Каб свяціўся аграгарадок

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

19

Паводле вынікаў агляду-конкурсу, праведзенага Стаўбцоўскімі электрасеткамі, вылучыўся вытворчы ўчастак Стаўцоўскага раёна электрасетак «Дзераўная» пад кіраўніцтвам старшага майстра Анатоля Раманоўскага. Гэты ўчастак заняў першае месца ў арганізацыі абслугоўвання і рамонту трансфарматарных падстанцый і высакавольтных ліній 0,4 кВ сярод калег з пяці раёнаў.

Нядаўна стала вядома, што фотаздымак аднаго з работнікаў участка – электраманцёра Міхаіла Гарохавіка – па выніках работы за мінулы год занесены на раённую Дошку гонару. Такіх вопытных спецыялістаў, як Міхаіл Гарохавік, на ўчастку двое: ён і яго калега, вадзіцель-электраманцёр Франц Шуцько. Энергетыцы кожны з іх прысвяціў ужо больш за трыццаць гадоў жыцця. Значны працоўны стаж і ў электраманцёра і брыгадзіра Аляксея Калошыча, у вадзіцеля-электраманцёра Станіслава Емельяновіча, якія атрымалі адпаведную падрыхтоўку і ўключаны ў састаў аператыўна-выязной брыгады. А ў цэлым, усе названыя людзі – не проста прафесіяналы, а касцяк, аснова вытворчага ўчастка. У іх ёсць чаму вучыцца маладзейшым – Міхаілу Чэмку, Андрэю Чарняўскаму, Дзмітрыю Ключніку, Ігару Калошычу. У свой час некаторых з гэтых маладых людзей, якія паспрабавалі сябе ў іншай сферы, прадпрыемства за свой кошт навучыла прафесіі электраманцёра.     

12 гадоў таму прыйшоў на ўчастак Анатоль Раманоўскі. Хоць і быў у яго вопыт работы галоўным энергетыкам у гаспадарцы, у РЭСе спачатку працаваў памочнікам старшага майстра.  На той час гэта быў вядомы ў навакольных мясцінах Мікалай Скорбеж – заснавальнік дзераўнянскага ўчастка. Ён і сёння, пасля выхаду на пенсію, застаецца побач з калегамі – яго кватэра месціцца на другім паверсе адміністрацыйнага будынка ўчастка. На гэтым пасту яго і змяніў Анатоль Раманоўскі. Тры гады таму ў калектыў участка ўліўся пасля заканчэння БАТУ Дзмітрый Бычкевіч, спецыяліст родам з мясцовых. Сёння ён ужо – майстар. Пры неабходнасці Дзмітрый Бычкевіч або Анатоль Раманоўскі даюць замену падчас водпуску свайму калегу-майстру з суседняга, рубяжэвіцкага, участка. 

– Усе пытанні па энергазабеспячэнні спажыўцоў вырашаем аператыўна, – адзначае кіраўніцтва вытворчага ўчастка «Дзераўная». – Складаней, калі разгуляецца стыхія, тады і ў нас рэзка павялічваецца аб’ём работы.

Тутэйшыя энергетыкі абслугоўваюць, акрамя аграгарадка Дзераўная, населеныя пункты чатырох сельсаветаў – Дзераўнянскага, Літвенскага, Налібацкага і, часткова, Шашкоўскага. Іх самыя аддаленыя аб’екты знаходзяцца за 50-55 км. 

– Гаспадарка ў нас немалая, – знаёміць з участкам старшы майстар Анатоль Раманоўскі. – Гэта больш за 220 км ліній 10 кВ і 150 км ліній 0,4 кВ, 29 закрытых і 103 комплексныя трансфарматарныя падстанцыі, 7 км кабельных ліній 10 кВ і 23 км кабельных ліній 0,4 кВ…  Ёсць аб’ёмныя планы па рэканструкцыі сетак электразабеспячэння аграгарадка Дзераўная. Невялікая частка іх ужо рэалізавана ў сувязі з уводам у строй дзесяці «прэзідэнцкіх» жылых дамоў сядзібнага тыпу (у выглядзе новай падстанцыі, 1,2 км высакавольтнай лініі з ізаляваным провадам, каля двух кіламетраў кабельных ліній 10 кВ).

Зразумела, калі з’явіцца фінансаванне, рэалізацыя праекта будзе працягнута. Упор зроблены на новыя тэхналогіі электразабеспячэння і тэлемеханізацыі, якія гарантуюць надзейнасць і даўгавечнасць эксплуатацыі аб’ектаў.  У свой час менавіта участак «Дзераўная» быў першапраходцам ва ўкараненні ў энергетыку Стаўбцоўшчыны сучасных тэхналогій. Аб’ектам для іх укаранення стала, ды і працягвае быць, вёска Мешычы. Сёння, да прыкладу,  вядзецца рэканструкцыя дзвюх ліній ад падстанцыі Мешычы 35 кВ. Згодна з праектам, лініі, большая частка якіх пралягае па лясных масівах і, адпаведна, найбольш падвержана пашкоджанню ў выніку прыродных стыхій, пераводзяцца на новы стандарт – на паветраныя лініі з ізаляваным провадам. Уздоўж іх будуецца пяць мачтавых падстанцый. Са здачай іх у эксплуатацыю (завяршэнне работ намечана на май 2015 года) надзейнасць электразабеспячэння Мешычаў і іншых вёсак павялічыцца ў разы.              

У рабоце энергетыкаў не бывае дробязяў, таму з боку кіраўніцтва РЭС і Стаўбцоўскіх электрасетак наладжаны шматступенны і штодзённы кантроль за аховай працы. Двойчы на месяц – вучоба электраманцёраў. Перад пачаткам летняй рамонтнай кампаніі – атэстацыя брыгад. На працягу года – конкурс прафесійнага майстэрства, удзел у якім бярэ і брыгада ўчастка «Дзераўная».

– У аглядзе-конкурсе РЭСа на лепшае правядзенне рамонтнай кампаніі мы два гады запар займаем першае месца. За 2014 год першае месца ў нас і ў аглядзе-конкурсе на лепшыя комплексную трансфарматарную падстанцыю і паветраныя лініі 0,4 кВ, – не без гонару за свой калектыў зазначае Анатоль Раманоўскі.

Сваю ацэнку выказаў ад імя кіраўніцтва РЭС і старшы майстар Вадзім Шчэкала, які непасрэдна курыруе работу вытворчых участкаў:

– Вытворчы ўчастак «Дзераўная» ўвесь час у ліку перадавых падраздзяленняў. Тут склаўся стабільны калектыў, які граматна і адказна падыходзіць да сваіх абавязкаў. Несумненна, што спрыяе гэтаму і месцазнаходжанне ўчастка. Дзераўная – развіты асяродак культурнага і спартыўнага жыцця, ён  прыцягвае да сябе добрыя кадры.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: вышка на базе трактара, на якой працуюць Станіслаў Емельяновіч і Дзмітрый Ключнік, не прастойвае ні дня; старшы майстар Анатоль Раманоўскі (злева направа) удакладняе заданне Міхаілу Чэмку і брыгадзіру Аляксею Калошычу.

Фота аўтара 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *