Дэпрэсія пажылым не пагражае

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Дзень абаронцаў Айчыны, Міжнародны жаночы дзень. Да гэтых святаў  і ў рамках марафону-акцыі «Сярэбраная нітка», прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі, у тэрытарыяльным цэнтры  падрыхтавалі прыгожыя віншавальныя паштоўкі ручной работы шаноўным ветэранам.

Супрацоўнікі, а таксама наведвальнікі і валанцёры нядаўна адкрытага ў цэнтры аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту  з ахвотай дэманструюць плён сваіх шматдзённых старанняў. Арыгінальных паштовак  набралася ўжо цэлая каробка.

Накіроўваюць творчы працэс супрацоўніцы аддзялення Таццяна Шаўчук і Людміла Няверава. Кожная з іх – адмысловая майстрыха. З-пад іх умелых рук выходзяць такія шэдэўры, што адразу і не верыцца: ці можна стварыць такую прыгажосць пры наяўнасці паперы і самых звычных спадручных матэрыялаў?.. Менавіта яны пастараліся, каб у рабочай майстэрні аддзялення ўжо з’явілася «візітная картка» – выстаўка некаторых работ. На паліцах прадстаўлены цуда-карзінка, ваза, шкатулка… На пытанне, з чаго яны створаны, майстрыхі проста шакіруюць: «А са старых газет, з яйкавых шкарлупін…» І Таццяна, і Людміла валодаюць самымі рознымі тэхнікамі (квілінг, дэкупаж і інш.), чым, безумоўна, прыцягваюць у аддзяленне вялікую колькасць пажылых наведвальнікаў.

Знаёмімся з некаторымі з іх. Людміла Ачылава, Валянціна Кубрына з ахвотай наведваюць аддзяленне. Марыя Яфрэмава і Алена Гундзіловіч, можна сказаць,  старажылы цэнтра, з задавальненнем акунуліся ў творчасць і ва ўсе валанцёрскія справы.

За вялікім сталом майстэрні, дзе ў кожнага свая задача, акурат ідзе работа над узорам з рамонкаў. Рукі жанчын не сумуюць, а на іх тварах – засяроджанасць, якую нечакана змяняе ўсмешка. Атрымліваецца задуманае!.. У размове яны не прамінаюць заўважыць: «Аддзяленне працуе вельмі зручна для нас. Прыходзім сюды ў любы будны дзень. І час заняткаў падладжаны пад наш уклад жыцця».

 –  Наша аддзяленне працуе з наведвальнікамі цэлы дзень: з 10 да 13 гадзін і з 15 да 17 гадзін (у панядзелак – з 16 да 18 гадзін), – удакладняе загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс.

– Сяргей Міхайлавіч, якія функцыі, задачы ў вашага аддзялення?

– Рашэнне аб стварэнні новага аддзялення было прынята раённым выканаўчым камітэтам 17 снежня 2014 года. У тэрытарыяльным цэнтры гэта ўжо шостае аддзяленне. Яго прызначэнне – аказанне грамадзянам пажылога ўзросту  кансультацыйна-інфармацыйных, сацыяльна-педагагічных і сацыяльна-пасрэдніцкіх паслуг, іх самарэалізацыя праз удзел у культурных мерапрыемствах, даступнай творчай дзейнасці, арганізацыя вольнага часу і зносін, развіццё творчага патэнцыялу.  Вы самі бачылі, з якім настроем пажылыя людзі наведваюць наша аддзяленне. Мы ім заўсёды рады і не забываем паўтараць: лепшы сродак ад дэпрэсіі – пачаць што-небудзь рабіць сваімі рукамі.

– Чым яшчэ вы збіраецеся прыцягваць людзей?

– Сёння ў нашым аддзяленні зарэгістравана каля 50 наведвальнікаў, і прыток людзей працягваецца. Узнікае і зваротная сувязь. Любоў Селязнёва, напрыклад, у знак удзячнасці за работу аддзялення, вырашыла падарыць кнігі са сваёй багацейшай дамашняй бібліятэкі. Такім чынам, для членаў нашага аддзялення ўжо ствараецца ўласная бібліятэка. З дапамогай валанцёраў Чырвонага Крыжа і валанцёраў аддзялення мяркуем стварыць і сваю відэабібліятэку – расказ аб нашай дзейнасці з прэзентацыяй творчых работ.

– Хапае на ўсіх неабходных матэрыялаў для творчасці?

– Матэрыялы выдзяляе цэнтр. Дзякуй і спонсарам, якія аказалі падтрымку новаму аддзяленню: Іне і Сяргею Пяткевічам, Вячаславу Мышко, Сяргею Гайко, Юліі Сазон, Анатолю Брылеўскаму, прыватнаму прадпрыемству «Проф-Сіці». Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Блашко аказвае ўсямерную падтрымку аддзяленню і праяўляе зацікаўленасць да яго работы.     

– Давайце назавём асноўныя гурткі, якія працуюць у аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян.

–  Гэта гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Жыццё без межаў», «І кожны дзень – свята», якія вядуць нашы супрацоўніцы Таццяна Шаўчук і Людміла Няверава. Мы прапануем і гурток па асновах камп’ютарнай граматнасці «Пазнанне». Разам з намі ў аддзяленні будуць працаваць і валанцёры. Так, Аляксандра Клышка запрашае на творчыя заняткі з цестам, Ала Бабіцкая і Ала Волкава  – у гурток вязання «Залатая нітка». Кожны апошні аўторак месяца да нас  прыходзіць святар Аляксандр Марцінчык: у рамках гуртка «Жывое слова» ён  праводзіць гутаркі на духоўныя тэмы, адказвае на пытанні наведвальнікаў. У бліжэйшых планах – яшчэ два праекты: адкрыццё кулінарнага гуртка і гуртка англійскай мовы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ                              

 

Чытайце на 3-й старонцы газеты “Прамень”:

Прафілактыцы ўжывання спіртных напіткаў, падлеткавай злачыннасці было прысвечана пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання педагогаў сацыяльных устаноў адукацыі раёна. Яно прайшло ў Вішнявецкай сярэдняй школе. Аб гэтым — у матэрыяле Алы ШЫДЛОЎСКАЙ, валеолага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, “НЕБЯСПЕКА, ЯКАЯ ПОБАЧ“.

 

З пачатку года ў службу «адно акно» раённых электрасетак звярнуліся 30 заяўнікаў, з іх 24 – для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі на электрыфікацыю ўласных капітальных пабудоў. Матэрыял Таццяны ПЯТКЕВІЧ “ЗВАРОТ У РЭС”.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *