З нізкім паклонам за працу

Нумары Сельская гаспадарка Факты, падзеi, людзi

Па добрай традыцыі,   што ўсталявалася  ў нашым раёне, на мінулым тыдні  адбылося мерапрыемства, на якім ушаноўвалі перадавых жанчын-жывёлаводаў раёна. У прыватнасці, аператараў машыннага даення, тэхнікаў-асемянатараў і брыгадзіраў малочнатаварных фермаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, якія дабіліся за мінулы год найвышэйшых паказчыкаў. Цёплы прыём шчырым руплівіцам фермаў аказаў дырэктар ААТ «Агранёманскі», старшыня раённага савета Аграпрамысловага саюза Іосіф Меляшкевіч, які напярэдадні першага вясновага свята – Дня жанчын, з павагай і шчырымі віншаваннямі запрасіў гасцей на святочны агеньчык у абноўленую сталовую ў Скамарошках.  Гэта стала стымулам для жанчын прыгожа апрануцца, бо за пастаяннай занятасцю ім не часта выпадае дастаць з шафы шыкоўныя ўборы.

У прыгожа аформленай зале сабраліся людзі, якімі ганарыцца раён. Усе яны шчыруюць на фермах. І хоць прафесія іх лічыцца непрэстыжнай, але менавіта   гэтыя жанчыны і ёсць нашы карміліцы. Ім мы павінны быць удзячны за тое, што яны выконваюць гэтую работу  сумленна. Літаральна кожны дзень руплівыя працаўніцы ўстаюць на золку і ідуць на ферму даіць кароў, каб назаўтра мы маглі купіць малако ў магазінах і паласавацца вырабленымі з яго смачнымі малочнымі прадуктамі.  

– Мы цэнім вас і вашу нялёгкую працу, – сказаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Дзяніс Колесень. – Бо менавіта вашымі рукамі ствараецца дабрабыт гаспадарак: прададзена больш малака – вышэйшая і выручка. Сёння мы ўшаноўваем перадавікоў, лепшых з лепшых. Сабраць усіх дастойных разам не прадстаўляецца магчымым, бо работу аператара машыннага даення немагчыма адкласці на заўтра. За вас зараз працуюць вашы калегі, якія таксама заслугоўваюць самых добрых слоў. Вялікі дзякуй усім за працу. Выказваю спадзяванне, што вашымі стараннямі наш раён дасягне яшчэ вышэйшых паказчыкаў.

Дзяніс Сяргеевіч павіншаваў жанчын з надыходзячым святам, пажадаў заставацца такімі ж прыгожымі і прывабнымі, пяшчотнымі і ласкавымі для сваіх мужчын і дзяцей.

Начальнік аддзела жывёлагадоўлі райсельгасхарча Галіна Шуранкова таксама павіншавала ўсіх з надыходзячым святам, дасягнутымі неблагімі паказчыкамі ў працы. Яна зазначыла, што працаваць у жывёлагадоўчай галіне заўжды было нялёгка і  лёгка ніколі не будзе. Але людзі робяць сваю справу.  Апошнім часам задачы перад работнікамі фермаў ставяцца больш складаныя, але  выканаць іх нашым жывёлаводам цалкам па сіле. Маем моцны касцяк работнікаў і спецыялістаў, і не кожны раён можа такімі кадрамі пахваліцца.

– У жывёлагадоўчай галіне вы наша надзея і апора, – дадала старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч. – Нізкі паклон вам за працу і шчырыя пажаданні вялікага жаноцкага шчасця.

Да віншаванняў супрычыніліся галоўны ветурач раёна Анатоль Гусачонак і дырэктар райплемстанцыі Людміла Курыльчык.

Ушаноўвалі 54 жанчын з чатырнаццаці сельгаспрадпрыемстваў раёна. І пра кожную з іх былі сказаны цёплыя словы. Больш за паўстагоддзя рупіцца ў жывёлагадоўлі Герой Сацыялістычнай Працы Зінаіда Ярашэвіч – брыгадзір МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа», праслаўленая ў мінулым аператар машыннага даення. Трыццаць шэсць гадоў шчыруе побач з настаўніцай яе былая вучаніца Ніна Зяньковіч, якая ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі». Нядаўна прыйшла на перадавую ферму Вера Лібоза і за шчыраванне заслужыла падзяку. Кацярына Навуменка не толькі добрая працаўніца, а і шматдзетная маці, якая нарадзіла і выхоўвае пяцёра дзяцей.

Працавіты калектыў ТАА «СЖК «Налібакі», які на працягу некалькіх апошніх гадоў лідзіруе ў малочных справах раёна, прадстаўлялі вопытныя аператары Святлана Рынкевіч, Алеся Дубіцкая, Марына Бычко і брыгадзір  Ірына Жвірбля. На перадавых пазіцыях жывёлаводы ААТ «Вялікі Двор». Удзячнасць за нялёгкую працу выказана Алене Антанюк, Ірыне Кельбах, Алене Швагерус і брыгадзіру Людміле Сасюк. У згуртаваным і працавітым калектыве ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» у ліку лепшых па дасягнутых паказчыках вызначаюцца Надзея Станкевіч, Вольга Максімава, Часлава Грыцун і тэхнік-асемянатар, заслужаны работнік прадпрыемства Таццяна Рубін. Гучалі апладысменты руплівым працаўніцам ААТ «Каганец»  (таварыства не першы год у пераможцах раённага спаборніцтва)  Любові Клепчуковай, Наталлі Храпіцкай, Святлане Гаркач і тэхніку-асемянатару Валянціне Паляшчук.

Заслугоўваюць пахвалы руплівіцы адной з лепшых гаспадарак  – ААТ «Жацерава» – маладая даярка Людміла Мілаванава і яе калега Алена Шут, тэхнікі-асемянатары – неаднаразовая пераможца рэспубліканскага спаборніцтва Ларыса Галімуліна і Людміла Курдун. Не адстаюць па выніках работы ад сваіх суседзяў і жывёлаводы ААТ «Агранёманскі». Дабрабыт гаспадаркі ствараецца рукамі аператараў машыннага даення Людмілы Зянько, Ірыны Цвірка, Валянціны Шабуня, і тэхніка-асемянатара Валянціны Адамовіч, якая мае 37-гадовы агульны стаж работы у жывёлагадоўлі.

Шчыра сустракалі апладысментамі старанных Таццяну Сарокіну, Наталлю Лапкоўскую, Чаславу Мішук і тэхніка-асемянатара Вольгу Бурдукевіч з ААТ «Дзераўное»; Наталлю Сахарук, Ядвігу Сяліцкую, Наталлю Высоцкую і тэхніка-асемянатара Ірыну Качановіч з ААТ Рубяжэвічы»; Хрысціну Хімарода, Святлану Рудовіч, Алену Налесную і тэхніка-асемянатара Алену Мянжынскую з ААТ «Рочавічы»; Святлану Клімко, Ніну Русецкую, Марыну Гірко і тэхніка-асемянатара Лідзію Бусько з ААТ «Шашкі»; Ніну Лук’янчык, Таццяну Борыс, Тамару Гамза (у жанчыны трое дзяцей і дзевяць унукаў) і тэхніка-асемянатара Кацярыну Юрыс з сельскагаспадарчага філіяла «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс»; Марыну Шыла і Галіну Шашко з ААТ «Вішнявецкі-агра», Надзею Пятрову, Марыну Дзеніс, Жанну Аглезневу і брыгадзіра фермы Людмілу Садоўскую, якая спалучае абавязкі тэхніка-асемянатара з ААТ «Радзіма Дзяржынскага».

Перадавікі вытворчасці атрымалі падарункі і прыгожыя ружы.  Жанчын радавалі песнямі і вершамі  работнікі ўстаноў культуры раёна. А напрыканцы ўсіх чакаў прыемны сюрпрыз – запрашэнне на канцэрт Клары Новікавай.   Арганізатарамі і спонсарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў АПК і раённы савет Аграпрамысловага саюза.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

***

На базе ААТ «Каганец» праводзіўся семінар-вучоба з інжынерамі па ахове працы і адказнымі за электрагаспадаркі ў сельгаставарыствах раёна. Адкрыла мерапрыемства начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама Наталля Лапко, якая адзначыла, што траўматызм  людзей на вытворчасці, і ў прыватнасці на аб’ектах аграпрамысловага комплексу, застаецца высокім. Многа недахопаў у справе аховы працы выяўляецца ў майстэрнях, на фермах, сустракаюцца яны і падчас правядзення палявых работ. З мэтай не дапусціць у далейшым няшчасных выпадкаў на вытворчасці, сумесна з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання і была арганізавана гэтая вучоба. 

Аб гэтым чытайце ў артыкуле Надзеі БАТАЛКА “ПАЧЫНАЕЦЦА З ПАРАДКУ НА РАБОЧЫХ МЕСЦАХ” на 3-й старонцы газеты “Прамень”.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *