Са знакам гасціннасці

Гандаль Нумары

image_pdfimage_print

Афіцыянт, як і, параўнаем, сцюардэса, з’яўляецца перад наведвальнікамі ў бездакорнай знешняй форме, з вытанчанымі манерамі і заклікана стварыць прыемны настрой. Бясспрэчна, у многім ад прафесіяналізму афіцыянта залежаць уражанні кліентаў ад рэстарана ці кафэ.

У Святланы Лапкоўскай ёсць і яшчэ адзін клопат –  стварыць імідж нашаму гораду. Працуе яна ў кафэ прыдарожнага сэрвісу «Турыст». Да нядаўняга часу гэты аб’ект грамадскага харчавання райспажыўтаварыства быў у статусе рэстарана. Кафэ прымае вялікую колькасць наведвальнікаў, пераважна вадзіцеляў, якія праязджаюць  праз Стоўбцы па аўтамагістралі Брэст – Масква. У першую чаргу, ад афіцыянта залежыць  гасціннасць.

У нас была магчымасць паназіраць за майстэрствам Святланы  Лапкоўскай падчас абласнога конкурсу кандытараў, павароў і афіцыянтаў, які праходзіў у Стоўбцах. Святлана Іванаўна прадстаўляла стаўбцоўскае райспажыўтаварыства на гэтым  форуме майстроў сэрвісу Мінскай вобласці.  Толькі знешне здаецца, што прафесія афіцыянта простая. Работа патрабуе не толькі знешніх бездакорных манер, але і валодання складанай навукай сервіроўкі стала. Неабходна дасканала ведаць віды посуду і спосабы яго падачы. Хутка і па-майстэрску патрэбна было прадэманстраваць тэхнічныя прыёмы работы – падачу напіткаў, раскладванне страў наведвальнікам, замену выкарыстанага посуду на чысты. І тут патрабавалася не толькі хуткасць, але галоўнае – творчы падыход. Здавалася б, якая дробязь – скласці сурвэткі. Не скажыце! Гэта таксама навука, і ад афіцыянта патрабавалася за адведзеныя мінуты прапанаваць найбольшую колькасць варыянтаў складвання сурвэтак. Таму, каб афіцыянту стаць прафесіяналам, патрэбны глыбокія веды правілаў сервіроўкі стала і практычнае асвойванне гэтага майстэрства.

Ужо 10 гадоў пасля заканчэння навучальнай установы Святлана Лапкоўская працуе афіцыянткай. Святлана адбылася як адзін з лепшых афіцыянтаў сістэмы спажывецкай кааперацыі. Яна прызнаецца, што любіць сваю прафесію, якая заклікана ствараць добры настрой, а значыць – упрыгожваць наша жыццё.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *