У сваёй роднай школе

Адукацыя Нумары

У сваю родную школу, цяпер – ужо гімназію № 1, Вольга Яўсейчык прыйшла працаваць, маючы педагагічны стаж. Выпускніца Нясвіжскага педкаледжа па спецыяльнасці пачатковыя класы і англійская мова пачынала свой працоўны шлях у Заямнаўскай сярэдняй школе. Атрымала вышэйшую адукацыю ў Беларускім лінгвістычным універсітэце. Потым выкладала англійскую мову ў пасёлку Негарэлае Дзяржынскага раёна. Гаворыць, што ёй так шкада было перад дэкрэтным адпачынкам пакінуць класнае кіраўніцтва ў выпускным класе – да заканчэння навучальнага года заставалася некалькі месяцаў.

Пасля таго, як яе Сонечка падрасла, у гімназіі вызвалілася месца настаўніцы англійскай мовы. Вольга Іванаўна прызнаецца, што ёй боязна было ісці ў сваю родную школу. Яна апасалася, што настаўнікі будуць адносіцца да яе як да былой вучаніцы. Аднак сур’ёзнасць маладога педагога, стрыманасць, дастаткова высокі прафесіяналізм (яна мае першую кваліфікацыйную катэгорыю)   дапамаглі Вользе Яўсейчык хутка ўліцца ў педагагічны калектыў і адчуваць сябе з усімі на роўных. Гэта адбылося таму, што самі педагогі адразу ж прынялі яе. Ёй далі класнае кіраўніцтва ў дзявятым, ужо сфарміраваным яе папярэднікам-настаўнікам, класе.

Для Вольгі Яўсейчык аднолькава важна і значна весці англійскую мову і быць класным кіраўніком у 11 «Б» класе. Яна аддае і аднаму занятку, і другому шмат сіл, энергіі, наватарства, інтарэсу. Гаворыць, што адзінаццацікласнікі – гэта дарослыя людзі, з якімі вельмі цікава будаваць адносіны, жыць іх радасцямі, дапамагаць ім вырашыць іх праблемы. Самае галоўнае, каб гэтыя адносіны былі  даверлівымі.

Што ж датычыць выкладання англійскай мовы, то ў гімназіі склаўся моцны калектыў настаўнікаў-«замежнікаў», дастаткова малады па ўзросце. У адрозненне ад іншых школ, у гімназіі англійская мова ў класах выкладаецца не тры разы на тыдзень, а пяць. Такая ўвага да прадмета дысцыплінуе і настаўнікаў, і вучняў. Вучні пранікаюцца думкай, што англійская мова – важны прадмет. І нават калі не прыйдзецца спецыялізавацца далей па ім, то добра ўмець карыстацца англійскай мовай у аэрапорце, на чыгуначным вакзале, у іншых грамадскіх месцах, выязджаючы за мяжу. Настаўнікі імкнуцца, каб дзеці палюбілі гэты прадмет.

Вольга Яўсейчык лічыць важнымі  і тыя абставіны, што ў гімназіі ў другім класе вучыцца яе старэйшая дачка Марыя. Як аказалася, у гэтым жа класе вучацца яшчэ двое дзяцей былых яе аднакласнікаў. Вось такая прыгожая пераемнасць, такі працяг сябе ў дзецях. Вольга Яўсейчык усё больш адчувае гэтую роднасць з навучальнай установай, і даражыць тым, што ў рабоце дапамагаюць і родныя сцены.

Святлана ЖЫБУЛЬ,

фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *