Клічуць хлебароба палеткі

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

На гэтым тыдні ў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» распачаліся веснавыя палявыя работы. У прыватнасці, у глебу ўносяцца калійныя і арганічныя ўгнаенні. Днямі тут запланавана пачаць падкормку азімых збожжавых і рапсу.

– А затым паступова прыступім і да іншых культур, – гаворыць галоўны аграном Ігар Баброў. – Вільгаці сёлета ў глебе малавата, таму пастараемся выканаць усе падрыхтоўчыя работы як мага хутчэй і правесці сяўбу ранніх яравых збожжавых у самыя сціслыя тэрміны.

Яравы клін сёлета складае 470 гектараў: пасеюць 300  ячменю і 170 – пшаніцы. Высяваць будуць насенне збожжавых у асноўным айчыннай селекцыі і толькі невялікую частку завязуць замежных сартоў.

– Летась нашы хлебаробы атрымалі неблагую ўраджайнасць збожжавых, сабралі амаль 43 цэнтнеры з гектара, – дадае галоўны аграном, – занялі пятае месца ў раёне па выхадзе збожжа на адзін бала-гектар і чацвёртае – па акупнасці мінеральных угнаенняў. Пастараемся і сёлета не знізіць паказчык.

Пад яравым рапсам зоймуць 400 гектараў – удвая больш, чым летась. І гэта апраўдана, бо на прадпрыемстве наладжана перапрацоўка насення рапсу. Да таго ж, як падкрэслівае Ігар Мікалаевіч, неабходна будзе перасеяць і азімы рапс, таму што не ўсе пасевы перазімавалі. Ушчыльную зоймуцца вырошчваннем уласнага насення рэдзькі алейнай і гарчыцы белай. Для паляпшэння ўрадлівасці глебы на большай плошчы пасеюць сёлета гэтыя культуры ў якасці сідэрытаў, з далейшым выкарыстаннем іх на зялёнае ўгнаенне.

–  На практыцы будзем асвойваць тэхналогію вырошчвання льну-“кудрашу”, з насення якога вырабляюцца льняны алей і жамерыны, прычым апошнія больш пажыўныя за рапсавыя, – дзеліцца новым накірункам работы галоўны спецыяліст. –   Удзелім увагу кармавой базе. Пасеем вясною 140 гектараў люцэрны, давядзём плошчу пад гэтай культурай да 370 гектараў. Маем сто гектараў канюшыны. Такім чынам, выканаем даручэнне губернатара, каб на адну галаву дойнай каровы прыходзілася па 0,4 гектара бабовых траў. Перазалужэнне правядзём на 400 гектарах шматкампанентнымі сумесямі траў. Плошчы пад кукурузай застануцца на ўзроўні мінулагодніх – 700 гектараў. 

Тэхніка да сяўбы збожжавых на прадпрыемстве падрыхтавана. Як і ў мінулыя гады, веснавую сяўбу правядуць камбінаваным пасяўным агрэгатам, які агрэгатуецца з гусенічным трактарам «Чэленджар». Працуе на ім механізатар Сяргей Траццякоў, а дапамагае штогод працаўнік галаўнога прадпрыемства Аляксандр Сябруковіч.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *