Ад зямлі – багацце

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

І НА ДЗЕНЬ СПАЗНЯЦЦА НЕЛЬГА

Вясна сёлета, як ніколі рана, вывела на палеткі земляробаў ААТ «Каганец». Увачавідкі падсыхае глеба, прыспешваючы аператыўна, у сціслыя тэрміны правесці падкормку азімых.

Галоўны аграном таварыства Дзмітрый Вашкевіч паставіў задачу маладому механізатару Ігару Логінаву (на першым здымку) агрэгатам «Раса» падсілкаваць мінеральнымі ўгнаеннямі 1000-гектарную плошчу азімых не больш чым за сем дзён.

У таварыстве стараюцца выкарыстоўваць на веснавых работах усю наяўную тэхніку. Нават сёння ўжо «рарытэтны» К-701″ не стаіць без справы, а задзейнічаны на закрыцці вільгаці. Кіруе ім Мікалай Тарасевіч, які ўсё сваё жыццё працаваў на гэтай надзейнай тэхніцы (на другім здымку злева).

Маладому механізатару Аляксею Салаўю (на трэцім здымку справа) даверана працаваць на механічным запраўшчыку ўгнаенняў.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

АЖЫВАЮЦЬ ПАЛЕТКІ

Напрыканцы мінулага тыдня сельгаспрадпрыемствы раёна  прыступілі да падкормкі азімых азотнымі ўгнаеннямі.

– Ранняя і цёплая вясна дазваляе весці палявыя работы, і ў прыватнасці, падкормку азімых культур, – расказвае начальнік аддзела раслінаводства райсельгасхарча Барыс Барысевіч. – Аператыўна прыступілі да гэтай тэхналагічнай аперацыі працаўнікі ААТ «Каганец», якія першымі пачалі падсяваць і шматгадовыя травы. Неабходна хутчэй уносіць, пакуль вільготная  глеба, і фосфарныя ўгнаенні, каб  атрымаць поўную аддачу ад тукаў менавіта сёлета.

Згодна з праведзеным абследаваннем палеткаў, азімыя збожжавыя перазімавалі добра, а вось азімы рапс перанёс зіму не ва ўсіх гаспадарках. Загінула звыш 500 гектараў пасеваў. Найбольш у ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», ААТ «Шашкі» і ААТ АБФ «ПМК-74 – Налібакі». А таксама на асобных участках у ААТ «Каганец», «Вішнявецкі-агра», «Радзіма Дзяржынскага» і «Рочавічы». І гэта пацвярджэнне таму, што пры вырошчванні данай культуры неабходна строга прытрымлівацца тэхналогіі. Своечасова рыхтаваць глебу, некалькі разоў прыкатваць яе і сеяць у пазначаныя тэрміны. Варта тут прывесці ў прыклад ААТ «Вялікі Двор», дзе дасканала выконваюцца ўсе правілы, а за  апошнія чатыры гады не прапала ніводнага гектара азімага рапсу.

– Нельга не адзначыць і той факт, што з чатырнаццаці рапсасеючых сельгаставарыстваў пяць не застрахавалі пасевы на выпадак іх гібелі, – дадае Барыс Барысавіч. – У той час як гэтая культура падлягае абавязковаму страхаванню, а прадстаўніцтва дзяржстраха кампенсуе гаспадаркам затрачаныя сродкі для  перасейвання  пашкоджаных участкаў. На гэта звярнуў увагу і губернатар вобласці: дадзена распараджэнне стварыць камісію, паводле вынікаў якой  кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак, дзе пасевы не былі застрахаваны і загінулі, панясуць за гэта персанальную адказнасць.

 

НАСЕННЕМ ЗБОЖЖАВЫХ ЗАБЯСПЕЧАНЫ

Пад яравую сяўбу ў гаспадарках раёна засыпана 4854,6 тоны насення, у т. л. 646,5 тоны зернебабовых. Гэтага цалкам дастаткова, каб засеяць адведзеныя пад яравыя культуры плошчы.

– Усё насенне кандыцыйнае, – расказвае начальнік раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Таццяна Шапецька. – Сёлета пастаўлена задача пасеяць збожжавыя не ніжэй  першай рэпрадукцыі, і агранамічным службам гаспадарак па сіле яе выканаць.

У наяўнасці 1055 тон суперэліты і эліты ячменю, 98 – пшаніцы і 189 – аўсу.  Сярод сартоў пераважаюць піваварны ячмень «стратус»,  авёс «юбіляр» і пшаніца «рассвет». Насенне першых двух рэалізуе элітгас «Агранёманскі», дзе пасля зімовага перапынку пачала працаваць сучасная ўніверсальная лінія па ачыстцы  насення.

Насенне льну паступіць у гаспадаркі з Нясвіжскай ільнонасенстанцыі напрыканцы сакавіка. Гарадзейскі цукровы завод забяспечыць буракасеючыя таварыствы насеннем замежных сартоў, якое паставяць дзесяць фірмаў. Будуць высявацца і тры сарты беларускай селекцыі.

 – А вось насення бульбы недастаткова, таму  гаспадаркі будуць яго закупляць, – працягвае гаворку Таццяна Аляксандраўна. – Набудуць эліту  сельгаставарыствы, якія адводзяць пад вырошчванне бульбы  немалыя плошчы:  «Рубяжэвічы», «Вішнявецкі-агра» і «Радзіма Дзяржынскага». Найбольшую колькасць насення, менавіта германскіх сартоў, паставіць СФГ «Сула».

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *