Калі мама – вадзіцель-міжнароднік

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Мужчына, падыходзячы да свайго велікагрузнага аўтамабіля «Сканія», прызнаецца: «Мая карміліца». Жанчына, калі робіць тое ж самае, звяртаецца да аўтамабіля па-свойму: «Мая лепшая сяброўка».

Адчуваеце розніцу?..  Для мужчыны-вадзіцеля яго «Сканія» найперш – гэта тэхніка, рыначны сродак, які дае магчымасць зарабіць, самасцвердзіцца. Для жанчыны-вадзіцеля сувязь з аўтамабілем фактычна азначае усё, акрамя матэрыяльнага. І каму, як не ёй, сваёй «лепшай сяброўцы», выгаварыцца падчас дальняй дарогі?..

Вось ужо на працягу двух гадоў Алена Сахарчук, прафесійны пчаляр і апантаны садавод-аматар, прамяняла спакойнае жыццё на сваёй дыхтоўнай сядзібе ў Залужжы на дом на «колах». Яе рытм жыцця – бясконцыя дарогі, зацяжныя рэйсы, загрузкі-выгрузкі… Магчыма, у пэўны момант жыцця адчула ўнутраную патрэбу, штуршок, покліч змяніць прафесію, каб перамяніць штосьці ў сабе?

Калі абярнуцца на тры дзесяцігоддзі назад, у Аленіна юнацтва, то, відавочна, што ўжо тады яна была незвычайным чалавекам. У свае 16 дзяўчына купіла шлем матацыкліста, замест таго, каб разам з равесніцамі проста моднічаць. А са сваіх невялікіх пчалярскіх заробкаў адкладвала… на пакупку «мінскага» матацыкла.

Абуджаная прага да тэхнікі прывяла ўжо самастойную жанчыну, маці дваіх дарослых дзяцей, у вучэбны цэнтр. Вучылася Алена мэтанакіравана, каб атрымаць усе магчымыя вадзіцельскія катэгорыі. Калі заканчваліся заняткі ў групе на адкрыццё катэгорыі «Е», пачала шукаць працу вадзіцеля-міжнародніка. Доўга шукаць не прыйшлося. Яе без праблем узялі ў адну з буйных транспартных фірмаў горада Мінска. Вадзіцелю-навічку даверылі і новы аўтамабіль «Сканія» – Алене яшчэ прыйшлося здымаць цэлафан з сядзенняў. Першы раз у рэйс паехала ў якасці стажора. Настаўнік трапіўся талковы, таму з удзячнасцю ўспамінае яго і сёння. Адзін раз усё паказаў і расказаў, бо Алена з тых, каму, як кажуць, двойчы гаварыць адно і тое ж не трэба.

Калі яна яшчэ толькі ўладкоўвалася ў фірму і пайшла на гутарку, высветлілася, што дырэктарам аўтакалоны працуе таксама жанчына. У даным выпадку ўсё ідэальна супала: дырэктар марыла, каб узяць на працу жанчыну, а Алена марыла пайсці ў гэтую прафесію… Хтосьці асуджае яе за гэты выбар (адразу і некаторыя калегі-мужчыны ставіліся скептычна, з недаверам), а хтосьці – захапляецца. Тых, хто захапляецца, значна больш.   

На сваёй «Сканіі» Алена Сахарчук ужо аб’ехала ўвесь свет: еўрапейскія краіны, Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан, Расійскую Федэрацыю… Кожны рэйс расцягваецца на месяц, а то і больш. Вось і 8 Сакавіка, як, дарэчы, і апошнія два «новыя годы», дні нараджэння, яна сустрэне ў дарозе. Пашанцавала, што магістраль М1/Е30 ідзе побач з яе Залужжам, таму, калі атрымліваецца, заверне на некалькі гадзін дадому, упэўніцца, што ўсё ў парадку, і ізноў – за руль, накручваць тысячы кіламетраў. Паміж справай шле «эсэмэскі», электронныя пісьмы дачцэ Марыне. Дачка і наглядае за бацькоўскай сядзібай. Сама прыязджае са Стоўбцаў або просіць аб гэтым суседку. Сын Ілья з восені мінулага года стаў у салдацкі строй. Спартыўнага хлопца, выпускніка радыётэхнічнага каледжа, прызвалі ў элітныя войскі спецназа.   

На даны момант Алена знаходзіцца ў Чэхіі. Калі аб’явіцца дома, то абавязкова – з гасцінцамі для ўнука, другакласніка Дзмітрыя. Яго цяжка чым-небудзь здзівіць, але Алене гэта ўдаецца. Пры сустрэчы на пытанне дачкі: «Мамачка, як справы?», толькі ўсміхнецца сваёй шырокай усмешкай: «Усё нармальна, дачушка!» Пра цяжкасці, праблемы – ні слова. А што можа стаяць за гэтым «нармальна», Марына ўяўляе, напрыклад, па тэлесюжэтах пра так званы «дальнабой». Але яна, як і брат, паважае мамін выбар, верыць у яе і з нецярпеннем чакае з рэйса.

Калі выпадае быць разам, дзеці ва ўсім стараюцца дапамагчы сваёй маме. У першую чаргу возяцца з яблыневым садам, які раскінуўся на 20-ці сотках. Дрэвы трэба своечасова абрэзаць, пабяліць. Алена сама займаецца іх прывіваннем, чаранкаваннем. Усе дрэвы ў яе садзе – сартавыя. Не выпадкова, што ўраджай яблыкаў радуе Сахарчукоў да новага сезона.        

– Для мяне і для майго брата мама – самая лепшая. Мы заўсёды прыслухоўваемся да яе думкі. Мы не адчуваем розніцы ва ўзросце, я ўспрымаю яе не толькі як маму, але і як старэйшую сястру і лепшую сяброўку.  І шматкіламетровая адлегласць не аддаляе нас, а наадварот, збліжае. Мама – наша гордасць і прыклад для пераймання, – дзеліцца Марына. – Для мамы няма нічога непераадольнага.  – І дадае: – Сярод маіх знаёмых няма такіх асобаў, як мама. 

Моцная духам. Сучасная жанчына. За што ні возьмецца, усё ў яе атрымліваецца. Прыкладна такую думку пра Алену Сахарчук я чула і ад старонніх людзей, якія яе добра ведаюць.

Дарога калі-небудзь заканчваецца, і Алена спяшаецца з рэйса дамоў, дзе яе з нецярпеннем чакаюць блізкія. Ставіць «сваю лепшую сяброўку» на стаянку і накіроўваецца з сумкай на выхад, але пераадольвае гэтую кароценькую дыстанцыю… некалькі гадзін. Уяўляеце, з усімі калегамі ёй трэба павітацца, пагутарыць, адказаць на пытанні. І сапраўды, калі яшчэ надарыцца такая магчымасць?!

А ў святочны жаночы дзень хочацца пажадаць усім жанчынам-вадзіцелям здароўя і цярпення, заўсёды добрага настрою, а за рулём – роўных дарог і зялёных светлафораў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *