Навіны Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

БОЛЬШ ДАРОЖНЫХ СЛЕДАПЫТАЎ

На нядаўняй прэс-канферэнцыі начальніка УДАІ Мінаблвыканкама Мікалая  Караткевіча была звернута ўвага на дзве шырокамаштабныя акцыі па бяспецы дарожнага руху, праведзеныя пры падтрымцы сродкаў масавай інфармацыі.

Адна з іх, школа дарожнай бяспекі, прайшла ў кастрычніку мінулага года. Як расказвала і наша раённая газета, на Міншчыну прыбыў з Расійскай Федэрацыі спецыялізаваны аўтобус-трэнажор. З яго дапамогай на працягу некалькіх тыдняў больш за восем тысяч школьнікаў з 19-ці раёнаў, у тым ліку і са Стаўбцоўскага, атрымалі практычныя навыкі паводзін у транспарным сродку.

А ў гэтым годзе ў рамках названай акцыі распачалася новая – акцыя-гульня «Дарожны следапыт». Сёння яна ўжо ахапіла каля 9,5 тысячы школьнікаў вобласці і, дарэчы, і цяпер яшчэ не позна стаць яе ўдзельнікам (больш падрабязная інфармацыя – на www.sledpdd.adrive.by). Вынікі акцыі плануецца падвесці падчас вясенніх канікулаў. Арганізатары разыгрываюць вельмі салідныя прызы. Перад журналістамі выступіў Максім Скачко, прадстаўнік кампаніі, якая займалася распрацоўкай праграмнага забеспячэння для гэтай гульні.              

Адказваючы на пытанні журналістаў, начальнік УДАІ Мінаблвыканкама Мікалай Караткевіч расказаў пра асноўныя тэхнічныя навінкі, якія будуць укараняцца ў гэтым годзе на дарогах Мінскай вобласці. Так, далейшае развіццё атрымае ўкараненне камер відэафіксацыі. У 2015 годзе ў рэспубліцы плануецца дадаткова ўстанавіць 100 такіх камер, у тым ліку 40 – у Мінскай вобласці. На аўтамагістралях будзе выкананы шэраг інжынерных мерапрыемстваў, дзе хуткасны рэжым павялічаны да 120 км/гадз. Вялікая ўвага будзе нададзена павышэнню ўзроўню бяспекі на гэтых дарогах, што ў першую чаргу азначае ўхіленне ямаў і калейнасці, асвятленне пешаходных пераходаў. Прапанаваны эксперымент сумесна з дарожнымі арганізацыямі прадпрыемстваў «Мінскаўтадар-Цэнтр» і «Мінскаблдарбуд»: устанавіць у зоне пешаходных пераходаў, за 100 метраў да і пасля іх, святлоадбівальныя элементы, якія пад святлом фараў будуць ствараць эфект іх асвятлення. 

Падчас прэс-канферэнцыі былі падведзены вынікі абласнога конкурсу «ДАІ і СМІ  – разам за бяспеку на дарогах». Названы лепшыя выданні і відэа-, тэлепрадукты ў розных намінацыях. Шэраг рэдакцый і журналістаў атрымалі дыпломы і падзякі кіраўніцтва ДАІ Мінскай вобласці. Мікалай Караткевіч падкрэсліў эфектыўнасць менавіта мясцовых СМІ, раённых і шматтыражных газет, радыё і тэлебачання, і выказаў зацікаўленасць у далейшым цесным узаемадзеянні. Удзел у прэс-канферэнцыі ўзяў і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінаблвыканкама Алег Маслаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

РАЗРУЛІЦЬ ДАРОЖНУЮ СІТУАЦЫЮ

Каманда вучняў Рубяжэвіцкай школы другі год запар займае першае месца на раённай алімпіядзе па Правілах дарожнга руху і прадстаўляе Стаўбцоўшчыну на аналагічнай алімпіядзе сярод школьнікаў Мінскай вобласці.

Як расказаў начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі Дзмітрый Воранаў, сярод 23-х камандаў Мінскай вобласці нашы юныя інспектары дарожнага руху паказалі добры ўзровень валодання Правіламі дарожнага руху. У конкурсе па вырашэнні тэарэтычных заданняў яны былі чацвёртымі. Больш складаным, прычым для ўсіх удзельнікаў алімпіяды, аказаўся конкурс, які называўся «Дарожныя сітуацыі». Тут патрабаваліся навыкі прымянення тэарэтычных ведаў у канкрэтных дарожных сітуацыях, уважлівасць. У агульным заліку наша каманда заняла 11-е месца. З Мар’інай Горкі абласная алімпіяда юных інспектараў дарожнага руху перадыслацыруецца на наступны год у Валожын.

Пр

 

А ФЛІКЕР БЫЎ У КІШЭНІ…

Каля пяці гадзін раніцы на 89-м кіламетры аўтадарогі Пяршай – Івянец – Нясвіж, паблізу аграгарадка Вішнявец, адбыўся наезд на мясцовага жыхара, 1972 года нараджэння. Ад атрыманых траўмаў пацярпелы (з пачатку года гэта першая дарожная ахвяра ў раёне) памёр на месцы здарэння… 

Вадзіцель аўтамабіля «Нісан», жыхар Стоўбцаў, які ў такі ранні час рухаўся ў бок Нясвіжа, патлумачыў, што не заўважыў пешахода. Сапраўды, флікер у загінуўшага быў з сабою, але проста ляжаў без карысці ў кішэні… Па факце гібелі пешахода распачата следства.

Як адзначыў начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі Дзмітрый Воранаў, на дарогах раёна з пачатку года адбылося чатыры дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх адзін чалавек загінуў і трое атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Вадзіцелям неабходна быць пільнымі і ўважлівымі ў сувязі з няўстойлівым надвор’ем у выглядзе выпадзення мокрага снегу. Трэба ўлічваць пагодныя ўмовы і выбіраць адэкватную хуткасць руху, каб была магчымасць своечасова заўважыць пешахода і папярэдзіць наезд. Актуальная рэкамендацыя пешаходам, якія рухаюцца ў цёмны час сутак, заключаецца ў максімальным абазначэнні сябе сродкамі пасіўнай бяспекі – флікерамі.

Пр

 

Чытайце на 5-йстаронцы газеты:

 

***

На жаль, у чалавека няма органаў пачуццяў, якія папярэджвалі б яго аб тым, што аб’ект знаходзіцца пад напружаннем. У сувязі з гэтым усе электраўстаноўкі павінны быць закрыты на замок, а электрычныя правады – падвешаны на недапушчальную для выпадковага дотыку вышыню. І, тым не менш, няшчасныя выпадкі ад электрычнасці здараюцца. У пераважнай большасці – менавіта ў быце.

Аб электранебяспецы і аб тым, як яе пазбегнуцьрасказвае Анатоль РАДЗІВАНОВІЧ, інспектар Стаўбцоўскага  міжраённага аддзялення «Энерганагляд» у артыкуле ”ПАД ЛІНІЯЙ ЖЫЦЦЯ”.         

 

***

Пра інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, расказвае Аляксей БОНДАРАЎ, урач-інфекцыяніст цэнтральнай раённай бальніцы ў інфармацыі “АДКАЗНАСЦЬ НЕ ПАДВЯДЗЕ”.

 

***

Да Дня грамадзянскай абароны на тэрыторыі раёна прайшла рэспубліканская прафілактычная акцыя – «Дзень бяспекі. Увага ўсім!» паведамляе Таццяна ТАРАСЕВІЧ,інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у заметцы УВАГА ЎСІМ”.

 

***

Жыхарам Рубяжэвіцкага сельсавета нагадалі пра правілы пажарнай бяспекі. 

Сельскі сход сабраў старастаў і грамадскі актыў навакольных вёсак, а таксама школьнікаў і работнікаў мясцовага сельгаставарыства, перад якімі выступіў першы намеснік начальніка ўстановы «Мінскае абласное ўпраўленне МНС» Сяргей Лапановіч. Аб гэтым чытайце ў артыкуле “ДОМА ЎСЁ Ў ПАРАДКУ”.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *