Даша. Яна таксама наша

Год моладзі Нумары Спорт

Сёння адной з самых  папулярных тэм абмеркаванняў у людзей, якія раней можа былі і далекаватымі ад спорту, з’яўляецца біятлон. Трохразовая чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў Дар’я Домрачава і гэтай зімой дэманструе свой высокі клас, упэўнена перамагае, лідзіруе ў заліку этапаў спаборніцтваў на Кубак свету.

А цяпер вось у сусветна вядомай зоркі біятлона з’явілася дастойная паслядоўніца. Дар’я Блашко стала двойчы чэмпіёнкай чэмпіянату свету па біятлоне сярод юных спартсменаў. Спачатку ў індывідуальнай спрынтарскай гонцы, а затым разам з сяброўкамі па камандзе ў эстафеце зноў святкавала перамогу.

Спаборніцтвы на трасах спарткомплексу «Раўбічы» наведалі і шматлікія стаўбчане, гэта ж недалёка ад Мінска. А многія суперажывалі падчас тэлетрансляцый. Больш увагі, бадай, было да выступленняў юніёраў. Там жа спаборнічаў Яўген Ліпай, наш хлопец, з Наваколасава. Радасць была агульная і ад перамог Дашы Блашко, яна ж наша, беларуска. А выходзіць яшчэ і становіцца гонарам Стаўбцоўшчыны.

Пасля залатых фінішаў дзяўчат прыемнымі, хаця і няпэўнымі, былі спачатку чуткі. Тэлефанавалі ў рэдакцыю хто з пытаннем, а потым ужо і са сцвярджэннем: чэмпіёнка свету звязана лёсам са Стаўбцоўшчынай. Удакладняем у аўтарытэтнага чалавека. Святлана Зянонаўна Блашко нядаўна ўзначаліла раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Можа проста супадзенне – аднолькавыя  прозвішчы  ў яе і ў чэмпіёнкі? «Чаму ж, яна мая пляменніца», – канстатуе Святлана Зянонаўна і раіць пагутарыць з бабуляй Дашы.

Лідзія Клаўдзіеўна сачыла за ходам спаборніцтваў на трасах у Раўбічах. Зразумела, якая была яе радасць, калі ўнучка фінішавала першай на дыстанцыі шэсць кіламетраў. Пры гэтым «закрыла» ўсе мішэні ў біятлоннай стральбе. І вось унучку ўсе віншуюць, яна падымаецца на п’едэстал гонару і ёй уручаецца залаты медаль.

Вядома ж, бабулі хацелася першай цёпла абняць сваю дарагую ўнучку. Але дзе ж даступішся: віталі трэнеры, сябры па камандзе, атакавалі карэспандэнты, яны ж прыехалі з дзясяткаў краін. Гэты дзень, 20 лютага, відаць, стане для Дар’і Блашко памятным на ўсё жыццё. З заваяваннем залатога медаля чэмпіянату свету па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў спартсменку павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка пажадаў Дар’і Блашко далейшых поспехаў у спартыўнай кар’еры.

Вядома, былі і перажыванні ў наступныя дні спаборніцтваў. Гэта калі Даша ад хвалявання стала страляць не па сваёй мішэні. Але нічога, потым разам з трэнерамі прыгадалі, што падобны казус здарыўся і на пачатку спартыўнай кар’еры Дар’і Домрачавай.

Усеагульная радасць была, калі Даша Блашко, Дзінара Алімбекава і Аня Сола заваявалі яшчэ адзін залаты медаль, у эстафетнай гонцы. І пацвердзілі, што ў беларускага біятлона ёсць будучае. І яшчэ адно прызнанне вялікага поспеху – віншаванне з перамогай ад Прэзідэнта краіны.

Прыемнай была «эсэмэска» ад лепшай беларускай спартсменкі Дар’і Домрачавай. І яшчэ былі радасныя вітанні. Пытаемся ў Лідзіі Клаўдзіеўны: ці можна звязацца з Дашай Блашко, каб узяць у яе эксклюзіўнае інтэрв’ю?

– Складана, – прызнаецца бабуля чэмпіёнкі. – Яе і ў сваім Наваполацку не так проста сустрэць. Мабільнік пераважна адключаны, толькі позна вечарам удаецца крыху пагутарыць. Рыхтуецца да новых спаборніцтваў, сезон жа яшчэ не закончаны.

Як не пацікавіцца ў бабулі, чаму дзяўчына выбрала спартыўны шлях. «Бацька  яе, мой сын Сяргей Мікалаевіч – чалавек ваенны, з дзяцінства задавальняў жаданне Дашы пастраляць у ціры». Сапраўды, стральба – аснова біятлона. Як і хуткі бег на лыжах. Дзяўчына пачала спартыўныя заняткі ў сваім Наваполацку, затым у Віцебскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Дарэчы, з Наваполацка і сяброўка Дашы па камандзе Ганна Сола.

А як Стоўбцы? У бабулі ў нашым горадзе Даша гасцявала часта. Прыязджала і на ўсё лета на канікулы пасля школы. Любіла хадзіць адпачываць на Нёман, старалася рабіць прабежкі і па дарожцы стадыёна. І на ролікавых каньках выходзіла  катацца, а, дакладней, трэніравацца. Што ж іншае заменіць спартсмену лыжы? Зразумела, паставіла сабе высокую спартыўную мэту. Але, як прызнавалася карэспандэнтам у інтэрв’ю, нават не чакала, што поспех такі блізкі. Разумее дзяўчына: імя, якое цяпер стала спартыўным, – гэта толькі пачатак. Наперадзе вялікая, вельмі сур’ёзная работа.

Усё ж у Стоўбцы да родных Даша абавязкова прыедзе. Дамаўляемся і з бабуляй, і з цёткай, што дадуць аб гэтым ведаць. Даша – яна ж і наша, стаўбцоўская.

Ф. БАНДАРОВІЧ

Фота БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *