Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны ў раёне два шлюбы, зроблены шэсць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзевяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Мілана Дарашэвіч, Мікіта Шыдлоўскі, Арцём Федарышчаў, Назар Захаранкаў, Надзея Рубін, Кацярына Грыгаровіч, Кірыл Сарагавец, Ева Княжэвіч і Злата Пяткевіч.

Зямны шлях закончыўся для 23-х чалавек.

У пажарнай часці згадалі тры вогненныя здарэнні. Паступілі паведамленні аб загаранні жылога дома ў Яблынаўцы і дома па вуліцы Чарняхоўскага ў Стоўбцах, а таксама хлява на падворку дачнікаў у Мікалаеўшчыне. Абодва дамы пашкоджаны агнём, хлеў – знішчаны. Прычыны ўстанаўліваюцца. Вечарам 8 сакавіка здарылася трагедыя ў Гродзенскай вобласці – у выніку пажару ў доме загінулі трое дзяцей: 2011, 2009 і 2008 гадоў нараджэння. Бацькоў у гэты момант дома не было. Папярэдняя прычына пажару – дзіцячае свавольства з агнём. Не пакідайце малалетніх без нагляду! Устанавіце ў доме аўтаномны пажарны апавяшчальнік і падтрымлівайце яго ў спраўным стане! У рамках пажарна-прафілактычнай работы прайшлі сельскія сходы ў сельгаставарыствах раёна: «Рочавічы», «Радзіма Дзяржынскага» і «Вялікі Двор».

Міліцыяй зарэгістравана 97 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 19 крымінальных спраў, у 17-ці з іх устаноўлены падазраваемыя. З аўтамабіля, прыпаркаванага па завулку Цяністым у Стоўбцах, зніклі асабістыя рэчы яго ўладальніка. Грамадзянін, увайшоўшы ў давер пад выглядам аказання дапамогі ў набыцці замежнай валюты, завалодаў грашовымі сродкамі пацярпелага. Хуліган, будучы нецвярозым на вуліцы  аграгарадка Горкі, нанёс пацярпеламу траўмы, якія пацягнулі працяглае расстройства здароўя.

 Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях патрабаванняў заканадаўства пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу, у ходзе чаго ўстаноўлена, што службовымі асобамі аддзела дапускаюцца пэўныя парушэнні. Па выніках праверкі начальніку РАНС унесена прадстаўленне.

Суд прыгаварыў да 2,5 года зняволення раней судзімую 28-гадовую новасвяржанку  за крадзеж. На  год пазбаўлены волі 42-гадовы жыхар Новай Вёскі, які на працягу трох месяцаў ухіляўся ад выплаты аліментаў на ўтрыманне непаўналетняй дачкі. На 540 000 рублёў аштрафаваны 62-гадовы жыхар Заямнага, які каля ашчадкасы нецэнзурна абразіў грамадзяніна.

 ДАІ выявіла 198 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра нецвярозых вадзіцеляў і восем вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 19 недысцыплінаваных пешаходаў. Здарылася пяць дарожных аварый. На шчасце, у іх ніхто не пацярпеў.

«Хуткая» выязджала да хворых 198 разоў, у прыватнасці дзевяць сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем. 

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *