Справы маладых

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

ТЫМ, ХТО ЗА РУЛЁМ

Як і ў мінулагодні дзень 8 Сакавіка, раённы камітэт БРСМ сумесна з аддзелам ДАІ плануе павіншаваць на вуліцах нашага горада жанчын, якія будуць за рулём.

–  Акцыя-віншаванне будзе праходзіць з кветкамі. Штогод яна пазітыўна ўспрымаецца стаўбчанкамі і ўсімі жыхарамі райцэнтра, – адзначыла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Моладзь будзе старацца стварыць святочны настрой як мага большай колькасці жанчын. Разам з кветкамі ім падораць цёплыя словы, усмешку і наказ быць дысцыплінаваным вадзіцелем.

Нядаўна  раённы камітэт БРСМ арганізаваў для працоўнай моладзі раёна, а таксама групы юных спартсменаў з Наваколасава на чале з трэнерам Эдуардам Варывоцкім,  паездку на Чэмпіянат свету па біятлоне сярод юніёраў, які праходзіў у Раўбічах. Была магчымасць пахварэць за нашага земляка, члена зборнай Беларусі па біятлоне Яўгена Ліпая.

Пр

 

НЕ ПЕРАСТАВАЦЬ ЗДЗІЎЛЯЦЬ І НАГАДВАЦЬ ПРА СЯБЕ

Напярэдадні 8 Сакавіка ў маладых людзей асабліва шмат думак і клопатаў. Трэба адшукаць цёплыя словы, набыць букет кветак, патурбавацца загадзя пра падарунак… 

Для каго нашы шаноўныя мужчыны і жанчыны гатовы несці ўсе гэтыя выдаткі і, адпаведна, ад каго жанчыны з нецярпеннем чакаюць узаемных знакаў увагі? Якія падарункі варта дарыць блізкім і дарагім людзям і што, у сваю чаргу, хочацца атрымаць ад іх у гэты святочны дзень? Што трэба для таго, каб свята адчувалася не толькі ў святочны дзень 8 Сакавіка?..

Адказы на гэтыя пытанні мы шукалі ў маладых людзей, з якімі пазнаёміліся восенню мінулага года на адным з раённых мерапрыемстваў –  злёце маладых спецыялістаў.

Юлія МАРОЗІК, эканаміст аўтапарка № 17:

– Са святам  8 Сакавіка буду віншаваць сваіх родных: матулю, бабулю, цётачку, хросную… Зразумела, не пакіну без увагі сваіх сябровак. На свята якраз збіраюся да іх у Брэст. У гэтым горадзе я закончыла летась універсітэт, аб ім засталося шмат добрых успамінаў. Мяне, думаю, таксама будуць віншаваць мае блізкія, сябры мужчынскага полу. Кола зносін у мяне дастаткова шырокае, таму, спадзяюся, будзе нямала прыемных момантаў. Сама рыхтую ўсім падарункі і, канешне, чакаю падарункаў. Ды галоўнае, напэўна, не самі падарункі. Клопат, любоў – вось галоўнае. Хочацца быць шчаслівай. Каб была сям’я. Каб быў мір на зямлі. У мяне ёсць шмат жыццёвых планаў, якія імкнуся рэалізаваць. Пакуль на першым плане – работа і вучоба. Мару атрымаць другую вышэйшую адукацыю. А неўзабаве – цэнтралізаванае тэсціраванне… Удзячна за тое, што мяне добра сустрэлі ў аўтапарку, і вопытныя калегі дапамагаюць асвойваць прафесію.       

Аляксандр МІХНО, памочнік ляснічага Кульскога лясніцтва:

– Каго буду віншаваць? Маму, сястру, пляменніцу, дачку… А што падарыць ім, пакуль не задумваўся. Яшчэ ж цэлы тыдзень наперадзе! Разумееце, справаздачы ў нас цяпер, гарачы перыяд… Нядаўна адзначылі 23 лютага, Дзень абаронцаў Айчыны. Нас усе віншавалі. І дома, і на рабоце. Дарагім мне жанчынам звычайна купляю кветкі. Ружы. Словы цёплыя гавару. Без гэтага – ніяк. Магчыма, трэба было б і пра сюрпрыз які падумаць, але ў мяне з сюрпрызамі чамусьці не выходзіць. Маме сваёй вельмі ўдзячны. Рады, што вярнуўся працаваць у свой раён. Родам я з вёскі Каменка Налібацкага сельсавета. Сустрэлі ў калектыве добра.  Расказалі ўсё, патлумачылі. А калі ў цябе ўсё ўдаецца, то хочацца працаваць, і праца гэтая  прыносіць задавальненне.    

Ганна КРЫСЬ, інжынер па лесааднаўленні Стаўбцоўскага доследнага лясгаса:

– Буду віншаваць з жаночым святам маму, сястру, сваякоў… У мяне цётачак многа. А яшчэ – настаўніцу сваю. У яе калісьці, у пачатковай школе, займалася макрамэ. Яна жыве ў Слоніме, ёй 63 гады. Завуць яе Вольга Іванаўна. Я вельмі яе люблю. Званю ёй. І яна мяне абавязкова віншуе з днём нараджэння.

Якія падарункі? Ды звычайныя: букет кветак і што-небудзь па дробязі, для кухні. Мяне павіншуюць, думаю, мае сябры, калегі, малады чалавек. Ад яго чакаю букет кветак. Што ад калегаў? Раней я працавала ў Кульскім лясніцтве, там мне падарылі на 8 Сакавіка архідэю ў гаршчочку – менавіта тое, што я вельмі хацела. Даглядаю расліну, таму яна ў мяне ўжо два разы цвіла і збіраецца закрасаваць  трэці раз. Цяпер перайшла на працу ў лясгас, але, думаю, што ў гэтым калектыве мужчыны нас таксама любяць. Настрой у мяне вясенні. Толькі нядаўна выйшла на працу пасля чарговага адпачынку. Адпачыла. Нагулялася ўдосталь з маленькім пляменнікам.      

Вераніка САДОЎСКАЯ, тэхнолаг філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат»:

– Настрой – цудоўны! Вельмі чакаю свята. Буду віншаваць з ім маму, бабулю, сваякоў, сяброўку. З сяброўкай працуем разам на адным прадпрыемстве. Рыхтую загадзя ўсім падарункі. Гэта не сакрэт: невялікія сувенірчыкі, але, думаю, яны будуць ім прыемныя. І сама чакаю падарункаў – ад родных, ад свайго маладога чалавека. Спадзяюся, што ён падорыць мне і кветкі, і свае пачуцці. Пазнаёміліся з ім у Стоўбцах, у кафэ. У Стоўбцы я прыехала з Пінскага раёна, пасля заканчэння Пінскага мясамалочнага каледжа. У дзень 8 Сакавіка звычайна ідзём з сябрамі ў кафэ. Адпачываем, гуляем у парку. Вясновае надвор’е дазваляе атрымліваць асалоду ад жыцця. На рабоце мужчыны нас таксама будуць віншаваць. Калі мы віншавалі іх 23 лютага з Днём абаронцаў Айчыны, то тонка намякнулі: хлопчыкі, рыхтуйцеся, хутка 8 Сакавіка…

Аляксандр ЛАШУК, інжынер філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы:

– Са святам 8 Сакавіка буду віншаваць маму. Канешне, сваю дзяўчыну. 8 Сакавіка пападае сёлета ў нядзельны дзень, таму паеду да яе ў госці ў Карэліцкі раён. Яна працуе там. Хачу падрыхтаваць ёй сюрпрыз. Але пакуль у роздуме: які? Знаёмыя з ёю пяць гадоў, не першы раз віншую з рознымі святамі. Проста падарыць кветкі – гэта банальна, трэба нечым здзівіць яе. Сваю маму звычайна віншую па тэлефоне, таму што дома бываю рэдка. Быў студэнтам Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, а са жніўня 2014 года прыехаў па размеркаванні ў Стоўбцы. Маме мы дорым агульны падарунак ад нас траіх – бацькі, брата і мяне. Як правіла, гэта карысныя і неабходныя рэчы, яны аблягчаюць яе працу на кухні і даюць магчымасць накарміць нас, мужчын, смачна. Ну, канешне, і пра нас гэтыя падарункі пастаянна нагадваюць. Я, хутчэй за ўсё, пайду служыць. На даны момант знаходжуся ў ваенкамаце, праходжу медыцынскую камісію. Са здароўем усё ў парадку. А астатняе? Гляджу ў будучае з аптымізмам.            

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *