Нашы таленты – сярод новых імён

Культура Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Ярка і прыгожа стартаваў у нашым раёне рэспубліканскі маладзёжны вакальны конкурс «Новыя імёны Беларусі», які праводзіцца Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.
Напрыканцы лютага ў раённым Цэнтры культуры адбыўся адборачны тур конкурсу, на які прыслалі сваіх таленавітых прадстаўнікоў 16 прафсаюзных пярвічных арганізацый раёна. А ўсяго ў адборачным туры прынялі ўдзел 24 вакалісты. Некаторыя арганізацыі прадставілі некалькі ўдзельнікаў. Як і трэба было чакаць, найбольш прадстаўнічай была каманда вакалістаў райкама прафсаюза работнікаў культуры – актыўны ўдзел прынялі Стаўбцоўская, Дзераўнянская, Наваколасаўская і Шашкоўская дзіцячыя школы мастацтваў. Журы і слухачы маглі атрымаць асалоду ад выдатнага выкання нумароў выкладчыкамі эстэтычных дысцыплін.
Вельмі прыязна сустракала публіка тых выканаўцаў, прафесійная дзейнасць якіх не звязана з мастацтвам, і выступленне на сцэне для іх у нейкай ступені стрэс. Каб прывыкнуць да сцэны, да публікі – патрэбен не адзін канцэрт у асабістым жыцці. Гледачы імкнуліся падтрымаць выдатныя, яркія, шчырыя выступленні Юрыя Дошчачкі з філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, аўтарскую песню пад гітару Алега Пронькі з філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат», Уладзіміра Паплаўскага з ПМК-233, Аляксандра Руч’ёва з ААТ «Дзераўное», Таццяну Семяняка з ААТ «Агранёманскі», Кацярыну Міцура з цэнтральнай раённай бальніцы, Анастасію Пахомаву з райспажыўтаварыства, Алега Лазоўскага з філіяла «Племптушкарэпрадуктар «Бройлер» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», Сняжану Семяняка з Нававёскаўскай СШ, Вікторыю Гушча з СШ № 3 г. Стоўбцы, Алену Курыла з ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», Ліяну Грыб з бухгалтэрыі аддзела культуры і музейных работнікаў.
Гледачы вызначылі для сябе, каму б яны аддалі прыз сімпатый, многія ўдзельнікі па праву маглі б прадстаўляць раён на наступным этапе рэспубліканскага конкурсу. Аднак журы, у склад якога ўвайшлі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель і спецыялісты ў галіне музыкі і выканальніцкага майстэрства, патрэбна было вызначыць толькі трох удзельнікаў. Вы іх бачыце на здымку з падарункамі – кававаркамі ад Федэрацыі прафсаюзаў. На абласным этапе конкурсу Стаўбцоўшчыну даверана прадставіць Анастасіі Пахомавай (райспажыўтаварыства), Аксане Каратыш (Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў), Дар’і Валачко (Наваколасаўская дзіцячая школа мастацтваў).
Старшыня раённага аб’ядання арганізацыі прафсаюзаў Галіна Шапецька, якая выдатна справілася з арганізацыяй гэтага конкурсу, пастаралася заручыцца падтрымкай спонсараў, каб усе ўдзельнікі атрымалі сувеніры на памяць аб гэтым прыгожым мерапрыемстве. Падарункі прадаставіла дзяржаўная страхавая кампанія «Стравіта». Прадстаўнік яе Галіна Дзмітрыева расказала прысутным аб страхавых праграмах, якія прапаноўвае кампанія: «Прэстыжная адукацыя», страхавыя праграмы для дзяцей, праграма «Пенсія+» і іншых. Звярталася асаблівая ўвага на тое, што прадпрыемствы могуць выбраць праграмы для падтрымкі сваіх супрацоўнікаў. Гэта дастойна папоўніць сацыяльны пакет, што дасць пэўныя гарантыі працаўнікам і падыме прэстыж арганізацыі. Падрабязна пазнаёміцца з праграмамі можна ў раённым аб’яднанні арганізацыі прафсаюзаў. Мы ж папросім старшыню яго Галіну Шапецька падвесці вынік першага этапу рэспубліканскага конкурсу «Новыя імёны Беларусі:
– Аб’яднанне прафсаюзаў стала дзейнічаць з пачатку каляндарнага года, – расказвае Галіна Аляксандраўна. – Галоўная мэта новай структуры – аб’яднаць прафсаюзныя арганізацыі розных галін для цікавых зносін, правядзення сумесных мерапрыемстваў, арганізацыі больш поўнага, насычанага, змястоўнага жыцця прафсаюзных арганізацый. Праведзены конкурс стаў першай ластаўкай на гэтым шляху. Конкурс удаўся, атрымаўся прадстаўнічым, на самой справе дазволіў убачыць, якія таленавітыя людзі жывуць і працуюць у мясцовых арганізацыях. Хачу падзякаваць старшыням прафсаюзных арганізацый за тое, што яны сур’ёзна аднесліся да конкурсу, прыслалі дастойных прадстаўнікоў, а яшчэ і арганізавалі групы падтрымкі, што ўпрыгожыла мерапрыемства. Хачу выказаць падзяку і работнікам раённага Цэнтра культуры, без прафесіяналізму якіх немагчыма было б так выдатна правесці конкурс. Былі забяспечаны музычнае суправаджэнне і рэжысёрская пастаноўка конкурснай праграмы. Наступны этап маладзёжнага вакальнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі» праходзіць у Мінску з 9 сакавіка па 15 красавіка. Спачатку адбудзецца закрытае праслухоўванне, а потым – канцэрт-конкурс. З 180 удзельнікаў будуць выбраны 30 з Мінскай вобласці, хто прыме ўдзел у рэспубліканскім этапе. Пажадаем нашым канкурсантам удачы, спрыяльных абставін для праяўлення таленту і паспяховага выступлення.
Лана СВЯТЛІЦКАЯ
Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *