Уберажоныя любоўю

Нумары Сям'я

image_pdfimage_print

Журналісцкія дарогі прывялі нас да незвычайнага чалавека.

Тамара Васілеўская жыве ў Задвор’і. Яе жыццё адметнае тым, што яна прымае ў сябе дома дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў,  клапоціцца пра іх, дорыць сваю любоў і пяшчоту.  У штаце аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама на пасадзе прыёмнай маці Тамара Васілеўская знаходзіцца з 2002 года, з таго часу, як быў зацверджаны інстытут прыёмнага бацькоўства. Аднак неафіцыйны стаж яе служэння дзецям з нядобранадзейных сем’яў, сацыяльным сіротам намнога большы. Перш чым пачаць пра гэта гаварыць, варта сказаць некалькі слоў пра лёс самой Тамары Віктараўны.

У Стаўбцоўскую школу-інтэрнат, размешчаную ў Задвор’і,Тамара прыехала маленькай дзяўчынкай з дзіцячага дома. Для многіх супрацоўнікаў, мясцовых людзей, работа ў гэтай установе была не толькі выкананнем сваіх службовых абавязкаў, але нечым намнога большым. Выхавацелі прывыкалі да дзяцей, якія цягнуліся да іх, рэагавалі на ласку, цеплыню сэрца, вельмі шкадавалі тых, каму на канікулы не было куды паехаць, і забіралі іх да сябе дамоў. Так было і з Тамарай. Яе брала дамоў адна сям’я, а потым удачарыла дзяўчынку. Тамара трапіла да бацькоў, якія сумелі стаць ёй роднымі, любілі яе і стварылі ўсе ўмовы, каб яна магла раскрыцца як асоба. Тамара закончыла індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, а потым – педагагічны ўніверсітэт. Асэнсаваўшы цяпер многае, што адбылося ў яе жыцці, яна бачыць Промысел Божы ў тым, што працаваць  пайшла пасля атрымання педагагічнай адукацыі ў тую ж школу-інтэрнат, дзе вучылася сама. Калі школу сталі расфарміроўваць, Тамара Васілеўская пашкадавала адну дзяўчынку – Вольгу, якой не было куды ехаць, і забрала яе да сябе. У час летніх канікул яна прытуліла ў сябе дома і сябровак Вольгі з гэтага ж інтэрната  – дзвюх Таццян. Стала з імі сур’ёзна займацца як рэпетытар, і падрыхтавала іх да паступлення ў Нясвіжскі педагагічны каледж. Яны паспяхова яго закончылі і ўсе тры атрымалі потым вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка. Дзяўчаты ўдала выйшлі замуж, маюць дзяцей. Вольга працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце і вядзе ўрокі матэматыкі ў адной са школ Лагойскага раёна. Адна з Таццян стала педагогам сацыяльным, другая – выкладае геаграфію ў гімназіі ў Нясвіжы. Яны ўсе трымаюць сувязь з Тамарай Васілеўскай. Яна і цяпер іх настаўляе – вучыць, каб былі ўдзячныя Богу за ўсё, каб паважалі, цанілі, бераглі сваіх мужоў, якія сталі ім надзейнай апорай, каб былі вернымі спадарожніцамі ім у жыцці.

Тамара Віктараўна гаво-рыць, што ўсе, хто быў пад дахам яе дома, выйшлі на добрую дарогу жыцця. У яе працоўнай біяграфіі было восем гадоў работы ў Стаўбцоўскай дапаможнай школе, якая  размяшчалася ў Караліне, і якую таксама расфарміравалі. Тамара Васілеўская прыняла да сябе ў дом дзяўчынку Наташу. Заручыўшыся падтрымкай сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, яна давяла да канца справу, каб дабіцца жылля для Наташы, якая нарадзіла дзіця і стала мамай.

Потым прыняла да сябе дзяўчынку Марыну. Пасля заканчэння дзевяці класаў яна выбрала сабе прафесію, захацела стаць цырульнікам, паступіла ў вучылішча і паспяхова яго закончыла. Тамару Васілеўскую гэта радуе, а найбольш тое, што Марына добра выйшла замуж, трапіла ў добрую сям’ю, нарадзіла дзіця, жыве з мужам у Фаніпалі. І гэта – вышэй за ўсе ўніверсітэты. Але Марына рыхтуецца працягнуць вучобу. Падзялілася з Тамарай Віктараўнай планамі, што будзе паступаць у эканамічны каледж, а потым плануе атрымаць вышэйшую адукацыю.

Наступнай дзяўчынцы Лерачцы было пяць гадоў, як яе прыняла Тамара Васілеўская. Яна сагрэла яе мацярынскай любоўю, перад тым як яе ўдачарылі, паклапацілася зрабіць ёй дзве аперацыі на вочы, якія былі неабходныя. Дзяўчынку ўдачарылі яе родныя, якія жывуць у Лос-Анджэлесе. Цяпер Валерыі 11 гадоў. Яна выдатна развіваецца. Аб гэтым Тамара Віктараўна ведае, таму што трымае сувязь з Валерыяй і яе сям’ёй па скайпе.

Яшчэ да таго, як Валерыю ўдачарылі, у прыёмнай сям’і з’явіўся Стас. Гісторыя яго прыходу да Тамары Васілеўскай такая. Адна з прыёмных маці моцна захварэла і памерла ад анкалагічнага захворвання. У гэтай сям’і выхоўваліся прыёмныя хлопчык і дзяўчынка. Падчас пахавання спецыялісты сектара аховы дзяцінства разам з прыёмнымі бацькамі сталі думаць, куды вызначыць дзяцей. Чатырохгадовага Стасіка ўзяла Тамара Васілеўская. Так з’явіўся ў Тамары Віктараўны сынок, да гэтага ў яе выхоўваліся дзяўчынкі. Вядучы спецыяліст сектара аховы дзяцінства Алена Гамза, якая заўсёды суправаджае нас у паездках да прыёмных і апякунскіх сем’яў, гаворыць, што на Тамару Васілеўскую заўсёды можна паспадзявацца, калі патрэбна прыладкаваць дзіця на некаторы час, да прыняцця рашэння аб яго далейшым лёсе. Тамара Віктараўна заўсёды возьме яго ў свой дом і будзе клапаціцца аб ім столькі, колькі трэба.

Калі Лера паехала ў Амерыку, прыёмная маці ўсё часцей стала задумвацца аб тым, што Стасіку было б весялей, калі б у сям’і было яшчэ адно дзіця. Аказалася, што ў Станіслава ёсць родны брат, які выхоўваўся ў іншай прыёмнай сям’і – Гумаравых з Заямнага. Так злучыліся Стасік і Аляксей. Аляксей вучыцца ў пятым класе СШ № 2 г. Стоўбцы. Стасік з’яўляецца вучнем СШ № 3 г. Стоўбцы, вучыцца ў чацвёртым класе. Тамара Віктараўна гаворыць, што выхоўваць дзяцей ёй дапамагаюць спецыялісты сектара аховы дзяцінства, якія пастаянна праводзяць семінары, аказваюць метадычную дапамогу і наогул трымаюць цесную сувязь з прыёмнымі бацькамі. Яна вельмі ўдзячна і настаўніцы Станіслава. Міласць Божая да хлопчыка, што ў выхаванні яго прымае ўдзел і Тамара Ненадавец, мудры педагог і нераўнадушны да лёсу хлопчыка чалавек. Падтрымка прыёмным бацькам і зносіны паміж сабою, калі можна атрымаць  параду, удзел у выхаванні дзяцей. Тамара Віктараўна сябруе з Зояй Гавака, таксама былой супрацоўніцай Стаўбцоўскай школы-інтэрната, якая таксама жыве ў Задвор’і. Зоя Іванаўна гэтак жа доўгі час працавала прыёмнай маці, дапамагла пракласці ў самастойнае жыццё дарогу траім дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. Прытулак у доме Тамары Васілеўскай мела і Антаніна Сідарэня, якая да назначэння на пасаду метадыста сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму працавала прыёмнай маці. З Тамарай Васілеўскай яны знаёмыя з першага класа. Як цесна звязаліся лёсы гэтых незвычайных, асаблівых у Бога людзей. Можна так гаварыць, таму што выхаванне чужых дзяцей – гэта і радаснае служэнне, і  подзвіг. І гэтая задача больш цяжкая, чым выхаванне сваіх родных дзяцей, таму  што прыёмныя дзеці ўжо сутыкнуліся з безадказным бацькоўствам і маюць псіхалагічныя траўмы, у многіх – складаныя фізічныя захворванні. І на цяжкую працу па выхаванні іх дае сілы толькі Гасподзь. Евангелле суцяшае: «Хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае» (Мф. 18:5).

Тамара Васілеўская пахрысціла хлопчыкаў у праваслаўнай царкве.  На памяць аб гэтай падзеі над рабочым сталом школьнікаў вісіць прыгожая ў ківоце ікона Спасіцеля.

Газетная плошча заўсёды цесная, каб расказаць пра такіх людзей больш поўна, як яны таго заслугоўваюць, з’яўляючыся прыкладам вялікіх хрысціянскіх дабрадзейнасцяў, як міласэрнасць, самаахвярнасць, любоў. Апускаючы многае, што б дапоўніла вобраз гераіні нашага аповеду, хочацца сказаць аб тым, што Тамара Васілеўская адна ўтрымлівае прыватны дом і вялікі зямельны надзел, які застаўся ад бацькоў. Нястомна працуюць яе рукі, як і яе сэрца, якое гатова прыняць у сябе столькі дзіцячых лёсаў і аблегчыць долю гэтых дзяцей.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

***

Калі Надзея Сямёнаўна бавіць свой вольны пенсіянерскі час каля тэлевізара, нярэдка з дапамогай пульта трапляе і на перадачу «Пусть говорят». Адна з іх закранула і яе за жывое. Небезвядомы Андрэй Малахаў дапытваўся ў гераіні: «Дык якую з гэтых жанчын вы лічыце сваёй матуляй?..»

У Надзеі Сямёнаўны на гэтае пытанне быў і ёсць гатовы адказ… А які – зразумееце, прачытаўшы замалёўку Таццяны ПЯТКЕВІЧ “СОНЕЙКА МАЁ”, змешчыную на 2-й старонцы газеты за 7-га сакавіка.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *