Яшчэ адзін медаль – юбілейны

Вялікай Перамозе прысвячаецца Нумары У сэрцах пакаленняў

11

Раённым ваенным камісарыятам працягваецца ўручэнне ўдзельнікам вайны  юбілейных медалёў – «70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» і пасведчанняў да іх. Да ўдзелу ў акцыі далучыўся і раённы савет ветэранаў вайны і працы. 

Акцыя распачалася з дзяржаўнай установы «Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў». Сёння ў гэтай сацыяльнай установе пражываюць восем заслужаных людзей: двое ўдзельнікаў вайны – Кірыл Кірылавіч Усовік і Ніна Ільінічна Ніканава, дзве працаўніцы тылу – Вера Ціханаўна Дзянісава і Ніна Іванаўна Тупік, чацвёра вязняў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў – Еўдакія Сяргееўна Аўрашка, Софія Рыгораўна Асомчык, Міхаіл Мікалаевіч Корань і Тамара Мікалаеўна Багішава.

З гэтай нагоды ў доме-інтэрнаце падрыхтавалі сапраўднае свята. Шаноўных ветэранаў запрасілі за святочны стол. Мужчыны апранулі касцюмы, жанчыны завязалі свае лепшыя хусцінкі. На грудзях кожнага ззяюць ордэны і медалі…

Вось ідуць яны, абапіраючыся на кульбачкі, некаторых падтрымліваюць работнікі дома-інтэрната. Таго, хто не можа хадзіць, падвезлі на інваліднай калясцы. Усе гэтыя людзі пражылі нялёгкае жыццё, ім выпала столькі перажыць на сваім вяку!.. І лёс сапраўды літасцівы да іх – набліжае многіх да векавой адзнакі. Найбольш распаўсюджаны ўзрост бабуляў і дзядуляў – 80-90 гадоў, а самай старэйшай доўгажыхарцы дома-інтэрната – Аляксандры Шавель, якая таксама зведала вайну, і не адну, – споўніўся 101 год! Усе яны такія дагледжаныя, годныя, што міжволі радуешся за іх старасць. Па-дамашняму цёплая атмасфера ўнутры гэтага дома нагадвае прысутнасць вялікай сям’і і, безумоўна, спрыяе таму, каб пастаяльцам жылося доўга, па-чалавечы шчасліва.

Будучы сярод ветэранаў, раённы ваенны камісар Аляксей Дзядкоў выканаў ганаровую місію – уручыў ім юбілейныя медалі, павіншаваў іх з гэтай падзеяй. Для кожнага  героя Вялікай Перамогі і ўрачыстасці знайшла словы любові і ўдзячнасці дырэктар дома-інтэрната Валянціна Атрушкевіч. І самі ветэраны з жывінкай адгукнуліся на такую ўвагу. Яны з ахвотай дзяліліся ўспамінамі, спявалі любімыя песні, расказвалі вершы… Актыўна дапамагалі ім на няспынным творчым «фронце» супрацоўнікі ўстановы – урач-тэрапеўт Станіслаў Цвірка і намеснік дырэктара Сямён Качановіч, які на мерапрыемстве аказаўся з баянам. Жыхарка дома-інтэрната Клаўдзія Кутасава прачытала ўласны пранікнёны верш-заклік да міру (яе творчасць, дарэчы, прадстаўлена ў калектыўным зборніку паэзіі жыхароў дамоў-інтэрнатаў).

Са словам у адказ выступіў вязень фашысцкага канцэнтрацыйнага лагера Міхаіл Корань, на грудзях якога ў той дзень дабавіўся яшчэ адзін медаль – юбілейны. Міхаіл Мікалаевіч, не хаваючы хвалявання, падрыхтаваў паэтычнае выступленне.

Акцыя па ўручэнні юбілейных медалёў жыхарам раёна працягнецца да 10-га красавіка. Усяго неабходна ўручыць ветэранам раёна 166 юбілейных медалёў. Акрамя Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў, уручэнне юбілейных медалёў ужо прайшло ў цэнтральнай раённай бальніцы, у раённым Цэнтры культуры ў рамках святочнага мерапрыемства да Дня жанчын.      

Аляксей ДЗЯДКОЎ, раённы ваенны камісар,

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

***

НАЗВАЦЬ ДРУЖЫНУ ІМЕНЕМ ГЕРОЯ

Напярэдадні святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне піянерскія дружыны ўстаноў адукацыі раёна пры садзейнічанні раённага савета ветэранаў вайны і працы вырашылі аднавіць даўнюю традыцыю.

– Гэтая традыцыя – у прысваенні дружынам, атрадам ганаровых імён герояў у знак высокай ацэнкі іх дзейнасці, вялікай работы па вывучэнні іх жыцця і подзвігу, выхавання ў моладзі патрыятызму і гордасці за сваю краіну, – паведаміла метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Людміла Валіцкая.

«У зоне піянерскага дзеяння» –  ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і ветэраны працы, былыя малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў, удовы ўдзельнікаў ваенных падзей, воіны-інтэрнацыяналісты, іх родныя і блізкія, адзінокія і пажылыя людзі. Піянеры аказваюць ім пасільную шэфскую дапамогу, маральную падтрымку, запрашаюць на піянерскія зборы і школьныя лінейкі, святочныя мерапрыемствы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

 

Чытайце на 2-й старонцы газеты:

 

***

ПАДЗЯЧНАЕ ПІСЬМО ЧЛЕНУ КЛУБА 

Цеснае супрацоўніцтва звязвае раённы аддзел унутраных спраў і клуб «Абаронца Айчыны», структурнае падраздзяленне раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».

 

***

ВЯЛІКІ ПОСТ: ЧАС ПЕРААСЭНСАВАННЯ ЖЫЦЦЯ

…Я хацеў бы запрасіць маіх прыхаджан з Новага Свержаня, як і дарагіх гасцей нашага раёна, да агульнага перажывання рэкалекцый  Велікапосных, якія адбудуцца  ў касцёле Святых Пятра і Паўла ў Новым Свержані з 13 да 15 сакавіка.

Мы запрашаем вас:

13 сакавіка, пятніца, у 17. 30 – Ружанец сямі бядотаў Панны Марыі,  18.00 – Крыжовы шлях, 18.30 – святая Імша.

14 сакавіка,  субота, з 18.00 – магчымасць святой споведзі, а ў 18.30 – святая Імша.

15 сакавіка,  нядзеля, заканчэнне рэкалекцый: 13.00 – адарацыя Найсвяцейшага сакрамэнту і магчымасць споведзі, 14.00 – Песні жальбы; 14.30 – святая Імша,   15.30 – Крыжовы шлях па вуліцах нашай вёскі.

Адна з тэм, якую падыме святар рэкалекцыяніст Дзяніс Шастаковіч  MSF,  – «Вера ў магію і забабоны – ці гэта грэх?»

 Сардэчна запрашаем вас.

 Марэк Яняк MSF, пробашч парафіі Святых Пятра і Паўла ў в. Новы Свержань

Поўнасцю артыкул чытайце ў газеце.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *