Вясна ідзе – вясне дарогу…

Нумары У райвыканкаме

image_pdfimage_print

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта ў мінулы аўторак было разгледжана пытанне «Аб гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый Стаўбцоўскага раёна да веснавых палявых работ 2015 года». З інфармацыяй па даным пытанні выступіў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колесень.

Дзяніс Сяргеевіч паведаміў, што ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама праводзіцца мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы сельскагаспадарчых і іншых арганізацый раёна да правядзення веснавых палявых работ, распрацаваны заданні па выкананні вытворча-эканамічных паказчыкаў у 2015 годзе. З кадрамі сельскагаспадарчых арганізацый была праведзена цэнтралізаваная вучоба ў цэнтры павышэння кваліфікацыі спецыялістаў аграпрамысловага комплексу па пытаннях тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Распрацаваны план падрыхтоўкі сельскагаспадарчай тэхнікі, даведзены аб’ёмы і графікі рамонту трактарных, камбайнавых рухавікоў, поўнакамплектных машын, вузлоў і агрэгатаў. У гэты час ва ўсіх сельгасарганізацыях вядуцца работы па назапашванні мінеральных і арганічных угнаенняў, рамонце тэхнікі.

Аналіз аграметэаралагічных умоў сведчыць, што на большасці плошчаў азімыя рапс і збожжавыя культуры валодаюць нармальнай жыццяздольнасцю. Разам з тым, па сельгасарганізацыях раёна стан іх адрозніваецца. Лепшы стан азімых збожжавых назіраецца ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа», ААТ «Агранёманскі», ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Каганец», ААТ «Вялікі Двор». Часткова загінулі пасевы азімага рапсу ў ААТ «Рочавічы», «Каганец», «Шашкі», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Асноўнымі прычынамі гібелі з’яўляюцца позні тэрмін пасеву культуры і недахоп унясення мінеральных угнаенняў. Для атрымання запланаваных аб’ёмаў прадукцыі раслінаводства яравую сяўбу плануецца правесці на плошчы 30065 гектараў, у тым ліку яравых збожжавых і збожжабабовых культур без кукурузы на зерне 11400 гектараў, бульбы – 600 гектараў, цукровых буракоў 3300 гектараў, ільну – 350 гектараў, кукурузы на корм – 6820 гектараў, гародніны – 140 гектараў, аднагадовых траў – 2422 гектары. Належыць падсеяць шматгадовыя травы на плошчы каля 3333 гектараў, правесці перазалужэнне палепшаных лугапашавых угоддзяў на плошчы 1700 гектараў.

Сфарміраваны асноўныя фонды насення яравых збожжавых і збожжабабовых культур у колькасці 4854,6 тоны насення, што складае 100% ад задання. У даны момант усё насенне яравых збожжавых і збожжабабовых культур ачышчана і адпавядае патрабаванням стандарту. Для правядзення планавага сортаабмену і сортаабнаўлення плануецца закупіць 308 тон элітнага насення яравых збожжавых і збожжабабовых культур. На 2 сакавіка насення кукурузы ў сельгасарганізацыях раёна налічваецца  18,7 тоны, плануецца яшчэ закупіць насення гібрыдаў кукурузы 105,5 тоны. У спецыялізаваных сельскагаспадарчых арганізацыях раёна насення бульбы засыпана 85% ад патрэбнасці, заключаны дагавор на 300 тон айчыннай селекцыі, СФГ «Сула» заключыла дагавор на 160 тон імпартнай селекцыі, што дазволіць забяспечыць поўную патрэбнасць у насенні.

Не ўдзяляецца належная ўвага арганізацыі работ па ўнясенні арганічных угнаенняў у ААТ «Радзіма Дзяржынскага», «Рочавічы» ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Пры заданні 500 тысяч тон арганічных угнаенняў пад яравы сеў  на 05.03.2015 фактычна нарыхтавана 503,6 тысячы тон (100,7%), вывезена 500,4 тысячы тон, унесена 205,3 тысячы тон (41% ад вывезенага). Пад веснавую сяўбу неабходна назапасіць і ўнесці 15,6 тысячы тон дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў, з іх 7,2 тысячы тон  – азотных, 2,2 тысячы тон – фосфарных, 6,2 тысячы тон – калійных угнаенняў.

Трэба адзначыць, што пры правядзенні веснавых палявых работ будзе задзейнічана 316 адзінак трактароў, з іх 39 адзінак – энерганасычаныя, у спраўным стане – 242 адзінкі трактароў (85%). На даны момант па тэхнічных прычынах прастойваюць 15 энерганасычаных трактароў, пяць знаходзяцца на рамонце. На ворыве будзе задзейнічана 52 адзінкі абаротных плугоў. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена апрацоўцы глебы па мінімальнай тэхналогіі. Для гэтага ў гаспадарках ёсць 18 дыскатараў, з якіх адрамантавана 11. Для правядзення веснавой пасяўной кампаніі 2015 года сельскагаспадарчым арганізацыям раёна неабходна 335 мільярдаў рублёў, недахоп сродкаў складае 80,8 млрд руб. Гэта і на закупку запчастак, аплату рамонту і т. п.

Заслухаўшы і абмеркаваўшы інфармацыю Дзяніса Сяргеевіча Колесеня, раённы выканаўчы камітэт рашыў, што да 25 сакавіка 2015 года неабходна набыць недастатковую колькасць насення збожжабабовых і гароднінных культур вышэйшых рэпрадукцый і адрамантаваць усю тэхніку, а да 15 красавіка 2015 года набыць мінеральныя ўгнаенні ў поўным аб’ёме. Таксама ўсе энерганасычаныя трактары павінны быць укамплектаваны двума механізатарамі. Да 25 сакавіка 2015 года неабходна правесці вучобу па рэгуліроўках і эксплуатацыі агрэгатаў. УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» абавязана праводзіць пастаяннае медыцынскае абследаванне механізатараў (не менш двух разоў у змену) і кантраляваць забяспечанасць аўтатранспарту медыцынскімі аптэчкамі.

Кантроль за выкананнем данага рашэння ўскладзены на ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

Падрыхтавала Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *