Вясновыя дні «Вялікага Двара»

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У ААТ «Вялікі Двор» працуюць пяцьдзясят пяць  жанчын. Яны займаюць розныя пасады і шчыруюць у масавых прафесіях, але пераважная большасць занята ў жывёлагадоўчай вытворчасці. Узначальвае калектыў Вольга Луцык, на  пасадзе кіраўніка яна сорак тры гады. І ўвесь гэты час справы ў гаспадарцы ладзяцца – у раслінаводчай  і  жывёлагадоўчай галінах вынікі ў ліку самых высокіх не толькі ў раёне, а і ў вобласці. Даволі моцная эканоміка, што дазваляе паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі. З году ў год таварыства ў пераможцах і прызёрах не толькі раённага спаборніцтва,  неаднойчы засвяцілася ў рэспубліцы. Вольгу Аляксееўну ведаюць і цэняць у вышэйшых эшалонах улады. Пра Луцык, як пра кіраўніка і заслужанага работніка сельскагаспадарчай вытворчасці Рэспублікі Беларусь, можна гаварыць бясконца, бо яна і сапраўды легенда раёна. Мае шэраг урадавых узнагарод. Ёй было прысвоена званне «Жанчына года». Але ў першую чаргу Вольга Аляксееўна, як і іншыя працаўніцы гаспадаркі, пяшчотная маці і ласкавая бабуля. У калектыве, якім яна кіруе, нямала шматдзетных маці.

У адміністрацыйным будынку таварыства, як па-простаму называюць яго людзі, – канторы працуе ведаючы сваю справу жаночы калектыў спецыялістаў. Менавіта тут збіраецца, рыхтуецца і афармляецца неабходная дакументацыя, пішуцца важныя паперы, робяцца падлікі і вядуцца разлікі. Кожны работнік з месяца ў месяц наведвае гэтае падраздзяленне, пачынаючы з дня, калі ўладкоўваўся на работу. Сярод ветэранаў працы галоўны эканаміст Ала Полацкая і сакратар Людміла Марзалюк. Шчыра рупяцца і бухгалтары Ірына Стэльмах і Тамара Францкевіч. На здымку (злева направа) спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Наталля Клімовіч, начальнік аддзела кадраў Святлана Гурская, галоўны бухгалтар Ірына Чэкмарова, бухгалтары Ганна Чатырка, Клаўдзія Мядзведзь і Армінэ Бабаханян, юрыст Кацярына Царук, бухгалтар-касір, старшыня прафкама Вікторыя Райская.

Жывёлагадоўчы комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы «Вялікі Двор» на лідзіруючых пазіцыях не толькі ў раёне. Вытворчае падраздзяленне мае высокі рэйтынг і ў рэспубліцы. Важкі ўклад унесены яго працаўнікамі ў агульную скарбонку таварыства і летась –  па вытворчасці мяса гаспадарка заняла першае месца ў раённым спаборніцтве. Дабівацца высокіх паказчыкаў калектыву дапамагае зладжанасць і ўзаемавыручка. На здымку (злева направа) Ірына Смецюх, якая мае самы вялікі стаж работы, дваццаць гадоў яна рупіцца цялятніцай, выходзіла пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва сярод работнікаў сваёй прафесіі, жывёлаводы Святлана Зайцава, Юлія Касякова, намеснік брыгадзіра комплексу Наталля Харлап – у мінулым перадавая цялятніца, Святлана Гарбацэвіч і Галіна Сілка.

Шмат гадоў працуе аператарам Наталля Жылка, паказваючы прыклад у рабоце. Высокія паказчыкі і ў Наталі Маісеевай. Заатэхнікам комплексу нязменна на працягу трыццаці сямі гадоў працуе Любоў Кірыкеш. Жанчына ўжо на пенсіі, але работу не кідае. А малады спецыяліст Надзея Сахарэвіч рупіцца заатэхнікам па племянной справе.

Святлана Тарабэш (на здымку справа) пятнаццаць гадоў працуе дыспетчарам. Нямногім больш за сваю сяброўку рупіцца загадчыцай склада запчастак Наталля Аўчарэнка. Паважаныя і сумленныя жанчыны. Вясёлыя і лёгкія на пад’ём. Абедзве прыехалі на работу ў гаспадарку з Казахстана.

Імкнуцца дасягнуць яшчэ вышэйшых паказчыкаў жывёлаводы МТФ «Асіпаўшчына». Гэта адна з лепшых у раёне фермаў па надоях малака. У недалёкім мінулым  калектыў быў узнагароджаны пераходным прызам, заснаваным у гонар Героя Сацыялістычнай Працы Зінаіды Ярашэвіч. І сёння жывёлаводам цалкам па сіле паўтарыць колішні вынік. За мінулы год яны надаілі ў сярэднім ад кожнай каровы каля сямі тысяч кілаграмаў малака. Брыгадзірам трэці год працуе Людміла Сасюк, спецыяліст, якая дасканала ведае тэхналогію вытворчасці. Актыўная, карыстаецца павагай. А памочнікам у яе шчыруе былая загадчыца МТФ «Падлессе» Лілія Раманейка. Лілія Сцяпанаўна ўзнагароджана ордэнам Дружбы народаў і рупіцца ў жывёлагадоўчай галіне вось ужо сорак чацвёрты год.

Пераважная большасць аператараў машыннага даення – людзі прыезджыя, але пусцілі тут карані. І працуюць  сумленна. Шчыра рупяцца (на здымку злева направа) Ірына Гудзь, Вольга Швайко, Марына Стахно, Ганна Паўловіч, брыгадзір Людміла Сасюк, Ганна Стэфаноўская і адна з самых вопытных даярак Антаніна Марзалюк. Зарэкамендавалі сябе з самага лепшага боку аператары машыннага даення Ірына Кельбах, Валянціна Велігорская і Алена Антанюк.

У калектыве МТФ «Вялікі Двор» працуюць сем аператараў машыннага даення. На новай ферме людзям створаны выдатныя ўмовы для работы. Усе тэхналагічныя працэсы тут механізаваны. Даяркі працуюць ў даільнай зале. Па выніках работы за мінулы год вытворчае падраздзяленне ў прызёрах раённага спаборніцтва. Руплівіцы надаілі ў сярэднім ад кожнай каровы  8037 кілаграмаў малака. Усе жанчыны адказныя, добрасумленныя і працалюбівыя, своечасова і якасна выконваюць сваю работу. Самая вопытная і тытулаваная – Людміла Марзалюк (на здымку справа). Стараюцца не адстаць ад старэйшых, пераймаюць вопыт у сваіх каляжанак маладыя аператары машыннага даення Зінаіда Баданава і Юлія Марзалюк (на здымку ў цэнтры). Дзве Наталлі – Хмель і Мяшок маюць неблагі стаж работы і зарэкамендавалі сябе з самага лепшага боку. Алена Швагерус (на здымку злева) у калектыве параўнальна нядаўна, аднак у прафесіі сцвердзілася. Таццяна Ціменка раздойвае пяршачак і паказвае прыклад у рабоце, які варты пераймання на фермах іншых сельгаставарыстваў. Многае ў малочнай справе залежыць і ад Любові Шарамук, якая даглядае маленькіх цялят.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *