У адзін год яна нарадзіла шостае дзіця і стала бабуляй (з розніцай у месяц).  Дачка Юлія падарыла ёй унучку Карыну. А ў яе сям’і нарадзілася дачка Аліна.

Старэйшыя дзеці Анжэлы Іванаўны пакінулі ўжо сямейнае гняздо. Юлія замужам. Сын Дзмітрый вучыцца ў Санкт-Пецярбургу – з’яўляецца курсантам Ваенна-марской акадэміі імя Макарава. Жыццё Веранікі праходзіць у беларускай сталіцы – яна атрымлівае спецыяльнасць у каледжы прадпрымальніцкай дзейнасці. Дзевяцікласніца Цясноўскай сярэдняй школы імя  Ф. Э. Дзяржынскага Дар’я рыхтуе сябе да самастойнага жыцця, паспяхова асвойваючы вучэбныя прадметы і сур’ёзна займаецца спортам. Дарэчы, і старэйшыя дзеці таксама  адстойвалі гонар школы на спартыўных спаборніцтвах.

У наш час сем’і, у якіх пяць і больш дзяцей, – не такая  частая з’ява. Яны на асаблівым рахунку ў грамадстве. А тым больш тыя, якія паказваюць прыклад выдатнага выхавання сваіх дзяцей. Анжэла Іванаўна з поўным правам можа сказаць, што яе дзеці – яе багацце. Што ж датычыць цяжкасцяў, то ў вялікай сям’і і радасці дзеляцца дружна, і праблемы пераносяцца лягчэй.

Прыёмшчыца Цясноўскага комплексна-прыёмнага пункта Анжэла Віндзігульская цяпер у дэкрэтным адпачынку па доглядзе дваіх маленькіх дзяцей – Рамана і Аліны. Разам з мужам яна стварае ім належныя  ўмовы для выхавання. Заставацца захавальніцай сямейнага ачага – найвялікшая місія для жанчыны, вышэйшая за ўсе астатнія.               

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *